ДПК: пасля закрыцця «Баброўнікаў» выраслі чэргі на іншых пунктах пропуску
13 лютага 2023 у 1676285160
«Зеркало»
Пасля закрыцця польскім бокам пункта пропуску «Баброўнікі» вырасла нагрузка на іншых участках мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза. Пра гэта паведаміла 13 лютага прэс-служба Дзяржпамежкамітэта.
За выходныя колькасць легкавых аўто, якія едуць у ЕС, вырасла на 16%. Затрымкі ў афармленні фіксаваліся перад пунктамі пропуску Тэрэспаль (Брэст) і Райгардас (Прывалка). Паводле звестак ДПК, польскі бок прапусціў на сваю тэрыторыю 32% і 61% аўто ад нормы.
Колькасць фураў, якія чакаюць уезду ў ЕС, павялічылася на 20%. Грузавы транспарт фіксуецца перад пунктамі пропуску Кукурыкі (Казловічы), Райгардас (Прывалка) і Мядзінінкай (Каменны Лог). У сярэднім па гэтых маршрутах прайшло 44% фураў ад нормы.
Паводле звестак сайта Дзяржпамежкамітэта на 12.00 13 лютага, у чарзе ў пункце пропуску «Брэст» на беларуска-польскай мяжы прастойвае больш за 270 легкавых аўтамабіляў. На літоўскім напрамку самая напружаная сітуацыя ў пункце пропуску «Беняконі». Там выезду з Беларусі чакаюць 80 аўто.
Нагадаем, па рашэнні польскага боку з 10 лютага з 12.00 (14.00 паводле мінскага часу) польскі пункт пропуску «Баброўнікі» афіцыйна прыпыніў афармленне транспартных сродкаў і асобаў, якія ідуць праз мяжу, на няпэўны час «у інтарэсах дзяржаўнай бяспекі».
Раней, у 2021 годзе, польскі бок з прычыны міграцыйнага крызісу закрыў пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы «Брузгі - Кузніца Беластоцкая». Яшчэ раней, у 2020 годзе, з ініцыятывы польскага боку праз COVID-19 былі закрытыя пункты пропуску «Славатычэ - Дамачава» і «Полаўцы - Пясчатка».
Такім чынам, на беларуска-польскай мяжы застаецца толькі два дзейныя пункты пропуску - для грузавога транспарту ў Польшчу застаецца адзіны пункт пропуску «Кукурыкі» (з беларускага боку - «Казловічы»), а для легкавога - пункт пропуску «Тэрэспаль» (з беларускага боку - «Брэст»).