«Як гэты анёл на фота мог столькі нарабіць?» Фігуранты самай масавай завочнай справы адрэагавалі на паведамленне СК
25 студзеня 2024 у 1706196360
«Зеркало»
Следчы камітэт распачаў самую маштабную ў сваёй практыцы спецыяльную вытворчасць. Абвінавачанні па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса выстаўленыя адразу 20 грамадзянам. Гэта вядомыя журналісты, палітыкі і даследчыкі. Пагаварылі з некаторымі з іх і даведаліся, што аб'ядноўвае ўсіх фігурантаў спіса, якіх СК назваў «аналітыкамі Ціханоўскай».
Следчы камітэт заяўляе, што «20 так званых аналітыкаў Ціханоўскай» далучыліся да змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь неканстытуцыйным шляхам, увайшлі ў экстрэмісцкія фарміраванні, створаныя для забяспечання эфектыўнасці злачыннай дзейнасці".
Сярод тых, каму прапануюць з'явіцца ў якасці «абвінавачаных» у Следчы камітэт у Мінску, - аналітык Рыгор Астапеня, сацыёлаг Філіп Біканаў, дарадцы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і Дзяніс Кучынскі, аглядальнік Юрый Дракахруст, аналітык Андрэй Казакевіч, прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна, а таксама Яўген Крыжаноўскі, Вераніка Лапуцька, Алесь Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык і Кацярына Шмаціна.
Дзяніс Кучынскі, дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай
- Ранкам адкрыў працоўны чат і убачыў там сваё пашпартнае фота і подпісы калег: «Не разумею, як гэты анёл на фота мог столькі нарабіць?»
Калі сур'ёзна, то гэта, вядома, абсалютна недапушчальна, што экспертаў пераследуюць за прафесійную дзейнасць. Асабліва цынічна гучыць артыкул пра «дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Бо акурат гэта і робяць цяпер Лукашэнка і ягоны рэжым пасля прайграных у 2020 годзе выбараў.
Андрэй Казакевіч, інстытут «Палітычная сфера»
- Я думаю, гэта стандартная працэдура, якая прымяняецца цяпер у дачыненні шырокага кола асоб, што так ці інакш каментуюць і аналізуюць палітычныя падзеі. З 2020 года каментаванне палітыкі і нават проста палітычныя даследаванні - гэта група рызыкі.
Склад спіса вельмі разнастайны. Гэтыя людзі асабліва нічым не аб'яднаныя - ні палітычнымі поглядамі, ні стаўленнем да такіх рэчаў, як санкцыі, ні падтрымкай пэўных палітычных сіл. Больш за тое, там ёсць людзі, якія відавочна не з'яўляюцца аналітыкамі і даследчыкамі, але цалкам адкрыта выступаюць як палітыкі.
Тут можа быць два тлумачэнні. Альбо гэта выпадковы набор людзей, складзены на падставе слабага ўяўлення пра працу экспертнай супольнасці, альбо за аснову ўзяты фармальны прынцып: удзел у нейкай канферэнцыі, серыі дыскусій ці анлайн-супольнасці (кшталту тг-чата). Прычым няважна, што чалавек казаў і за што выступаў, а можа, проста назіраў.
Улічваючы тое, што ў спісе ёсць людзі, вельмі даўно не актыўныя ў публічным полі, яго складанне адносіцца да пачатку палітычнага крызісу ў 2020 годзе. Тады такіх дыскусій, чатаў і семінараў былі сотні, калі не тысячы. Частку з іх сілавікі адпрацоўваюць дагэтуль.
Павел Усаў, палітолаг, рух «Вольная Беларусь»
- Нічога дзіўнага ў гэтым спісе няма. Кампанія вельмі прыстойная - людзі добрыя і сумленныя. Чаму ўзнік менавіта такі спіс? Я ўпэўнены, што гэта вынік маёй дзейнасці ў перыяд палітычнага крызісу 2020 года, калі я ўваходзіў у закрытую аналітычную групу, створаную ў жніўні таго года пры штабе Святланы Ціханоўскай.
Ініцыятарамі яе стварэння былі Франак Вячорка і Аляксандр Дабравольскі. Спачатку гэтая група складалася з некалькіх вядомых асоб. Гэтая каманда, у тым ліку і я, прапанавала пэўныя кірункі дзеянняў для штаба Ціханоўскай у перыяд уздыму і сур'ёзнага палітычнага крызісу. Між іншым, я прапанаваў, каб Ціханоўская правяла інаўгурацыю, фармальна ўвайшла на пасаду прэзідэнта, стварыла ўрад у выгнанні і аднавіла дзеянне Канстытуцыі 1994 года.
