Спадарожнікавыя здымкі паказалі, што Расія здымае з захоўвання сотні дальнабойных гармат — і наўрад ці ад добрага жыцця. Разбіраемся ў лічбах
20 лiпеня 2023 у 1689872700
«Зеркало»
Нягледзячы на шырокае выкарыстанне дронаў, крылатых ракет і іншага хайтэку, вайна ва Украіне застаецца ў асноўным артылерыйскай - галоўную ролю ў ёй адыгрываюць гарматы. Перавага ў артылерыі застаецца галоўным козырам Расіі, дазваляючы нівеляваць параўнальна нізкі ўзровень контрбатарэйнай барацьбы. Аналітычны ўкраінскі канал «Військовий Віщун» паспрабаваў ацаніць узровень стратаў расійскіх гармат і колькасць тых, што засталіся.
Якія метады выкарыстоўваліся падчас падліку
Каб падлічыць колькасць гармат, на якія могуць разлічваць расійскія вайскоўцы, аналітыкі выкарыстоўвалі тры віды крыніц. Першы - маніторынгавыя рэсурсы, якія вядуць падлік стратаў тэхнікі па фота і/або відэа (вядомы нідэрландскі блог Oryx і трохі менш вядомы рэсурс WarSpotting). Такія сайты каштоўныя тым, што даюць відавочныя пацверджанні стратаў - аднак іх дакладнасць непазбежна будзе неідэальнай, бо далёка не кожны знішчаны танк або самаходку абавязкова ўдаецца сфатаграфаваць або зняць на відэа.
Для ацэнкі першапачатковай колькасці расійскай артылерыі аўтары матэрыялу выкарыстоўвалі даведнік Military Balance - гэта, бадай, найбольш аўтарытэтны ў свеце бюлетэнь пра ўзброеныя сілы краінаў свету.
Нарэшце, выкарыстоўваліся спадарожнікавыя здымкі палігонаў у Расіі, на якіх знаходзіцца ці знаходзілася на захоўванні артылерыя.
152-мм самаходная гаўбіца 2С19 «Мста-С»
Галоўнай і найбольш небяспечнай самаходнай артылерыйскай устаноўкай (САУ) у расійскай арміі застаецца пакуль гаўбіца «Мста-С». Згодна з даведнікам Military Balance, на пачатак вайны рэгулярныя войскі РФ мелі на ўзбраенні парадку 850 такіх гармат усіх мадыфікацый, і яшчэ каля 150 штук знаходзілася на захоўванні (сумарна каля 1000).
Паводле звестак партала Oryx, на момант напісання артыкула былі знішчаныя 163 візуальна пацверджаныя «Мсты-С». Насамрэч гэтая лічба трохі вышэйшая, удакладняюць аўтары. Да прыкладу, акрамя баявых стратаў гаўбіцы выходзяць з ладу праз знос ствалоў або заканчэнне мотарэсурсу. Агульныя страты аналітыкі ацэньваюць па ніжняй планцы ў 20 працэнтаў гаўбіц (то-бок да 200 штук).
Пры гэтым адзначаецца, што наяўныя на складах гаўбіцы (якіх, нагадаем, прыкладна 150) пакуль не раскансервавалі - большая частка па-ранейшаму на месцы.
240-мм мінамёт 2С4 «Цюльпан»
Кампенсуюць расіяне свае страты за кошт выкарыстання менш дальнабойных, але значна магутнейшых 240-міліметровых мінамётаў «Цюльпан» у самаходнай версіі.
Тут аналітыкі звяртаюцца да спадарожнікавых здымкаў. Галоўнае месца захоўвання мінамётаў «Цюльпан» у Расіі - 94-ы арсенал у Омску. На адной з пляцовак гэтага аб'екта ў 2021 годзе было да 200 адзінак гэтай зброі - у той час як на травеньскіх фотаздымках 2023 года заўважна, што не хапае каля 30 адзінак, частка іншых машын «канібаліцца» (разбіраецца на запчасткі) для рамонту. Другая пляцоўка омскага арсенала раней змяшчала каля 176 «Цюльпанаў» - цяпер іх колькасць зменшылася прыкладна на 70 адзінак.
Паводле звестак маніторынгавых сайтаў, пацверджаныя страты «Цюльпанаў» складаюць 13 адзінак (аўтары артыкула адзначаюць, што знішчаць мінамёты апошнім часам сталі часцей - гэта можа быць звязана з іх больш шырокім, чым раней, выкарыстаннем на фронце). Тэмпы раскансервацыі гэтай тэхнікі няясныя, але на ўзбраенні цяпер, на думку аналітыкаў, можа знаходзіцца ад некалькіх дзесяткаў да сотні «Цюльпанаў», плюс больш за 200 на захоўванні.
152-мм гаўбіца 2С5 «Гіяцынт-С»
Самаходных гаўбіц 2С5 «Гіяцынт-С» таксама становіцца ўсё больш на ўзбраенні УС РФ - аўтары артыкула мяркуюць, што па меры выбівання гармат «Мста-С» менавіта «Гіяцынт» стане самай масавай 152-міліметровай гарматай. Гэтая гаўбіца паступіла на ўзбраенне ў 1976 годзе і можа страляць на адлегласць звыш 33 кіламетраў.
