Кіраўнік украінскай разведкі расказаў, калі чакаць пераломнага моманту ў вайне і пры якой умове Украіна гатовая гаварыць пра мір
22 лютага 2023 у 1677061200
«Зеркало»
Украіну ў найбліжэйшыя месяцы чакаюць вырашальныя баі, якія стануць пераломным момантам у вайне. Пра гэта ў інтэрв'ю ўкраінскаму Forbes заявіў кіраўнік ГУР, генерал Кірыл Буданаў.
Паводле Буданава, з сярэдзіны і да канца вясны Украіну чакаюць вырашальныя баі.
- Так, гэта пераломны момант, - заявіў Буданаў, адказваючы на ўдакладняльнае пытанне журналіста пра тое, ці будзе ў гэтых баях вырашацца лёс вайны.
Кіраўнік украінскай разведкі таксама заявіў, што вялікае расійскае наступленне ўжо ідзе, але яно такой якасці, што большасць нават не заўважае. Ды і мэты ў расіян ужо не такія амбіцыйныя, як у пачатку вайны.
- Рэальнасць такая, што яны ставяць сваёй мэтай да 31 сакавіка выйсці на адмінмежы Данецкай і Луганскай абласцей. Адчуваеце розніцу: узяць Кіеў за тры дні і выйсці калі-небудзь на нейкія межы.
Паводле словаў Буданава, у арміі РФ недахоп бранятэхнікі, снарадаў.
- Ужо два месяцы расійскія групоўкі, якія ў нас дзейнічаюць, жывуць у рэжыме максімальнай эканоміі боепрыпасаў. Больш-менш нармальна боепрыпасы цяпер выкарыстоўваюцца выключна ў Бахмуце і Ліманскім напрамку. Яны некалькі разоў спрабавалі штурмаваць Вуглядар і далей будуць спрабаваць, дадалася яшчэ гэтая лакацыя. На ўсіх іншых участках - рэжым эканоміі боепрыпасаў, - сцвярджае Буданаў.
Ён кажа, што экстранна нарасціць вытворчасць танкаў і ракет ва ўмовах вайны і санкцый Расія не ў стане, а тая вытворчасць, што ёсць, не пакрывае патрэбаў. Таму расійскія войскі вымушаныя пераходзіць да іншай тактыкі - вялікая колькасць пяхоты і стралковыя баі.
Буданаў кажа, што выстаяць Украіна змагла таму што абараняе сваю тэрыторыю і ў гэтым ёй дапамагае ўвесь свет. Галоўнымі перамогамі ў вайне ён называе разгром расійскіх сіл на кіеўскім напрамку, вызваленне Харкаўскай вобласці і Херсона.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што галоўная ўмова заканчэння вайны для Украіны - выхад на адміністрацыйныя межы 1991 года.
Пры гэтым Буданаў дапускае, што выхад на межы 1991 года можа не азначаць спынення вайны.
- Можна перавесці вайну ў зусім іншы фармат, можна перайсці да пастаяннай абарончай аперацыі. Добры прыклад - Ізраіль, які пастаянна жыве ў стане вайны, праводзіць абарончую аперацыю на сваіх межах. Верагодней за ўсё, гэта прывядзе нас да вырашэння ўнутраных праблем на тэрыторыях, якія былі раней акупаваныя, гэта велізарны блок пытанняў, - адзначыў Буданаў.