У Беларусі плануюць новыя меры для ўтрымання выпускнікоў пасля адпрацоўкі — «Кіберпартызаны»
27 студзеня 2025 у 1738003080
Фёдар Азёрскі / «Зеркало»
У Беларусі - дэфіцыт кадраў. Каб утрымаць выпускнікоў пасля адпрацоўкі, у 2025 годзе плануюць унесці змены ў Кодэкс аб адукацыі, пішуць «Кіберпартызаны» і публікуюць дакумент за подпісам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Валерыя Герасімава.
У дакуменце гаворыцца, што праблема адыходу з прафесіі датычыць выпускнікоў розных навучальных установаў. У сувязі з гэтым падрыхтаваныя змяненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, якія плануецца разгледзець у 2025 годзе. Меры скіраваныя на замацаванне кадраў.
Сярод іншага КДК прапануе фармаваць месцы на прыём абітурыентаў у навучальныя ўстановы зыходзячы з патрэбаў дзяржавы, а не з попыту на прафесію сярод насельніцтва.
Акрамя таго, разглядаюць увядзенне адказнасці для наймальнікаў за цякучасць кадраў і замацоўвальнасць маладых спецыялістаў.
«Апісаныя ў дакуменце ўмовы працы для маладых спецыялістаў і праўда гучаць жудасна. Жыллё без вокнаў, святла і ацяплення, вылічэнні з заробку ў ветэрынараў за падзеж жывёлы, у інжынераў - за недахоп запчастак. Але "моцныя гаспадарнікі" толькі цяпер спахапіліся», - адзначаюць «Кіберпартызаны».