Згодна з даведнікам The Military Balance, на пачатак 2022 года на ўзбраенні Расіі было каля 100 адзінак, а на захоўванні нашмат больш - каля 850 штук (аўтары лічаць, што апошняя лічба завышаная - падрабязней пра гэта ніжэй). Пацверджаныя страты складаюць, паводле розных маніторынгавых сайтаў, ад 28 да 50 штук.
Што да раскансервацыі гармат, якія стаяць на захоўванні, то тут лічбы нашмат большая. На адной з пляцовак ужо згаданага 94-га арсенала ў Омску ў 2021 годзе было 108 «Гіяцынтаў» - у траўні 2023-га тут заставалася ўсяго 38 штук (то-бок 70 гаўбіц вывезлі). На іншай пляцоўцы таго ж арсенала з 91 «Гіяцынта», што быў там да вайны, вывезлі больш за 30 штук. Разам гэта ўжо каля 100 знятых з захоўвання гаўбіц.
«Гіяцынты» здымаліся з захоўвання і на іншых арсеналах - аўтары згадваюць 36 гармат, вывезеных з арсенала ў Бранску, больш за 20 гаўбіц з горада Усурыйск (было 50) і 30 з 36 адзінак, якія знаходзіліся ў Бураціі, - разам гэта яшчэ каля 90 штук.
Усяго колькасць раскансерваваных самаходак «Гіяцынт-С» аўтары ацэньваюць прыкладна ў 200 адзінак. Колькасць візуальна пацверджаных гармат, што засталіся на базах, пішуць аналітыкі, прыкладна такая ж - каля 200. Частка з іх пры гэтым магла выкарыстоўвацца ў якасці донараў ствалоў і іншых запчастак. Што да 850 адзінак на захоўванні, згадваных Military Balance, то аўтары даследавання адзначаюць, што пацвердзіць такую колькасць пакуль немагчыма - хоць некаторыя «Гіяцынты» маглі захоўвацца ў ангарах, але наўрад ці іх было некалькі сотняў.
203-мм дальнабойная гармата 2С7 «Півоня»
Паводле звестак The Military Balance, на ўзбраенні УС РФ на пачатак вайны было 60 штук 2С7 «Малка» (мадэрнізаваная версія «Півоні»). Яшчэ 260 штук знаходзілася на захоўванні. Страчана было, наколькі вядома, усяго восем штук - удакладняецца, што на дальнабойныя гарматы не так проста «паляваць» (бо яны вядуць агонь з вялікай дыстанцыі ад лініі фронту).
У асноўным «Півоні» захоўваліся на ўсё тым жа 94-м арсенале ў Омску, там іх было каля 200 адзінак у 2021 годзе. Вясной 2023 года не хапае прыкладна 100.
Аўтары даследавання адзначаюць, што частка самаходак «канібаліцца» дзеля ствалоў, якія часта выходзяць з ладу праз высокую інтэнсіўнасць агню. На думку аналітыкаў, пры такім выдаткоўванні рэсурсу «Півоні» змогуць альбо выкарыстоўвацца абмежавана, альбо «пачнуць сыпацца праз год».
152-мм гаўбіца 2С3 «Акацыя»
Апошняя з 152-міліметровых сістэм Расіі «Акацыя» хаця і мае роўны з «Мстой-С» і «Гіяцынтам-С» калібр, не можа паўнавартасна іх замяніць - яна абсталёўваецца нашмат старэйшай гарматай Д-20 з нашмат меншай далёкасцю стральбы (да 20 кіламетраў). Згодна з The Military Balance, на ўзбраенні УС РФ перад вайной было больш за 850 такіх гаўбіц, плюс каля 1000 на захоўванні. Расследавальнікам Oryx удалося пацвердзіць 121 страчаную «Акацыю» расійскага войска.
Найбольшая колькасць самаходак размяшчалася ўсё на тым жа омскім 94-м арсенале. Паводле падлікаў аўтараў, на адной з пляцовак знаходзілася 134 гарматы, з іх знялі з захоўвання 50. На другой пляцоўцы з 65 наяўных вывезлі 50, на трэцяй было ўсяго 10, і ўсе вывезлі. Усяго з захоўвання тут, адпаведна, знялі 110 гармат.
На меншай па маштабе базе захоўвання ў Петразаводску было 80 адзінак (вывезлі 12), арсенал у пункце Лясны Гарадок у пачатку 2022 года змяшчаў 60 «Акацый» - вывезлі каля 40. На іншых пляцоўках сумарна ўдалося налічыць да 300 гаўбіц на захоўванні, іх не вывозілі.
На названых базах, як падлічылі аўтары, усяго было каля 840 самаходных гаўбіц «Акацыя», частку баявых машын на іншых аб'ектах не падлічылі «праз невялікую колькасць на захоўванні, адсутнасць свежых спадарожнікавых здымкаў або жудасны стан тэхнікі». Такім чынам, лічбу The Military Balance ў 1000 «Акацый» на захоўванні аўтары лічаць блізкай да ісціны. Агульная колькасць раскансерваваных самаходак ацэньваецца ў 160−170 штук, што прыкладна ў паўтара разу перавышае пацверджаныя страты.
