«У нас баявая гатоўнасць». На мінскім вакзале людзі ў камуфляжы і з аўтаматамі правяраюць пасажыраў — даведаліся падрабязнасці
25 сакавiка 2024 у 1711379640
«Зеркало»
Пасля тэракту ў Расіі, у падмаскоўным «Крокус Сіці Холе», беларускіх сілавікоў дадаткова ўзброілі аўтаматамі, павялічылі шчыльнасць нарадаў міліцыі і ўзмацнілі іх байцамі АМАПа. А пасля адправілі на «аб'екты, якія патрабуюць павышанай увагі». Але спіса не агучылі. У панядзелак, 25 сакавіка, чытачка «Люстэрка» заўважыла людзей са зброяй і ў камуфляжы на чыгуначным вакзале ў Мінску. Паспрабавалі даведацца падрабязнасці.
Чытачка «Люстэрка» ўбачыла на вакзале ў Мінску людзей у камуфляжы з крапавымі берэтамі. Яна кажа, што на іх, а таксама на шараговых супрацоўніках міліцыі, якія дзяжураць на вакзале, былі бронекамізэлькі. Акрамя таго, сілавікі былі ўзброеныя аўтаматамі Калашнікава. Пры жанчыне яны спынілі некалькіх мінакоў з вялікімі торбамі, якія проста ішлі вакзалам.
З пытаннем пра тое, чаму ў будынку дзяжураць сілавікі з аўтаматамі і колькі гэта будзе працягвацца, нашая журналістка як звычайная грамадзянка патэлефанавала дзяжурнай памочніцы начальніка вакзала.
- Цяпер сваячка была на вакзале і расказала, што там ходзяць амапаўцы з аўтаматамі. Яна перапалохалася, пытае, у чым рэч. Скажыце, а што здарылася?
- У ноч на 22 [сакавіка] быў тэракт.
- Дык гэта ж у Расіі, у Маскве.
- Ну і што? У нас баявая гатоўнасць, павышаная ўвага. На ўсіх чыгуначных станцыях, вакзалах, гандлёвых цэнтрах. Як і ў Расіі.
Колькі гэта будзе доўжыцца і чаму сілавікі дзяжураць у Беларусі, калі ўсіх тэрарыстаў затрымалі, суразмоўніца расказаць не змагла. Яна параіла звярнуцца ў «нашую дзяжурную частку», відавочна, маючы на ўвазе Мінскі аддзел унутраных справаў на транспарце. Там на пытанне пра ўзброеных людзей адказалі практычна аднаскладова:
- Звычайныя спецслужбы, перажываць не варта.
- Скажыце, а колькі гэта будзе доўжыцца?
- Такой інфармацыі не можам даць.
- А там наогул бяспечна? Яны што, могуць пачаць страляць? А то ў мяне сваячка перапалохалася, не ведае, ці можна з дому выходзіць, раз такое…
- Усё нармальна, усё спакойна.
- Дык чаму тады ходзяць амапаўцы з аўтаматамі, калі ўсё ў парадку? І торбы правяраюць. Калі цябе спыніць чалавек са зброяй, не тое каб пасля гэтага будзеш адчуваць сябе спакойна.
- Такая праца з гэтай нагоды.
- Атрымліваецца, цяпер усё спакойна, але сілавікі проста са зброяй?
- Так.
Нагадаем, увечары 22 сакавіка невядомыя мужчыны, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў будынак буйнога канцэртна-выставачнага комплексу «Крокус Сіці Хол» у падмаскоўным Краснагорску (фактычна ўскраіна Масквы) перад пачаткам канцэрту гурта «Пікнік». Нападнікі пачалі страляць яшчэ ля ўвахода, потым вялі стральбу па наведніках унутры - як у фае, так і ў канцэртнай зале. Таксама яны ўчынілі падпалы - у комплексе пачаўся маштабны пажар, зала цалкам згарэла, у ёй абрынуўся дах.
Раніцай 23 сакавіка ў СК і ФСБ Расіі заявілі пра затрыманне ў Бранскай вобласці ўсіх падазраваных у здзяйсненні тэракту. Усяго ў межах расследавання, паведамляла ФСБ, затрымалі 11 чалавек.
Чытайце таксама