Літва спыняе ўзаемадзеянне з Беларуссю па забяспечанні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу. У ДПК растлумачылі, што гэта значыць
апублікавана: 16 лютага 2023 в 08.08
абноўлена: 16 лютага 2023 в 10.37
«Зеркало»
Літва спыняе ўзаемадзеянне з Беларуссю па забяспечанні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу, паведаміла 16 лютага прэс-служба Дзяржпамежкамітэта Беларусі.
Паводле паведамлення літоўскага боку, Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры Міністэрстве ўнутраных справаў Літоўскай Рэспублікі ў аднабаковым парадку спыняе ўзаемадзеянне з мытнымі і памежнымі службамі Рэспублікі Беларусь па забяспечанні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу і павелічэнні прапускной здольнасці аўтадарожных пунктаў пропуску.
Пра прычыны спынення ўзаемадзеяння ў паведамленні не гаворыцца.
Супрацоўніцтва ажыццяўлялася на падставе дакумента, падпісанага бакамі 4 лістапада 2019 года.
Каментуючы БЕЛТА інфармацыю пра спыненне Літвой узаемадзеяння з Беларуссю па забяспечанні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу, афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі назваў гэта недружалюбным і неканструктыўным крокам з боку Літвы.
«Гэта недружалюбны, неканструктыўны крок з боку Літвы, які можа негатыўна адбіцца на сітуацыі з рытмічнасцю перасячэння мяжы асобамі і транспартнымі сродкамі. Па сутнасці, ён скіраваны на тое, каб не мець абавязанняў перад беларускім бокам што да бесперабойнасці і рытмічнай працы пунктаў пропуску», - заявіў Антон Бычкоўскі.
Афіцыйны прадстаўнік ДПК падкрэсліў, што такім чынам з ініцыятывы Літвы спыняецца супрацоўніцтва паміж памежнымі ведамствамі па недапушчэнні ўтварэння чэргаў на мяжы.
Нагадаем, нядаўна літоўскі бок закрыў чыгуначны пункт пропуску «Стасілас». Цяпер грузавыя цягнікі будуць перасякаць мяжу толькі на пункце «Кяна».