Я знаходзіўся ў гэтай групе прыкладна да кастрычніка 2020 года. Ужо ў той момант у яе склад уваходзіла шмат даволі розных людзей, і група ператварылася ў клуб абмену думкамі, а не ў цэнтр планавання сур'ёзных палітычных аперацый.
Мне стала ясна, што нічога сэнсоўнага з такой дзейнасці не будзе, і я сышоў. Апошняй кропляй было валюнтарысцкае абвяшчэнне ўльтыматуму ад імені Ціханоўскай насуперак парадам. Гэта скончылася тым, чым скончылася.
Кацярына Шмаціна, палітолаг, даследчыца Вірджынскага політэхнічнага ўніверсітэта
- Я супрацоўнічала ў камандай Святланы Ціханоўскай і кансультавала яе яшчэ ў 2020 годзе. Спісы людзей, якія супрацоўнічалі з штабам да таго, як ён пераехаў у Вільнюс, публікаваліся і раней у прапагандысцкіх каналах.
Я і мае калегі-палітолагі ведалі, што Следчы камітэт яшчэ 2−3 гады таму збіраў на нас інфармацыю і звесткі ў Беларусі. Я здзіўленая, што яны толькі сёння вырашылі распачаць гэтую справу.
Таксама я ведаю, што калі год таму праходзіў працэс над палітолагамі Валерыяй Касцюговай і Таццянай Кузінай, пракурор называў нашыя імёны яшчэ тады. Таму дзіўна, што чарга да нас дайшла толькі цяпер.
Ганна Красуліна, прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай
- Стараюцца, яны вельмі стараюцца. Днямі прайшлі масавыя рэйды і ператрусы ў прынамсі 143 чалавек, было шмат затрыманняў. Паказальна, што яны хочуць стварыць уражанне - выскокваюць са штаноў і хочуць, каб гэта выглядала як сведчанне іх сілы. Але гэта выглядае так, што, акрамя магчымасці запалохвання, у іх больш нічога няма.
Яны не прытрымліваюцца нейкай логікі. У гэтым спісе яны сабралі людзей з розных галінаў. Ім здаецца, што ўсе яны маюць дачыненне да аналітыкі: усіх згрузілі ў адно месца, дадалі тых, супраць каго ім трэба яшчэ запусціць спецвытворчасць, і тых, хто ім асабліва перашкаджае. Думаю, яны спрабуюць як мага шырэй ахапіць людзей з розных слаёў, каб атрымаць як мага большы эфект. Каб мы з вамі гэта абмяркоўвалі.
Аляксандр Дабравольскі, дарадца Святланы Ціханоўскай
- Я разумею логіку тых чыноўнікаў, якія цяпер кіруюцца прыватнымі інтарэсамі Лукашэнкі, а не дзяржаўнымі. Яны дзейнічаюць супраць беларускай дзяржавы, раз пераследуць грамадзян краіны за крытыку і праўду. У спісе, якія апублікаваў Следчы камітэт, знаходзяцца людзі, якія так ці інакш крытыкавалі Лукашэнку і даказвалі, што ён прайграў выбары. З большасцю я знаёмы, але не з усімі.
У Офісе Святланы Ціханоўскай гэтую навіну абмяркоўваюць. Але ў ёй няма нічога нечаканага. Ціханоўская - пад крымінальнымі справамі, яе муж - у турме. Пераслед яе дарадцаў нікога не дзівіць.
Ганна Любакова, журналістка, экспертка Atlantic Council
- Пра спецыяльную вытворчасць супраць мяне Следчы камітэт абвясціў у мой дзень нараджэння. Не ведаю, ці падабаецца мне гэты падарунак. Я б яго з задавальненнем вярнула назад. Але відавочна, што СК робіць усё, каб людзі не забывалі, калі ў мяне дзень нараджэння.
Пра справу пра спробу захопы ўлады я ведала яшчэ ў 2021 годзе. Тое, што спецвытворчасць пачалі толькі цяпер, сведчыць пра ўзровень рэпрэсій - ім трэба вельмі шмат часу, каб усё аформіць.
Калі гаварыць пра кампанію, у якой я аказалася, то не думаю, што паміж намі ёсць нейкая сувязь. Спіс складзены з вядомых аналітыкаў, і СК займаецца нейкай тэорыяй змовы. Гэтыя людзі гадамі працуюць на карысць Беларусі, робяць аналітыку сусветнага ўзроўню і з'яўляюцца выдатнымі прафесіяналамі сваёй справы.
Я ўжо некалькі гадоў працую ў амерыканскім аналітычным цэнтры Atlantic Council і часта выступаю ў медыя і на канферэнцыях. Відаць, гэта не падабаецца рэжыму. Бо я расказваю пра Беларусь і спрабую раіць замежнікам, што трэба зрабіць, каб дапамагчы нашай краіне.