Расія ноччу ўдарыла па Украіне чатырма відамі ракет і дзясяткамі дронаў-камікадзэ. Пацярпелі не менш за 13 чалавек, у тым ліку 9-гадовае дзіця
19 лiпеня 2023 у 1689753240
«Зеркало»
Паветраная трывога ў многіх абласцях Украіны гучала практычна ўсю ноч 19 ліпеня. Расія атакавала поўдзень і Кіеўшчыну дронамі-камікадзэ, ракетамі «Калібр», «Онікс» і іншымі. Ёсць траплянні ў крытычную і партовую інфраструктуру.
Аператыўнае камандаванне «Поўдзень» паведамляе, што ўсяго было выпушчана 12 ракет «Калібр», усе іх удалося збіць.
Таксама расійскае войска ўдарыла па Адэскай вобласці з акупаванага Крыма супрацькарабельнымі ракетамі «Онікс», а стратэгічная авіяцыя - ракетамі Х-59, Х-22. Адначасова расіяне запусцілі па поўдні дроны Shahed-136.
Х-59 была збітая на падлёце да берага і звалілася ў адным з кварталаў горада - утварылася вялікая варонка, выбуховай хваляй пашкоджаныя некалькі будынкаў вакол. Тры чалавекі атрымалі траўмы.
Таксама ў выніку працы па знішчэнні ракет і дронаў выбуховай хваляй у жылых комплексах Адэсы пашкоджаныя некалькі шматкватэрных дамоў. Прынамсі шэсць адэсітаў, сярод якіх 9-гадовы хлопчык, звярнуліся па медыцынскую дапамогу.
«Оніксы» і Х-22 патрапілі ў збожжавы і алейны тэрмінал у порце, пашкодзілі рэзервуары і абсталяванне для загрузкі. Цяпер ратавальнікі ліквідуюць пажар, які ўспыхнуў у выніку прылётаў. Паводле папярэдніх звестак, ніхто не пацярпеў.
У Адэскім раёне ёсць траплянне ў прамысловы аб'ект - пабітыя два складскія памяшканні - з тытунём і феерверкамі. Пацярпеў супрацоўнік прадпрыемства. Ратавальнікі ліквідуюць пажар плошчай больш за 3 тысячы м².
У небе над Адэскай вобласцю былі збітыя восем дронаў, яшчэ два - над Мікалаеўскай. У выніку падзення абломкаў пашкоджаныя аб'екты рэкрэацыйнай інфраструктуры ў прыбярэжнай зоне Коблеўскай абшчыны (Мікалаеўская вобласць. - Заўв. рэд.), пацярпелі двое цывільных.
У Херсоне «шахедамі» пашкоджаныя Палац культуры і інтэрнат. Работнікам ДСНС удалося выратаваць 89-гадовую жанчыну, якая аказалася пад заваламі ўласнага дома. Дактары на месцы дапамаглі пацярпелай, яе стан здавальняючы, паведаміў кіраўнік Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін.
Пра атаку дронамі-камікадзэ паведамілі таксама мясцовыя ўлады Кіеўскай і Жытомірскай абласцей. У сталічным рэгіёне ўсе «шахеды» былі збітыя, ніхто не пацярпеў. У Жытомірскай вобласці пашкоджаны інфраструктурны аб'ект і прыватныя жылыя дамы.
Нагадаем, мінулай ноччу расійскае войска таксама атакавала ракетамі і беспілотнікамі поўдзень Украіны. У Мінабароны Расіі назвалі гэта «ўдарам адплаты» за Крымскі мост і заявілі, што нанеслі ўдары па месцах падрыхтоўкі тэрактаў. У прыватнасці, па заводзе ў Адэсе, дзе вырабляюць марскія беспілотнікі.