«Даволі шмат было калабарантаў. І ў мяне сярод знаёмых, на жаль». Маналог жыхаркі вызваленага Херсона
5 снежня 2022 у 1670255340
Алесь Минов«Зеркало»
Вікторыі Бондар 60 гадоў. Яна нарадзілася ў Херсоне і тут пражыла ўсё жыццё. Не выязджала жанчына і падчас таго, як горад быў акупаваны расійскімі войскамі. Пакінуць Херсон яна не магла, бо даглядала сваю 94-гадовую маці - ветэрана Другой сусветнай вайны. Пра радасць вызвалення, жахі акупацыі і паступовае аднаўленне жыцця ў горадзе на самай мяжы фронту жанчына расказала «Люстэрку». Публікуем яе маналог.
«Сонейка, ты будзеш жыць, бабуля цябе закрые…»
Я нарадзілася ў Херсоне, нарадзіла тут двух дзяцей, унучка з'явілася. Калі пачалася вайна, працавала, быў маленькі бізнес у сферы харчавання. 24 лютага раніцай муж сказаў, што вайна пачалася. Я думала, гэта вырашыцца за пару дзён, але вось жа, зацягнулася.
Дзеці з унучкай выехалі ў апошні момант, пакуль гэта было магчыма. Яны жылі ў Таўрычаскім раёне, з вокнаў была відаць Чарнабаеўка. А там з першых дзён былі бамбёжкі бесперапынна. Унучка, калі мы хаваліся ў калідоры ў пралёце між сцен, пытала:
- Бабуля, мяне не заб'юць?
- Не, сонейка, ты будзеш жыць, бабуля цябе закрые… - я ёй адказвала, стрымліваючы слёзы. Я проста выпрасіла ў дачкі, каб яна выехала са сваёй сям'ёй. Бо не хацелі ж мяне адну пакідаць. Але мне адной стала нашмат спакайней ужо.
Сама выязджаць не хацела, да таго ж і не змагла б. Бо даглядаем з мужам пяцярых пенсіянераў. Маму маю - інваліда, удзельніцу вайны, ей 94 гады і яна анкахворая і ляжачая. У мужа двое бацькоў жывыя - па 85 гадоў. І двое нашых старых сваякоў на суседняй вуліцы. Мы да іх пастаянна ездзім, каб ежа ў іх была, бо яны не могуць з дома выйсці.
Мама мая пытае часам, чаму дзеці не прыходзяць. Я тлумачу, што яны выехалі, цяпер іх няма ў горадзе…
- А чаго паехалі? - пытае.
Я ёй тлумачу кожны раз, але ж стары чалавек, 95 гадоў - яна не можа зразумець ужо. Калі пачалася Вялікая Айчынная, ёй было 14 гадоў, яна ўсё помніць адтуль. І калі я цяпер пачынаю нешта расказваць пра акупантаў, яна не разумее, як такое можа быць, яе пачынае трэсці - капаю кроплі, каб супакоіць. Яна чакае толькі, каб дзяцей пабачыць. А яна такая «цяжкая», што, баімся, ужо не пабачыць (плача).
Мы ж без грошай засталіся: маці без пенсіі, я без працы. Таму я пастаянна прыходзіла ў пункт раздачы гуманітарнай дапамогі, які арганізавалі нашы ўкраінцы - былыя выкладчыкі ўніверсітэта. Мне неаднойчы давалі памперсы для мамы, лекі, нешта з ежы.
«Яны нават віталіся, а я рабіла выгляд, што не чую»
У самым пачатку акупацыі ў нас былі велічэзныя мітынгі, на адзін выйшлі разам з мужам. Потым я сама хадзіла. Нават страшна не было, бо шмат людзей вакол. Вось калі пачалі кідаць газавыя шашкі, рукі закручваць, забіраць, здзекавацца, вось тады стала страшна. Муж прасіў, калі я выходзіла, каб паведаміла яму, куды забяруць. А я адказвала, што такіх, як я, не забяруць. І сапраўды, праносіла кожны раз. Я, ведаеце, шмат гадоў таму была ў Ізраілі каля Труны Божай, набыла там крыжык - яму ўжо 22 гады. Раней ён у хаце вісеў, але як вайна пачалася, я кожны раз, выходзячы на вуліцу, надзяваю на сябе. Вось і цяпер. Веру, што ён мяне ратуе ўвесь час.
