«Маё сэрца разбітае». Спявачка Мэрая Кэры страціла маці і сястру ў адзін дзень
27 жнiўня 2024 у 1724779140
RTVi
Пяціразовая ўладальніца прэміі «Грэмі» спявачка Мэрая Кэры страціла на мінулых выходных маці і сястру. Абедзве трагедыі здарыліся ў адзін дзень, піша RTVI.US.
«Маё сэрца разбітае, у мінулыя выходныя я страціла маці. На жаль, у выніку трагічнага збегу абставінаў мая сястра таксама пайшла з жыцця ў той самы дзень», - расказала Кэры выданню People.
На гэты момант прычыны смерці маці і сястры артысткі - 87-гадовай Патрыцыі і 63-гадовай Элісан - не раскрываюцца. Паводле сябра апошняй, у канцы жыцця яна атрымлівала догляд у хоспісе, паведамляе BBC.
Патрыцыя Кэры была выпускніцай Джульярдскай школы (адной з найбуйнейшых амерыканскіх вышэйшых навучальных установаў у галіне мастацтва і музыкі), опернай спявачкай і вакальным педагогам. Яна выйшла замуж за Альфрэда Роя Кэры, і ў іх было трое дзяцей: Элісан, Мэрая і Морган. Аднак, калі Мэраі было ўсяго тры гады, бацькі развяліся. Бацька спявачкі памёр у 2002 годзе ва ўзросце 72 гадоў.
Адносіны паміж зоркай і маці заўсёды былі складанымі, як пісала сама спявачка ў аўтабіяграфіі The Meaning of Mariah Carey. Яна ўспамінае маці як крыніцу адначасова гонару і болю, захаплення і расчаравання. У тым ліку ёй спявачка прысвяціла сваю кнігу.
«І Пат, маёй маці, якая, нягледзячы на ўсё, я веру, сапраўды зрабіла ўсё, што магла, - пісала спявачка. - Я буду любіць цябе так моцна, як толькі змагу, заўсёды».
У 2010 годзе спявачка выступіла з маці на калядным шоу на тэлеканале ABC.
Адносіны Мэраі з сястрой Элісан таксама былі далёкія ад ідэалу. У сваіх мемуарах спявачка прызнавалася, што на той момант яна вырашыла разарваць сувязь і з ёй, і з братам Морганам.
Пасля выхаду гэтай кнігі Элісан падала ў суд на Кэры і запатрабавала выплаціць ёй 1,2 млн даляраў за «неймаверныя эмацыйныя пакуты»; успаміны сястра назвала «спробай адпомсціць».