«Казаў пра Алексіевіч, што ён яе брат». Што вядома пра беларуса, які памёр у нямецкім лагеры для ўцекачоў
14 лiстапада 2023 у 1699970880
Радыё Свабода
Некалькі дзён таму ў нямецкім Цырндорфе (Баварыя) у лагеры для ўцекачоў памёр беларус Віктар Алексіевіч, пра гэта паведамілі праваабаронцы са спасылкай на яго былога суседа па пакоі. «Радыё Свабода» даведалася у відавочцы падрабязнасці здарэння.
Пра смерць 48-гадовага ўраджэнца Гомельскай вобласці Віктара Алексіевіча праваабаронцы даведаліся 10 лістапада, ён раптоўна памёр. Што стала прычынай - невядома.
«Ад нас яго забралі ў бальніцу»
«Радыё Свабода» пагутарыла з былым жыхаром Гродна Уладзімірам (імя змененае), які ў чаканні інтэрв'ю аб атрыманні статусу палітычнага ўцекача ў Германіі жыў у лагеры Цырндорф у адным пакоі з Віктарам Алексіевічам напярэдадні ягонай смерці. Паводле сведчанняў суразмоўцы, усё здарылася ў ноч на 7 лістапада.
- У ноч з панядзелка на аўторак, блізу 12.00, ён страціў прытомнасць і ахоўнікі выклікалі да яго «хуткую». Днём раней з ім быў якраз такі прыступ, але тады ахоўнікі нікога не выклікалі, а самі памералі яму ціск і адправілі спаць. А цяпер выклікалі «хуткую». Дактары прыехалі, прывялі яго ў прытомнасць і ад нас забралі ў бальніцу. А бліжэй да абеду ў аўторак ахоўнікі прыйшлі да нас у пакой № 302, забралі ягоныя рэчы і сказалі, што ён памёр у бальніцы. Ад чаго памёр, не сказалі - далі зразумець, што гэта не нашая справа, - расказаў Уладзімір.
Паводле слоў сведкі, памерлы Віктар адразу пасля з'яўлення ў лагеры меў праблемы са здароўем:
- Ён прыехаў і скардзіўся на прыступы. Двойчы непрытомнеў, у душы і ў нашым пакоі. Расказваў, што баіцца замаху на яго і што яму пагражалі. Ахова лагера думала, што ён пад наркотыкамі. Але Віктар кляўся, што нічога не прымаў. У яго абшукалі ўсе рэчы і нічога не знайшлі. Не падобны ён быў на наркамана - кантактаваў з намі адэкватна.
Сярод таго, што расказваў Віктар Алексіевіч, больш за ўсё Уладзіміру запомнілася ягонае сцверджанне, што нібыта ён зʼяўляецца сваяком пісьменніцы Святланы Алексіевіч. А таксама згадка пра тое, што ў лагеры Цырндорф памерлы апынуўся ўжо другі раз.
- Казаў пра Алексіевіч, што ён яе брат. Не ведаю, ці гэта праўда. Шмат хто ў пакоі не паверылі. Я паглядзеў у інтэрнэт - не пацвердзілася, што родны брат. Але ў душу да яго ніхто не лез, усе бачылі, у якім ён быў прыгнечаным стане, - паведаміў Уладзімір, дадаўшы, што словы Віктара пра Алексіевіч не выглядалі трызненнем.
«Радыё Свабода» даслала Святлане Алексіевіч запыт з просьбай пацвердзіць або зняпраўдзіць заявы памерлага ўцекача пра магчымае сваяцтва, але адказу пакуль не атрымала.
Уладзімір дадае, што Віктар сапраўды мог быць палітычным уцекачом, але пры гэтым зазначае, што дэталяў асабістай гісторыі пра пераслед з боку беларускіх уладаў ад суседа так і не пачуў.
- У яго праскоквалі фразы пра дыктатуру, рэпрэсіі, біццё людзей. Але агульныя, без падрабязнасцяў. Можа, ён да нас таксама прыглядаўся, не асабліва шчырым быў. Ведаю, што прыехаў ён сюды з Польшчы. Сказаў, што ледзь праехаў праз кардоны. Вось цяпер я прыгадваю, што ён яшчэ дадаў, што каля года таму ўжо быў у гэтым лагеры, - расказаў Уладзімір.
Праз гэта суразмоўца выдання мяркуе, што Віктар не першы раз спрабаваў атрымаць палітычны прытулак у Нямеччыне:
- Магчыма, ён ужо падаваў заяву на прытулак, але атрымаў адмову. Можа, яго адсюль вярнулі ў Польшчу як у першую краіну Еўрасаюза, у якую ён заехаў. І ён вырашыў зноў сюды прыехаць і яшчэ раз паспрабаваў. Тут такіх гісторый шмат.