У мяне шмат у тэлефоне было ўсяго, я спачатку яго насіла з сабою, не задумвалася. Але потым пачалі даходзіць звесткі, што людзей забіраюць проста на вуліцах, катуюць. У нас так знік знаёмы. Яго катавалі токам. Здаў нехта са сваіх, што быў украінскім валанцёрам. Родныя доўга шукалі, удалося яго забраць жывым, але ачуньваў яшчэ некалькі месяцаў.
Вельмі страшна было сутыкнуцца з акупантамі. Асабліва ў першыя дні, калі пачаўся пераслед усіх актывістаў. Потым крыху звыклі. Яны нават віталіся, а я заўсёды рабіла выгляд, што не чую. Трэба ж было выходзіць па прадукты, лекі, несці нашым пенсіянерам ежу. І вось я кожны раз прымушала сябе - так не хацелася быць на вуліцы і бачыць такі Херсон, якім ён быў падчас акупацыі. А калі бачыла іх, акупантаў, - яшчэ цяжэй.
Мама мне шмат расказвала пра тую вайну (Другую сусветную. - Заўв. рэд.), пра немцаў. Казала:
- У нашым доме стаялі немцы, якія з лыжкі мёд дзецям давалі, а ў наступным стаялі тыя, што забівалі ўсіх.
Але ж гэта быў абсалютна іншы народ, яны не разумелі нават мясцовых. А цяпер жа… Мы на адной мове размаўляем, у многіх перасякліся сем'і, шмат сваякоў. Каму гэта трэба было? Разумею, што і там людзі пакутуюць, шмат жа хто ўсё разумее, але што яны могуць зрабіць?
Мой тата родам з Краснадара, а мама - з Херсонскай вобласці. Тут мяне і нарадзіла, я лічыла і лічу сябе ўкраінкай, хоць і руская кроў таксама ёсць. Чаму я мусіла згадзіцца з гэтым убогім светам, які да нас прыйшоў і дыктаваў сваё пачварнае жыццё?
«Шмат рускіх тут засталося: кагосьці забылі, хтосьці, напэўна, сам не захацеў адступаць»
Але ў Херсоне даволі шмат было калабарантаў. І ў мяне сярод знаёмых, на жаль, такія былі. Адна вось засталася, выходзіць у двор, бачыць мяне - і ўцякае. Я, калі іх бачу, так і кажу ўслых: «Вам тут жыцця не будзе». Муж мне кажа, што не трэба іх чапаць. Але я лічу, што ім даравання няма. Яны ж хадзілі па вуліцы прадстаўнікамі ад Расіі і агітавалі атрымліваць расійскія пашпарты. Так, страшна было ўсім, але ж вось да гэтага ніхто не прымушаў, самі ішлі. Я хачу напісаць заяву - пайду ў паліцыю, раскажу ўсё, што бачыла, хай яны далей ужо працуюць.
Рэферэндуму я не бачыла, людзей не было, яны самі ўсё вырашылі і зрабілі. І так людзі баяліся выходзіць, а ў той дзень увогуле ўвесь горад нібы знік. У двары нашым стаялі два «кацапы» са скрынямі і калабаранты, што іх віталі. Па кватэрах яны не пайшлі нават.
А калі вызвалілі горад, многія з такіх стаялі першыя па атрыманне ежы ад Украіны, дапамогі. Вось што гэта за людзі? Але тыя, хто здрадзіў, сваё атрымаюць. Зямля круглая, кутоў няма - нідзе яны не схаваюцца.
Калі толькі пабачыла нашых салдат, не магла стрымаць радасць, абдымала ўсіх, вітала, гэта было сапраўднае свята. Я ў адным доме (знаёмыя выязджалі і пакінулі ключы) пасяліла нашых хлапцоў-вайскоўцаў, якія шукалі, дзе спыніцца. Праз чатыры дні набрала прадуктаў, нагатавала і паехала ім адвезці. Раён вельмі моцна абстрэльвалі, вось яны выехалі, сем чалавек. Самаму маладому было 23 гады. Цяпер не ведаю, як яны і ці жывыя - вельмі хвалююся. Мару яшчэ іх сустрэць, абняць. Перамога будзе хутка, я ўпэўненая. У Херсоне яна ўжо ёсць, бо тут нашыя салдаты.
