Ядзерны шантаж Крамля, бесперапынны штурм і страты пад Бахмутам, 85 адбітых атак. Галоўнае са зводак
3 сакавiка 2023 у 1677851880
«Зеркало»
Міністэрства абароны Расіі заявіла пра вялікія страты УСУ на Данецкім і Ліманскім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе заявілі, што расійскія войскі працягваюць штурмаваць Бахмут, усяго на гэтым напрамку ўдалося адбіць атакі расіян у раёнах чатырох населеных пунктаў. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны разважаюць, як Крэмль можа выкарыстаць учорашні інцыдэнт у Бранскай вобласці.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 373-і дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі больш за 85 атак праціўніка
«Вораг працягвае парушаць нормы міжнароднага гуманітарнага права. Так, акупанты нанеслі 31 авіяцыйны і тры ракетныя ўдары, у прыватнасці па цывільнай інфраструктуры ў Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцях. Ёсць параненыя сярод мірнага насельніцтва, пашкоджаныя жылыя шматпавярхоўкі і прыватныя дамы. Акрамя таго, зафіксавана 88 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню», - паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
- На Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках за мінулыя суткі УСУ адбілі больш за 85 атак праціўніка.
- На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных зменаў. За мінулыя суткі расійскія войскі з мінамётаў і артылерыі абстралялі 28 населеных пунктаў.
- На Купянскім і Ліманскім напрамках расійскія войскі вялі наступальныя дзеянні ў раёнах Белагораўкі Луганскай вобласці і Спірнага Данецкай вобласці, поспеху не мелі. З артылерыі абстралялі раёны 20 населеных пунктаў.
- На Бахмуцкім напрамку расіяне не перастаюць штурмаваць Бахмут. УСУ таксама адбілі атакі расійскіх сіл у раёнах Арэхава-Васільеўкі, Дубава-Васільеўкі, Грыгор'еўкі, Багданаўкі ў Данецкай вобласці. Расійскія войскі на гэтым напрамку абстралялі 13 населеных пунктаў.
- На Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках расійскія войскі працягваюць беспаспяхова атакаваць пазіцыі ўкраінскіх. З артылерыі і мінамётаў абстраляныя 18 населеных пунктаў.
- На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскае войска абстраляла больш за 45 населеных пунктаў.
- Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 13 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расіян.
- Збітыя расійскія штурмавік Су-25, верталёт Мі-24 і сем БПЛА (адзін - тыпу «Суперкам», два «Арланы» і чатыры «Ланцэты»).
- Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі шэсць раёнаў канцэнтрацыі праціўніка і склад яго боепрыпасаў.
У Генштабе таксама паведамілі, што на акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці прызначаныя ўлады працягваюць рабаваць мясцовае насельніцтва, прымушаючы перадаваць свае прыватныя ўчасткі на баланс мясцовай акупацыйнай адміністрацыі. Тых, хто адмаўляецца гэта рабіць, вывозяць у невядомым кірунку для правядзення так званых фільтрацыйных мерапрыемстваў, а ў іх дамах размяшчаюць расійскіх вайскоўцаў.
Мінабароны РФ: збілі Су-24 Паветраных сіл Украіны
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што авіяцыя, артылерыя і цяжкія агнямётныя сістэмы працягваюць наносіць удары па жывой сіле і тэхніцы УСУ.
- На Купянскім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў Заходняй групоўкі войскаў пры падтрымцы артылерыі нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Курылаўка, Першатраўневае, Масютоўка Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці. Страты УСУ за суткі склалі да ста вайскоўцаў забітымі і параненымі, адзін танк, тры баявыя машыны пяхоты, два пікапы, самаходная гаўбіца «Акацыя» і баявая машына РСЗА «Град».
- На Чырвона-Ліманскім напрамку авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Цэнтр» нанеслі ўдары па падраздзяленнях УСУ ў раёнах населеных пунктаў Тарскае, Ямполаўка Данецкай вобласці і Чырвонапапоўка Луганскай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя больш за дзвесце вайскоўцаў, тры баявыя машыны пяхоты, восем баявых браніраваных машын, два пікапы і гаўбіца Д-20 УСУ.
- На Данецкім напрамку падчас актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў, удараў авіяцыі, артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм за суткі знішчаныя да 210 украінскіх вайскоўцаў. Акрамя таго, пяць баявых браніраваных машын, тры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», дзве баявыя машыны РСЗА «Град», дзве гаўбіцы Д-30 і адна гаўбіца Д-20 УСУ. У раёне населенага пункта Аўдзееўка Данецкай вобласці знішчаны мабільны вузел сувязі 110-й механізаванай брыгады УСУ.
- На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вадзяное, Прывольнае і Вуглядар Данецкай вобласці. Страты УСУ за суткі на гэтых напрамках склалі звыш 70 вайскоўцаў, два танкі, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік» і гаўбіца Д-20.
