«Велізарная супярэчнасць». Чаму Літва, Латвія і Польшча не маюць рацыі, адмаўляючыся запускаць у Беларусь пасажырскія цягнікі. Меркаванне
26 красавiка 2025 у 1745666640
Аляксандра Снежаньская / «Зеркало»
Белчыгунка прапанавала Польшчы, Літве і Латвіі зноў запусціць пасажырскія цягнікі, якія перасталі курсаваць паміж краінамі ў 2020 годзе на фоне пандэміі каранавіруса. Пра тое, навошта Беларуская чыгунка гэта зрабіла, калі ведае, што, хутчэй за ўсё, атрымае адмоўны адказ, у новым выпуску шоу «Как это понимать» разважаюць палітычны аналітык Арцём Шрайбман і журналіст Глеб Сямёнаў.
- Ты згадаў, што пацяплення адносін з Еўрасаюзам не прадбачыцца, але, здаецца, гэта не зусім відавочна для БЧ. Намеснік начальніка магістралі на канферэнцыі ў Варшаве прапанаваў Літве, Латвіі і Польшчы аднавіць прамыя пасажырскія зносіны. Як думаеш, чаму ён гэта зрабіў, калі відавочна, што цяпер краіны ЕС не гатовыя пайсці на такі крок? Ці трэба гэта? Можа, дэмсілам уключыцца ў гэтае пытанне і неяк дапамагчы? - пацікавіўся Глеб Сямёнаў.
- Мне здаецца, яны робяць такую прапанову, бо ведаюць: адказу не будзе ці ён акажацца негатыўным. [Навошта?] Каб паказаць на гэтым кантрасце, хто за мабільнасць і адкрытасць, а хто за санкцыі і закрыццё межаў. Калі паглядзець невялікія камунікацыйныя паведамленні, прэс-рэлізы беларускай мытні або Дзяржпамежкамітэта, [у іх] заўсёды вінаваты той бок. Тое самае адбываецца на больш высокім узроўні - калі летась на адзін з пакетаў еўрапейскіх санкцый нашае МЗС увяло бязвіз, гэта быў досыць моцны ход. У тым сэнсе, што, бачыце, вы ад нас закрываецеся (тады акурат былі забароны на перамяшчэнне ежы, тавараў народнага спажывання), а ў гэты час беларускія ўлады адказваюць: «А мы вас будзем пускаць без візаў».
Думаю, прапанову запусціць цягнікі мала хто заўважыць на Захадзе, але я гэта бачу ў такой жа логіцы: мы тут за адкрытасць, а вы за жалезную заслону. Зразумела, што пры гэтым ігнаруюцца першапрычыны таго, чаму мяжа закрылася, міграцыйны крызіс і гэтак далей. Але, думаю, шмат на каго ўнутры Беларусі гэта можа працаваць. У тым ліку і на людзей, ментальна арыентаваных на Еўропу, якія проста цяпер дзясяткі гадзін стыяць у чэргах, месяцамі не могуць атрымаць візу або плацяць за гэта велізарныя грошы. Такія заявы, распіяраныя прапагандай і беларускімі незалежнымі медыя, пры поўнай цішыні з таго боку ствараюць адчуванне, што толькі Захад зацікаўлены ў жалезнай заслоне.
Адказваючы на пытанне, ці варта [БЧ выступаць з такімі ініцыятывамі]. Я заўсёды быў адвакатам максімальнай мабільнасці. Лічу, гэта тое галоўнае, у чым дэмсілам трэба браць на сябе смеласць супярэчыць, спрачацца і крытыкаваць пазіцыю бакоў, якія такія рашэнні прымаюць, як бы палітычна небяспечна ці рызыкоўна гэта ні было. Але калі вы ўсё яшчэ лічыце сябе палітыкамі, якія прадстаўляюць інтарэсы беларусаў, то вашая задача - адстойваць іх інтарэсы. А гэта тое, каб мяжу было максімальна лёгка прайсці законапаслухмяным людзям.
Цягнікі - гэта відавочна не тое, што спросціць працу КДБ. Калі яны захочуць трапіць у Літву ці ў Польшчу, [то прыдумаюць спосабы]. Па-першае, знойдуць каго завербаваць на месцах (часта нават людзей з мясцовага насельніцтва, а не з дыяспары). Па-другое, змогуць атрымаць візу якой-небудзь іншай краіны Еўрасаюза і прыехаць у аб'езд ці на аўтобусе з Беларусі. Думаць, што, прымусіўшы людзей чакаць у чэргах, вы зніжаеце рызыку таго, што заедуць шпіёны, для мяне гучыць досыць наіўна. Адзіныя, па кім па факце б'юць гэтыя нормы, - памежны бізнес, грамадзяне, вымушаныя даўжэй стаяць [на мяжы], бабулі і дзядулі, якія не могуць праз стан здароўя праседзець суткі ў аўтобусе, каб убачыць унукаў.
- Увосень у Варшаве праходзіў суд над двума расіянамі, якія расклейвалі ў гарадах улёткі, што заклікаюць уступаць у ПВК Вагнера.
- Нешта мне падказвае, што колькасць запушчаных цягнікоў не паўплывала б на гэты працэс. Адзіны больш-менш разумны аргумент, які чую з боку ўсходнееўрапейскіх краін ЕС - Польшчы, Літвы, Латвіі, асабліва Літвы, - датычыць кантрабанды. [Яны кажуць], што цягнікі дазваляюць яе лягчэй правозіць. Падчас санкцыйных абмежаванняў гэта ўскладніць жыццё мытнікам, але, думаю, гэта пытанне тэхнічнае, якое трэба вырашаць.
Плюсы ад ізаляцыі беларускага грамадства, ад [складанасцяў] турызму і паездак на Захад могуць атрымліваць, па сутнасці, толькі Пуцін і Лукашэнка. Ім гэта выгадна. Таму я [у гэтай сітуацыі] на баку БЧ. Думаю, дэмсілам гэтае пытанне трэба больш актыўна педаляваць.
Ну і апошняе, што можна дадаць. Аргумент пра тое, што вайна не час, каб хадзілі цягнікі, мне падаецца максімальна цынічным. Калі грузавым саставам дазволена перамяшчацца ў Еўропу, санкцыі на гэта не распаўсюджваюцца і чыгунка можа зарабляць на пастаўках грузаў, то [чаму] санкцыі павінныя распаўсюджвацца на людзей? Для мяне гэта выглядае велізарнай супярэчнасцю на тэму таго, дзе вашыя каштоўнасці на самай справе.
Чытайце таксама