«Чакаў сустрэчы, сумаваў». У Расіі вайсковец, што прыехаў з вайны ў адпачынак, зарэзаў 14-гадовую дачку, параніў жонку і сына, а потым забіў сябе
20 снежня 2024 у 1734683700
Серафіма Птушкіна / «Зеркало»
У расійскім Растове вайсковец, што прыехаў у адпачынак з вайны ва Украіне, зарэзаў сваю 14-гадовую дачку, нанёс нажавыя раненні жонцы і 10-гадоваму сыну, а потым забіў сябе. Пра гэта паведамляе 161.ru.
Паведамляецца, што мужчына прыехаў у Растоў на пабыўку з зоны баявых дзеянняў на тыдзень. Туды ж прыехала яго сям'я.
- Ён прыехаў пасля СВА ў тыднёвы адпачынак. Дарога ў Якуцію заняла б больш часу, і ён бы не паспеў пабачыць сям'ю. Паводле папярэдніх паказанняў жонкі, якая таксама пацярпела і цяпер у бальніцы, муж чакаў гэтай сустрэчы, бо вельмі сумаваў па блізкіх, - расказала 161.ru крыніца ў сілавых структурах.
Сустрэўшыся, вырашылі адсвяткаваць, накрылі на арандаванай кватэры стол. Трагедыя адбылася каля трох ночы. Паводле папярэдніх паказанняў жонкі загінулага, мужу пасля ранення нельга было ўжываць алкаголь. Перабраўшы спіртнога, бацька сямейства напаў на сваю 14-гадовую дачку падчас сваркі і нанёс ёй каля шасці нажавых раненняў. Дзяўчынка памерла адразу.
- Папярэдне ўстаноўлена, што ён наносіў раненні іншым гэтак жа бязладна, магчыма, у стане афекту. У 10-гадовага хлопчыка зафіксаваныя нязначныя парэзы і колатыя раны на нагах. Крыху больш пацярпела жонка. Абое цяпер у бальніцы, - расказаў суразмоўца выдання.
Параненая жанчына паспела пастукацца да суседзяў і папрасіць дапамогі. Тыя выклікалі хуткую і паліцыю. Паліцыянты, якія прыбылі на месца, знайшлі цела вайскоўца пад балконам шматпавярховіка - ён забіў сябе.
За 2,5 года як мінімум 242 чалавекі загінулі і яшчэ 227 атрымалі цяжкія калецтвы ў выніку злачынстваў, якія здзейснілі ўдзельнікі вайны ва Украіне, што вярнуліся ў Расію, пісала ў верасні «Вёрстка». Ахвярамі гэтых злачынстваў сталі жыхары 80 рэгіёнаў РФ і непрызнанай Паўднёвай Асеціі.