Аднак аналітыкі адзначаюць, што частка САУ знаходзілася ў ангарах (дзе пацвердзіць наяўнасць ці адсутнасць тэхнікі цяжка), а частка здымкаў была састарэлай. Падводзячы вынік, аўтары пішуць, што суадносіны стратаў і колькасць раскансерваваных гармат можа дасягаць прыкладна 1:2 (то-бок з захоўвання маглі зняць прыкладна 240 «Акацый»).
122-мм самаходка 2С1 «Гваздзік»
2С1 «Гваздзік» - адзіная ў спісе самаходная гармата калібрам менш за 152 міліметры. Адпаведна, моц і дальнабойнасць 122-міліметровых снарадаў нашмат меншая, яны «дастаюць» усяго на 15 кіламетраў, што вельмі мала для сучаснай вайны.
Паводле звестак The Military Balance, па стане на пачатак вайны рэгулярныя войскі Расіі мелі 245 «Гваздзікоў» плюс каля 2000 на захоўванні. Пацверджаныя Oryx страты складаюць 65 штук.
Што да месцаў захоўвання, то большая частка знаходзілася на ўжо добра знаёмым нам найбуйнейшым 94-м арсенале ў Омску. Паводле спадарожнікавых здымкаў, на адной з пляцовак аб'екта было 363 «Гваздзікі» (да 2023 года вывезлі 60 штук), на другой было 210 самаходак (вывезлі таксама прыкладна 60), з астатніх пляцовак знікла да 20 машын.
Яшчэ адна частка састарэлых гаўбіц захоўваецца ўсяго за 150 кіламетраў ад межаў Украіны, на 120-м арсенале ў Бранскай вобласці. У 2021 годзе тут было як мінімум 160 штук, частка - у ангарах. Цяпер на тэрыторыі арсенала разгорнуты рамонтны хаб расійскай артылерыі, і на тэрыторыю аб'екта завозяць самую розную тэхніку - таму нешта пэўнае сказаць цяжка.
На іншых аб'ектах, дзе ўдалося выявіць «Гваздзікі», іх колькасць паміж 2021 і 2023 годам не змянілася. Робячы выснову, аўтары пішуць, што ўсяго ўдалося пацвердзіць наяўнасць каля 1200 штук. Улічваючы, што частка машын знаходзілася ў ангарах, аналітыкі мяркуюць, што лічбы бюлетэня The Military Balance ў 2000 старых самаходак на захоўванні могуць быць блізкія да ісціны. Рэальная колькасць наяўных «Гваздзікоў» у артыкуле ацэненая ў 1300−2000 адзінак. Раскансервавалі каля 150 штук, што прыкладна ўдвая больш за пацверджаныя страты.
Высновы
Падводзячы высновы, аўтары адзначаюць, што колькасць пацверджаных стратаў у два і больш разу саступае колькасці гармат аналагічнага класа, знятых з захоўвання. Адпаведна, рэальныя страты расійскіх самаходак аналітыкі ў выніку лічаць прыкладна ўдвая большымі, чым удаецца зафіксаваць расследавальнікам.
Усяго ж з захоўвання знялі, паводле падлікаў:
- каля 100 «Цюльпанаў»;
- каля 200 «Гіяцынтаў»;
- каля 100 «Півоняў»;
- каля 240 «Акацый»;
- каля 150 «Гваздзікоў».
Пры гэтым на базах захоўвання ўдалося налічыць:
- каля 150 гаўбіц «Мста-С»;
- каля 200 «Гіяцынтаў»;
- каля 100 «Півоняў»;
- каля 200 «Цюльпанаў»
- каля 840 «Акацый»;
- каля 1200 «Гваздзікоў».
Такім чынам, можна канстатаваць, што найбольш актыўна расіяне здымаюць з захоўвання сістэмы з прымальнай па сучасных мерках дальнабойнасцю - так, напалову выбраныя рэзервы гармат «Півоня» і «Гіяцынт» (аднак самую сучасную і грозную «Мсту-С» чамусьці не здымаюць з базаў). А больш за ўсё на складах засталося найменш каштоўных гармат - «Акацый» і «Гваздзікоў», якія маюць параўнальна нізкую дальнабойнасць (пры гэтым, мяркуючы з усяго, іх раскансервуюць даволі нізкімі тэмпамі ў параўнанні з наяўнымі запасамі). Магчыма, гэта звязана з нездавальняючым станам і магчымасцямі старых сістэм (у прыватнасці, з тым, што такія гаўбіцы цяжэй забяспечваць боепрыпасамі).
Які працэнт тэхнікі ўдалося вярнуць у строй, невядома. Перад адпраўкай на фронт раскансерваваная гармата мусіць прайсці дыягностыку і рамонт - практыка паказвае, што ў выніку гэтых мерапрыемстваў тэхніка цалкам можа застацца нябоегатовай.