Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра стварэнне камісіі для працы з ахвочымі вярнуцца на радзіму. Пра гэта ён заявіў, прымаючы з дакладам генеральнага пракурора Андрэя Шведа, паведамляе яго прэс-служба.
«Адно з найважнейшых пытанняў. Я сёння падпісаў указ, які падрыхтаваны групай спецыялістаў на чале з вамі аб разглядзе зваротаў грамадзян, што знаходзяцца за мяжой Беларусі, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў. Гэта якраз тое пытанне, якое мы абмяркоўвалі напярэдадні. Я паглядзеў і склад [камісіі], і іншае. Калі мы нешта тут ва ўказе не прадугледзелі, дастаткова ўлады ў генеральнага пракурора для таго, каб задзейнічаць увесь дзяржаўны апарат, дзяржслужбоўцаў для таго, каб вырашыць гэтую праблему з тымі збеглымі», — сказаў Лукашэнка.
«І трэба глядзець не толькі збеглых. Хтосьці з-пад плінтуса вылезе — яны ж разумеюць, што мы іх усё роўна знойдзем. Хтосьці звернецца ў камісію. Вы ў камісіі ўжо разберацеся», — дадаў ён.
Паводле яго словаў, у склад камісіі ўвайшлі людзі, «якія аказаліся сярод пацярпелых у выніку ўчыненых правапарушэнняў».
«Тады грамадства будзе разумець, што рашэнні прымаюць не Лукашэнка, Швед і іншыя — людзі, надзеленыя ўладай. Натуральна, што мы гэта павінныя арганізаваць і быць галоўнымі дзейнымі асобамі. Але і тыя, якія бачылі, што адбывалася, і цярпелі, і супраць іх здзяйсняліся нейкія акты гвалту ці правапарушэнні. Указ падпісаны. Я папрашу толькі, каб вы больш дэталёва людзям растлумачылі яшчэ раз, у чым сутнасць», — сказаў Лукашэнка.
Пра якую камісію гаворка
Раней Лукашэнка заяўляў пра стварэнне камісіі, у якую ўвойдуць «прадстаўнікі грамадскасці, дэпутацкага корпуса, службовыя асобы дзяржаўных органаў». Менавіта яна будзе вырашаць, могуць беларусы вярнуцца на радзіму ці не.
«Мы найбліжэйшым часам вырашым арганізацыйна-тэхнічныя пытанні, звязаныя з тым, што ў СМІ будуць пазначаны паштовыя, электронныя і іншыя адрасы, куды чалавек зможа ў электронным выглядзе або ў пісьмовым выглядзе накіраваць сваю заяву ў камісію. Да гэтай заявы, як мне ўяўляецца, трэба будзе прыкласці копію свайго пашпарта, пацвярджаючы грамадзянства Рэспублікі Беларусь. У заяве выкласці абставіны, звязаныя са знаходжаннем гэтай асобы за мяжой. Далей звесткі, якія ён мае з нагоды таго, што нібыта да яго могуць быць нейкія прэтэнзіі, і яго запэўніванні ў тым, што ён законапаслухмяны грамадзянін альбо ў далейшым будзе законапаслухмяным грамадзянінам, ніколі не парушыць беларускі закон, будзе паважаць нашую Канстытуцыю, нашае права і жыць па законах Рэспублікі Беларусь. Адпаведна, гэты зварот будзе разгледжаны ў самыя кароткія тэрміны камісіяй і будуць прынятыя рашэнні», — расказваў Андрэй Швед.
У выніку чалавек атрымае ад камісіі пісьмовы адказ, дзе яму растлумачаць, ці ёсць на ім «крыміналкі», па якіх артыкулах і што рабіць далей.
Паводле генпракурора, ёсць тры катэгорыі грамадзян, якія змогуць звярнуцца ў камісію.
«Гэта, па-першае, тыя, хто шчыра памыляецца наконт наяўнасці прэтэнзій з боку дзяржавы. Яны думаюць, што да іх ёсць нейкія прэтэнзіі, але насамрэч іх няма апрыёры. Адпаведна, мы растлумачым гэтую сітуацыю», — сказаў ён.
Да другой катэгорыі грамадзян адносяцца тыя, хто здзейсніў нязначныя правіны. Напрыклад, звязаныя з адміністрацыйнай адказнасцю, злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, але пры гэтым «яны памыляюцца адносна наступстваў сваіх дзеянняў». Такія грамадзяне, паводле Шведа, атрымаюць тлумачэнне і звесткі пра тое, як ім у адпаведнасці з беларускімі законамі тут можна дзейнічаць і якія захады распачаць.
Трэцяя катэгорыя грамадзян — гэта тыя, хто здзейсніў менш цяжкія злачынствы, раскаяўся, «публічна пра гэта заявіў, выклаў свае матывы раскаяння, запэўніванні».
Як завуць тых, што з’ехалі, і што з імі адбываецца
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 24 студзеня чарговым разам падняў тэму беларусаў, якія з’ехалі.
«У сувязі з гэтым я хацеў бы сёння абмеркаваць з вамі, як быць з тымі, хто яшчэ ўчора выступаў супраць дзяржавы (мы ўсе памятаем 2020 год), пакінуў краіну (хтосьці ў месцах не так аддаленых), а сёння раскаяўся, але баіцца вярнуцца назад ці звяртаецца да мяне з просьбай аб памілаванні. Я адчуваю, што ў асобнай часткі нашага грамадства з’явіўся запыт на дадзеную тэму. Я даручаў Адміністрацыі з удзелам грамадскасці прапрацаваць гэтае пытанне і прапанаваць механізм яго рашэння», — сказаў ён.
Гэтая рыторыка ашаламляльна адрозніваецца ад той, якую ён выкарыстаў год таму.
«Мая вам парада: дадому. Кайцеся і станавіцеся на калені. Заплаціце штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду, хаця б часткова, бо тое, што вы нарабілі, не хопіць ні вашай уласнасці, ні ўсяго таго, што вы заробіце наперад за сваё жыццё», — гаварыў Лукашэнка 28 студзеня 2022 года.
Пры гэтым тыя, хто, паверыўшы беларускім уладам, вяртаецца на радзіму, падвяргаецца рэпрэсіям — іх затрымліваюць і саджаюць.