«Першы ўдар будзе самым цяжкім». Расія рыхтуецца да наступу на абласны і важны прамысловы цэнтр Украіны — The Economist
25 лiстапада 2024 у 1732524180
Серафіма Птушкіна / «Зеркало»
Расія рыхтуецца кінуць на захоп Запарожжа 130 тысяч салдат. Пра гэта піша The Economist са спасылкай на суразмоўцаў ва ўкраінскай разведцы. Паводле іх, дакладныя тэрміны пачатку аперацыі невядомыя.
Цяпер лінія фронту праходзіць за 30 км ад украінскага абласнога цэнтра. У канцы 2022 года Уладзімір Пуцін абвясціў Запарожскую вобласць расійскай тэрыторыяй, нягледзячы на тое, што войска РФ захапіла толькі яе траціну.
Запарожжа - адзін з трох цэнтраў цяжкай прамысловасці, якія засталіся, і крытычна важны для выжывання Украіны як дзяржавы, піша The Economist.
Камандзір батальёна адной з украінскіх брыгадаў, якая ваюе на гэтым напрамку, расказаў, што для першапачатковага штурму горада расійскае камандаванне планавала адправіць дзве дывізіі (20 000−30 000 салдат), але палову пераскіравалі ў раён Курска.
«Яны яшчэ не гатовыя ўдарыць, але калі яны будуць гатовыя, першы ўдар будзе самым цяжкім», - заявіў суразмоўца выдання.
Цяпер вакол горада ўзводзяць новыя абарончыя ўмацаванні. Між тым расійская армія працягвае атакаваць абласны цэнтр ракетамі і планавальнымі бомбамі. Ажыла і лінія фронту, якая знаходзіцца за 30 км ад Запарожжа. Неўзабаве ў бой могуць кінуць 130 000 расійскіх салдат, заявіла яшчэ адна крыніца выдання.
«Паслухайце, у іх ніколі не будзе праблем з кадрамі. Яны заганяюць людзей у даўгі, у крэдыты і прымушаюць іх біцца. Яны не спыняцца», - цытуе The Economist камандзіра разгорнутай у Запарожжы брыгады хуткага рэагавання «Спартан» палкоўніка Аляксея Хільчанку.
Выданне піша, што расійскія войскі страчваюць ва Украіне да 1500 салдат за дзень, але вярбуюць на вайну больш, чым страчваюць.