Цяпер прыйшло адчуванне, што горад ажывае. Прыемна проста па горадзе хадзіць і бачыць іх, бачыць сцягі нашыя. Мяне бадзёраць жоўтыя павязкі нашых салдат, пабачыш - і ўжо жыць хочацца. Хоць жыццё цяжкае цяпер вельмі, нас проста нішчаць у дадатак да таго гора, што ў нас ёсць. Але мы ажываем усё адно!
Хаця шмат рускіх тут засталося: кагосьці забылі, хтосьці, напэўна, сам не захацеў адступаць. Літаральна раніцай чула ў навінах, што ноччу аднаго такога пераапранутага знайшлі, арыштавалі. Ён здаваў нашыя пазіцыі, наводзіў агонь.
«Нас проста нішчаць у дадатак да таго гора, што ў нас ёсць. Але мы ажываем усё адно!»
Наш раён бесперапынна бамбяць. Але вось раніцай пачулі, як лётаў наш дрончык, прызямліўся на суседняй вуліцы. Я так узрадавалася, думаю: «Біце іх, хлопчыкі нашыя, нішчыце іх…» Таму вялікая пашана нашаму войску, пашана Зяленскаму. Я калі ішла галасаваць за Зяленскага, настолькі ў яго верыла, што казала мужу, што ён застанецца ў гісторыі нашай. Цяпер муж кажа, што я накаркала. Вось так. Ён мне заўсёды падабаўся сваім патэнцыялам, пачуццём гумару. Ну, а цяпер увогуле словаў няма.
Голаду ў нас ніколі тут не было, гэта ж аграрны край, летам усё расце. І падчас акупацыі было ўсё, хоць яны і рабавалі, вывозілі адсюль што маглі. Клубніцы летам былі як ніколі - па 25 грыўняў (прыкладна 0,5 даляра) і вельмі шмат. Некаторыя ездзілі ў Крым па прадукты. Я спачатку асуджала такіх, але зразумела, што людзям трэба выжываць. Машыну з яйкамі з Расіі проста перавярнуць хацелася - такая нянавісць была. Але ж тут яек не было, знішчылі фабрыку, там тры мільёны курэй забілі, гэта вялікая трагедыя была. Цяпер прадукты ў крамах усе ёсць.
Так, цяжка. Дома ёсць газ, а з электрычнасцю пакуль праблемы. Прыстасоўваемся да ўсяго: кладзём награвацца чырвоную цэглу на пліту, каб цяпло захоўвалася. Купляем ваду, але часта яе раздаюць бясплатна - прывозяць валанцёры. Але гэта ўсё дробязі.
Тое, што тут перажыў Херсон, тое, што мы цяпер тут перажываем, - гэта цяжка прыняць і зразумець нават здароваму чалавеку. Тое, што практычна сцерлі з зямлі нашую Украіну, - гэтаму няма ніякага даравання, будзе праклён навекі. Бо тое, што мы перажылі за гэтыя месяцы, ніколі не забудзецца. Каб гэта ўсё забыць, трэба наноў нарадзіцца. Гэта з намі назаўжды. Кажуць, нельга па Божых запаведзях зычыць кепскага, але, думаю, Бог павінен сам зразумець.
Сёння іду па вуліцы, а насустрэчу маладая дзяўчына з вазком. Я аж расплакалася, кажу: «Божачкі, ваша лялечка - дзіця вайны». А колькі ж такіх дзетак…
Як стаўлюся да Беларусі? Я схіляю галаву перад усімі людзьмі, што прынялі нашую пазіцыю, перад тымі з беларусаў, хто цяпер ваюе ў шэрагах УСУ, і шмат валанцёраў ёсць з розных краін, што проста дапамагаюць людзям.
Я ўпэўненая, што хутка вайна скончыцца, і ў нас будуць вялікія змены ў краіне. Цяпер верыцца, што нарэшце зможам перамагчы і тыя праблемы, што былі раней, будзем крочыць у будучыню разам з цывілізаваным еўрапейскім светам. Хочацца верыць, што і Беларусь будзе ў гэтым шэрагу.