У Турцыі пад заваламі знайшлі цела беларускі Аляксандры Акпінар і яе сына
11 лютага 2023 у 1676106420
«Зеркало»
Беларуска Аляксандра Акпінар і яе сын, што зніклі пасля землятрусу ў Турцыі, загінулі. Пра гэта паведаміла ў сацсетках яе сястра Марыя.
«Сёння маю сястру і пляменніка знайшлі мёртвымі», - напісала яна.
Апошні раз Аляксандра Акпінар выходзіла на сувязь увечары 5 лютага. Яна жыла з мужам і сынам у горадзе Хатай - адным з самых пацярпелых ад магутнага землятрусу раёнаў.
8 лютага стала вядома, што муж Аляксандры памёр у бальніцы. Беларуска і яе сын лічыліся зніклымі без вестак.
Нагадаем, землятрус магнітудай 7,7 з эпіцэнтрам на глыбіні 7 км адбыўся ў 4.17 раніцы 6 лютага ў правінцыі Кахраманмараш на поўдні Турцыі. Наступствы закранулі мноства рэгіёнаў Турцыі і суседняй Сірыі. Штуршкі доўжыліся ўвесь дзень. Паводле апошніх звестак, загінула больш за 33 тысячы чалавек.