- На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі знішчаныя да 60 украінскіх вайскоўцаў, шэсць аўтамабіляў, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», гаўбіцы «Гіяцынт-Б» і «Мста-Б», а таксама тры гаўбіцы Д-30.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесеныя ўдары па 92 артылерыйскіх падраздзяленнях, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 212 раёнах. Збіты самалёт Су-24 Паветраных сіл Украіны, адзін рэактыўны снарад сістэмы залпавага агню HIMARS, знішчаныя 18 беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: малаімаверна, што Крэмль выкарыстае ядзерную зброю
У свежай зводцы Інстытут па вывучэнні вайны аналізуе ўчорашняе здарэнне ў Бранскай вобласці РФ. Расійскія ўлады спачатку заявілі, што гэта была ўкраінская ДРГ, але пазней адказнасць на сябе ўзяў Рускі добраахвотніцкі корпус, што ваюе на баку Украіны.
Аналітыкі кажуць, што пакуль не могуць незалежна праверыць гэтае сцверджанне, два відэа, на кожным з якіх - мужчыны ў форме са сцягам, застаюцца адзіным даступным канкрэтным доказам таго, што нешта адбылося.
Яны адзначаюць, што інцыдэнт у Бранску выклікаў сярод расійскіх афіцыйных асоб і ультранацыяналістычных груп спекуляцыю чуткамі пра рэакцыю Крамля на сітуацыю. Кіраўнік крымскай акупацыйнай адміністрацыі Аксёнаў і кіраўнік Чачні Кадыраў заклікалі Крэмль узмацніць меры бяспекі і правесці аперацыі ў адказ. Некаторыя блогеры заклікалі сфармаваць спецыяльныя атрады для забойства ўкраінскіх чыноўнікаў і стварыць зоны адчужэння на мяжы. Усё гэта сведчыць пра тое, што ультранацыяналістычная супольнасць у Расіі ў значнай ступені незадаволеная тым, што Крэмль не ў стане падтрымаць сваю ўласную хлуслівую рыторыку пра тое, што Расія вядзе ва Украіне «экзістэнцыйную вайну». Разам з тым Крэмль можа скарыстацца магчымасцю, каб увесці дадатковыя меры бяспекі ў Расіі, якія паслужаць Пуціну, без неабходнасці рабіць крокі, якія могуць справакаваць унутраныя беспарадкі, - такія як, напрыклад, абвяшчэнне вайны, заўважаюць у ISW.
У Інстытуце таксама аналізуюць сустрэчу дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена з міністрам замежных справаў Расіі Сяргеем Лаўровым на саміце G20 у Нью-Дэлі. Блінкен заклікаў Лаўрова адмяніць рашэнне Расіі пра прыпыненне ўдзелу ў Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеннях (СНУ), якая абмяжоўвае колькасць расійскай і амерыканскай ядзернай зброі міжкантынентальнай далёкасці. Ён таксама выказаў гатоўнасць ЗША супрацоўнічаць з Расіяй у галіне кантролю над стратэгічнымі ядзернымі ўзбраеннямі незалежна ад статусу вайны ва Украіне ці амерыкана-расійскіх адносін. Дзяржсакратар ЗША асобна заклікаў Расію спыніць вайну ва Украіне. У Інстытуце лічаць малаімаверным, што расійскія афіцыйныя асобы будуць весці змястоўныя перамовы пра аднаўленне СНУ-3. Крэмль, вельмі імаверна, выкарыстоўвае як зброю асцярогі з нагоды ядзернай эскалацыі ў надзеі стрымаць заходнюю падтрымку Украіны і запаволіць абяцаныя Захадам пастаўкі ваеннай дапамогі. Вельмі малаімаверна, што Крэмль выкарыстае ядзерную зброю, але ён рэгулярна агучвае малапраўдападобныя пагрозы ядзернай эскалацыі, спрабуючы запалохаць Захад, чарговы раз падкрэслівае ISW.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны ўсход ад Купянска і наступальныя аперацыі ў раёне Крамянной;
- расійскія войскі працягвалі наступальныя аперацыі ў раёне Бахмута, на заходняй ускраіне Данецка і на захадзе Данецкай вобласці;
- расійскія сілы, відаць, часова згарнулі намаганні па акружэнні Бахмута з паўднёвага захаду, а таксама з паўночнага ўсходу і замест гэтага могуць засяродзіцца на ціску на ўкраінскія сілы, каб тыя адступілі з горада, сканцэнтраваўшыся на наступе на паўночным усходзе;
- расійскія крыніцы сцвярджаюць, што расіяне збілі два ўкраінскія БПЛА ў Крыме;
- расійскія акупацыйныя ўлады абверглі паведамленні пра дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей на расійскія тэрыторыі.