Чаго дамагаецца Пуцін, удар па заводзе з ракетным палівам і расійскія страты пад Луганскам. Галоўнае са зводак на 246-ы дзень вайны
27 кастрычнiка 2022 у 1666869600
«Зеркало»
У Мінабароны Расіі сцвярджаюць, што знішчылі ва Украіне прадпрыемства па вытворчасці ракетнага паліва. У Генштабе УСУ заяўляюць, што расійскія войскі ўзводзяць фартыфікацыйныя збудаванні на левым беразе Дняпра. У Інстытуце вывучэння вайны адзначаюць, што рыторыка Пуціна сведчыць пра тое, што ён не настроены на мірныя перамовы з Украінай і па-ранейшаму збіраецца дамагчыся сваіх галоўных мэтаў - перамогі ў вайне і змены рэжыму ў Кіеве.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 246-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: «У мабілізаваных няма досведу і жадання ваяваць, фіксуюцца факты дэзерцірства»
Расійскія войскі абстрэльваюць пазіцыі УСУ ўздоўж лініі сутыкнення, актыўна вядуць паветраную разведку, узводзяць фартыфікацыйныя збудаванні на пазіцыях, у прыватнасці на левым беразе ракі Днепр. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
- За суткі расійскія войскі нанеслі 18 авіяцыйных і 4 ракетныя ўдары і здзейснілі 56 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ударам падвергліся гарады Купянск, Дружкоўка і Запарожжа.
- Падраздзяленні Сіл абароны адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці і Бахмут, Іванград, Салядар, Маёрск, Краснагораўка і Мар'інка ў Данецкай вобласці.
- Авіяцыя за мінулыя суткі нанесла 5 удараў. Пацверджанае паражэнне раёна канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка, трох апорных пунктаў і зенітнага ракетнага комплексу.
- Падраздзяленні СПА збілі верталёт Ка-52, ракету Х-59 і 17 ударных БПЛА праціўніка.
- Ракетныя войскі і артылерыя за суткі нанеслі ўдары па 4 пунктах кіравання, 8 раёнах канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, 3 складах з боепрыпасамі і 6 іншых важных ваенных аб'ектах праціўніка.
- Пацверджанае агнявое паражэнне раёна канцэнтрацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, складоў боепрыпасаў расійскіх войскаў 25 кастрычніка ў раёне населенага пункта Берыслаў Херсонскай вобласці. Страты асабістага складу ўдакладняюцца.
Паводле звестак Генштаба, на акупаваную тэрыторыю Запарожскай вобласці працягваюць прыбываць мабілізаваныя ўсяго тыдзень таму расійскія вайскоўцы: «У названага асабовага складу адсутнічае матывацыя і жаданне ўдзельнічаць у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, фіксуюцца асобныя выпадкі дэзерцірства».
Таксама зноў фіксуюцца факты недахопу медыкаў праз вялікую колькасць параненых вайскоўцаў. Так, паводле дадзеных УСУ, у гарадскую бальніцу населенага пункта Галубоўка Луганскай вобласці, цягам 24−25 кастрычніка было дастаўлена каля 100 параненых расійскіх вайскоўцаў. Для аказання ім дапамогі з Луганска і Кадзіеўкі прыбыло некалькі хірургічных брыгад.
Мінабароны Расіі: «Сарваныя наступленні УСУ ў Луганскай і Херсонскай абласцях»
У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што ў раёне горада Паўлаград Днепрапятроўскай вобласці знішчылі ўкраінскае абароннае прадпрыемства па вытворчасці цвёрдага ракетнага паліва, выбуховых рэчываў і порахаў для УСУ.
- На Купянскім напрамку адбілі дзве атакі ў кірунку населеных пунктаў Мікалаеўка і Арлянка Харкаўскай вобласці. Знішчаныя да 60 украінскіх вайскоўцаў і баевікоў, адзін танк, шэсць баявых браніраваных машын і тры пікапы.
- На Чырвона-Ліманскім напрамку спыненая батальённая тактычная група УСУ, якая спрабавала наступаць у напрамку населенага пункта Чырвонапапоўка Луганскай вобласці. Знішчана больш за 120 украінскіх вайскоўцаў, тры танкі, чатыры баявыя браніраваныя машыны і чатыры пікапы.
- На Мікалаеўска-Крыварожскім напрамку сарванае наступленне УСУ ў кірунку населеных пунктаў Малая Аляксандраўка Херсонскай вобласці і Цярновыя Поды Мікалаеўскай вобласці. Знішчана больш за 60 украінскіх вайскоўцаў, шэсць баявых браніраваных машын і сем аўтамабіляў.
Усяго за суткі, паводле дадзеных МА РФ, нанесеныя ўдары па чатырох пункта кіравання, 62 артылерыйскіх падраздзяленнях, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 186-ці раёнах. Збіты верталёт Мі-8, знішчаныя чатыры беспілотныя лётныя апараты, шэсць снарадаў амерыканскай рэактыўнай сістэмы залпавага агню HIMARS.
Інстытут па вывучэнні вайны: «Пуцін не зацікаўлены ў сур'ёзных перамовах з Украінай»
Расійскія ўзброеныя сілы ва Украіне сур'ёзна дэградавалі і ў значнай ступені страцілі наступальныя магчымасці з лета 2022 года, а баявы дух расіян вельмі нізкі. Такі высновы робяць эксперты Інстытута па вывучэнні вайны, спасылаючыся на апублікаваныя Reuters дакументы, знойдзеныя на закінутым расійскім камандным пункце ў вызваленай Балаклеі.
Разам з тым эксперты лічаць, што апошняя рыторыка прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна сведчыць пра тое, што ён не зацікаўлены ў сур'ёзных перамовах з Украінай і застаецца прыхільнікам максімалістычных мэтаў: ваенная перамога, змена рэжыму ў Кіеве і пераарыентацыя Украіны з Захаду пад кантроль Расіі. «Гэта таксама сведчыць пра тое, што мэты Пуціна выходзяць за межы тэрыторыі, якую ён анексаваў, не кажучы ўжо пра раёны, якія фактычна кантралююць яго сілы», - лічаць у ISW.
Яшчэ з ключавых высноваў экспертаў:
- расійскія акупацыйныя ўлады ў Херсонскай вобласці спрабуюць змякчыць інфармацыйныя наступствы вываду расійскіх войскаў з заходняга берага Дняпра: задушыць паніку ў інфармацыйнай прасторы і захаваць кантроль над насельніцтвам Херсонскай вобласці на фоне далейшай «эвакуацыі»;
- расейскія сілы правялі штурм вёскі Цярновая ў Харкаўскай вобласці - імаверна, каб стрымаць там украінскія сілы і перашкодзіць узмацніць контрнаступальныя аперацыі УСУ ў іншых месцах;
- расійскія афіцыйныя асобы працягвалі прызнаваць, што расійскія ўлады дэпартуюць украінскіх дзяцей у Расію пад маркай усынаўлення і адпачынку;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы вялі контрнаступальныя аперацыі на захад ад Сватава;
- расійскія войскі працягвалі падрыхтоўку абарончых пазіцый на заходнім і ўсходнім берагах Дняпра ў Херсонскай вобласці;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы працягвалі весці контрнаступальныя аперацыі на паўночным захадзе Херсонскай вобласці;
- расійскія сілы нанеслі наземныя ўдары ў Данецкай вобласці (Бахмутскі і Аўдзееўскі напрамак).