Лукашэнка прапанаваў варыянт падняць заробкі чыноўнікам у рэгіёнах: скараціць штат, звольненых — у калгасы
12 снежня 2022 у 1670847000
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка падчас разгляду кадравых пытанняў 12 снежня закрануў пытанне заробкаў работнікаў выканкамаў у рэгіёнах. Адзін са спосабаў іх павышэння ён бачыць у аптымізацыі колькасці адпаведных структур пры захаванні наяўнага фонду заработнай платы, паведамляе яго прэс-служба.
«Што датычыць заработнай платы, я думаю, вы выдатна ведаеце мае ўстаноўкі», - сказаў Лукашэнка. Ён нагадаў, што ўжо раней быў выпрацаваны варыянт, пры якім магчымае павышэнне заробкаў пры скарачэнні кіраўнічага апарата. Дапусцім, калі скараціць колькасць работнікаў райвыканкама з 70 да 40 чалавек, то вызвалены зарплатны фонд усё роўна застанецца ў распараджэнні кіраўніка раёна.
«А нам можна ў цяперашняй сітуацыі, павысіўшы дысцыпліну выканальніцкую і тэхналагічную, палову мець у райвыканкаме. Я справіўся б з 45-ю. А ўвесь астатні фонд падзяліце так, як вы лічыце патрэбным, сярод тых, хто застаўся. І нешта потым - будзе эканоміка развівацца - з бюджэту дадамо», - заявіў Лукашэнка.
Ён заклікаў паглядзець, колькі рэальна трэба чалавек у тым ці іншым райвыканкаме або гарвыканкаме: «Не трымайце лішнюю колькасць. Фонд зарплаты ў вас як быў на той час, калі я прымаў рашэнне, ён так і застанецца. Ніхто гэтыя грошы не забярэ і не скрадзе. Гэта я вам гарантую. Таму рэалізуйце вось гэтыя рэчы. На два чалавекі скараціцеся - пакідайце фонд зарплаты ў сябе».
Вызваленыя кадры Лукашэнка прапанаваў накіроўваць на іншыя адказныя ўчасткі працы, напрыклад, у сельскую гаспадарку: «Слухайце, у мае часы пайсці з райкама партыі і з райвыканкама дырэктарам саўгаса або старшынёй калгаса неймаверны быў гонар. У чарзе стаялі, - сказаў ён. - Ну, калі яны надзейныя, моцныя ў вас (кадры. - Заўв. рэд.) у райвыканкаме, ну, ідзіце папрацуйце».