Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак расказаў пра ўзмацненне рэпрэсій у Беларусі: у сілавікоў — новы гібрыдны падыход
23 верасня 2024 у 1727107140
«Зеркало»
У Беларусі з пачатку верасня яшчэ больш узмацніліся рэпрэсіі. У сувязі з гэтым значна вырасла колькасць зваротаў у фонд салідарнасці BYSOL адносна парады ці эвакуацыі з краіны - да 80%, расказаў кіраўнік арганізацыі Андрэй Стрыжак.
Паводле Андрэя Стрыжака, з пачатку верасня ўсе службы фонду BYSOL адзначаюць узмацненне рэпрэсій у Беларусі, прычым у новай хвалі пераследу ёсць свае асаблівасці.
У прыватнасці, брэсцкія і гродзенскія супрацоўнікі ГУБАЗіК пачалі часцей збіваць людзей, затрымліваючы іх падчас аблаваў. Асабліва цікавыя сілавікам тыя, хто даваў каментары ці інтэрв'ю незалежным СМІ ў 2020−2023 гадах. Узмацніліся таксама рэйды на прафесійныя групы: настаўнікаў, асветнікаў, грамадскіх актывістаў, кажа кіраўнік BYSOL.
Ён адзначыў значны рост заявак у фонд з просьбай пра эвакуацыю з краіны ці кансультацыю наконт дзеянняў у выпадку пераследу.
«Па розных напрамках нашай дапамогі рост колькасці заявак - ад 50% да 80%», - падкрэсліў Стрыжак.
Ён звязаў узмацненне рэпрэсій з заканчэннем адпачынкаў у сілавікоў, стварэннем вялікай базы крымінальных справаў і новым гібрыдным падыходам.
«Новы падыход заключаецца ў тым, каб адной рукой вызваліць нейкую колькасць палітвязняў, а другой - яшчэ больш закручваць гайкі і саджаць усё новых людзей. Паралельна дзяржпрапаганда актыўна эксплуатуе вобраз "гуманітарнасці" дзеянняў лукашыстаў праз паказальныя кейсы (Пратасевіч) і непублічнае ўздзеянне - у першую чаргу на спартоўцаў і дзеячаў культуры», - дадаў Стрыжак.
Паводле яго, гэтыя людзі паведамляюць, што да іх звяртаюцца «эмісары рэжыму» з прапановамі рознага характару - ад пагрозаў сваякам і блізкім да прапановаў згарнуць дзейнасць ці вярнуцца ў краіну і атрымаць дараванне.
Чытайце таксама