Палітзняволенага актывіста Змітра Дашкевіча не выпусцілі на волю, хоць ён адбыў увесь тэрмін. Яго затрымалі зноў
11 лiпеня 2023 у 1689071340
«Зеркало»
Палітык і актывіст Зміцер Дашкевіч 11 ліпеня мусіў выйсці на волю з ПК-14 у Навасадах пад Барысавам. Ён адбыў увесь свой тэрмін зняволення. Аднак замест вызвалення яго арыштавалі па артыкуле 411 КК, паведаміла ягоная жонка Наста Дашкевіч у сваім Facebook.
«Сёння мусіў быў выйсці Зміцер. Але ён "вызваліўся" з ПК-14 і арыштаваны па 411-й… Я не ведаю, што сказаць дзецям, якія з раніцы чакаюць тату дома. Я не ведаю…» - напісала Наста.
Артыкул 411 КК - гэта «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі».
Нагадаем, 14 ліпеня 2022 года актывіста Змітра Дашкевіча асудзілі на 1,5 года калоніі, яго жонку - на тры гады «хатняй хіміі». Іх абвінавачвалі па артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).