Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «То, что Лукашенко не признал Крым, страшно раздражало Путина». Большое интервью «Зеркала» с последним послом Украины в России
  2. В Польше подписан закон, который касается и беларусов. Что меняется для мигрантов
  3. Стали известны зарплаты старших сыновей Лукашенко
  4. Легко ли беларусу устроиться на фабрику, куда Лукашенко пригласил мигрантов из Пакистана
  5. «Впервые за пять лет попросили показать второй паспорт». Как проходят проверки на границе Беларуси с ЕС
  6. Пропагандистку Ольгу Бондареву отчислили из университета
  7. Зачем Беларуси пакистанские рабочие и готово ли общество их принять? Мнение Льва Львовского
  8. «Это недопустимо». Лукашенко в очередной раз потребовал разобраться с вечной проблемой Минска
  9. США отменили гранты на демократию для стран бывшего СССР, в том числе Беларуси
  10. Десятки случаев. Узнали, как проходят проверки КГБ на железной дороге
  11. Основатель NEXTA попал в список Forbes «30 до 30»
  12. Что умеет программа, которой беларусские силовики «вскрывают» смартфоны? Рассказываем
  13. Российские войска перебросили дополнительные части под Торецк и активизировали использование бронетехники — с какой целью
  14. «Перад вачыма стаіць скурчаная Марыя Калеснікава, якую цягнуць з ШІЗА». Экс-палітзняволеная — пра жахі турэмнай медыцыны
  15. Лявончык пра Мельнікаву: «Ёсць інфармацыя адносна яе магчымага маршруту»
  16. «Мальчики не хотели причинить вреда девочкам. Они просто хотели их изнасиловать». История трагедии, в которую сложно поверить
  17. Кухарев заявил, что минчане получают по тысяче долларов в среднем. Но чиновник не учел важный момент
Читать по-русски


Алесь Мінаў

Полк Кастуся Каліноўскага вядомы як беларускае вайсковае падраздзяленне ў складзе УСУ, але ў яго шэрагах не толькі нашыя суайчыннікі. Каліновец Альбертас з пазыўным Дантыст — літовец, але прыехаў ва Украіну з Вялікабрытаніі, дзе скончыў інстытут і меў працу. Хлопец расказаў «Люстэрку» пра тое, як трапіў у беларускі батальён, што думае пра беларусаў, як увогуле выглядае яго праца як медыка падчас вайны.

Баец палка Каліноўскага літовец Дантыст. Фота: з асабістага архіва героя публікацыі
Баец палка Каліноўскага літовец Дантыст. Фота з асабістага архіва героя публікацыі

«Паспеў папрацаваць і ў Макдоналдсе, і ратавальнікам у басейне»

Альбертасу Глазаўскасу 29 гадоў. Ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, дзе сустрэліся яго бацькі.

— Мой бацька прыехаў у Піцер вучыцца на марака, потым працаваў у цывільным флоце, пазнаёміўся з маёй мамай, яна напалову руская, напалову беларуска, — расказвае хлопец. — У Пецярбургу я пражыў толькі 6 першых месяцаў свайго жыцця, потым нашая сям’я вярнулася на радзіму.

Але ў Літве яны не затрымаліся. Альбертасу было 14, калі праз эканамічны крызіс яго сям’я перабралася ў Вялікабрытанію. Там хлопец скончыў школу, пасля — каледж, дзе вывучыўся на спартовага трэнера. Пасля гэтага вучыўся ў Лонданскім спартовым інстытуце пры Мідлсэкскім універсітэце. Яго спецыяльнасць — рэабілітолаг.

— У Англіі я паспеў папрацаваць шмат дзе: і ў Макдоналдсе, і ратавальнікам у басейне, і нават кіраваў фургончыкам з марозівам. Падчас эпідэміі кавіду валанцёрыў ад Чырвонага Крыжа ў розных установах. Калі б ведаў наперад, пайшоў бы вучыцца на медыцыну, на парамедыка, — кажа Дантыст.

Хлопец прызнаецца, што ўсё жыццё хацеў пайсці ў войска: глядзеў шмат фільмаў пра вайну, займаўся ваенна-гістарычнымі рэканструкцыямі. Але не склалася: у Брытаніі не бралі праз літоўскае грамадзянства.

— Першапачаткова на вайну я не ехаў, я ехаў лячыць зубы. Таму і пазыўны ў мяне Дантыст, — смяецца хлопец. — Падлічыў, што ў Англіі выйдзе мінімум 6 тысяч еўра, а ва Украіне — 2 тысячы. Вось і вырашыў праехаць ва Украіну, каб сэканоміць і павандраваць. Я прыляцеў у Барыспаль 17 снежня 2021 года, тады ўжо было шмат размоваў пра тое, што Расія можа напасці. Але ж гэта такое: розумам разумееш, а сэрцам прымаць не хочаш. Думаў, максімум будзе абвастрэнне на Данбасе… Насамрэч мне было крыху сорамна, што я дагэтуль ніяк не дапамагаў Украіне, толькі ў думках падтрымліваў, а вайна ж ішла столькі гадоў.

24 лютага Альбертас, як і ўсе ўкраінцы, прачнуўся ад гукаў выбухаў і самалётаў. Выйшаў на двор і вёў жывую трансляцыю ўсяго, што адбывалася, на сваёй старонцы ў Facebook. Ужо пад вечар хлопец паехаў на таксі ў ваенкамат. Там расказаў, што ўмее крыху страляць (займаўся страйкболам), кіруе машынай і ведае англійскую мову. Але яму адмовілі: маўляў, замежнікаў не бяром.

Дантыст у тэраабароне. Кіеў, люты 2023 года Фота: з архіва героя публікацыі
Дантыст у тэрабароне. Кіеў, люты 2022 года Фота з архіва героя публікацыі

— Тады ў сацсетках я ўбачыў адрасы, дзе будуць раздаваць зброю для тэрабароны, знайшоў найбліжэйшы пункт і сеў на тралейбус. Дарогай бачыў грузавікі са скрынямі — зразумеў, што гэта акурат тую зброю вязуць, — гаворыць каліновец. — На месцы было 30 мужчын недзе па 30−40 гадоў. Выйшаў начальнік тэрабароны, спытаў, хто ўмее карыстацца помпавым драбавіком. А я некалі ў цір хадзіў, дык ведаў крыху, падняў руку. Мяне падвялі да жанчыны з гэтым драбавіком. Як я зразумеў, яна раней займалася паляваннем. Кажуць, будзеш другім нумарам: калі яе параняць ці заб’юць, падбярэш зброю і будзеш трымаць пазіцыю. Падняліся на мост, чакалі там рускія танкі — іх трэба было спыніць любой цаной. Крыху пазней падвезлі яшчэ зброю, пачалі раздаваць. Ніякіх дакументаў нават не пыталі, нічога, выдалі аўтамат і патроны. Быў поўны хаос, нібы ў камп’ютарнай гульні. Паставілі на пазіцыі ахоўваць. Я суткі прастаяў на станцыі метро «Мінская».

Там і сустрэў першых беларусаў: праехаў такі чорны джып з танаванымі вокнамі на беларускіх нумарах, выйшлі чатыры хлопцы маладыя, па 25−30 гадоў, адзін быў у вышыванцы. Нам махнулі і пайшлі ў бок адміністрацыі. Не маглі зразумець, хто гэта, узялі на прыцэл іх. А аказалася, што яны добраахвотнікі, шукаюць, дзе атрымаць зброю. Хацеў бы цяпер сустрэцца з імі, тады ж толькі здалёк бачыў…

Дантыст у тэраабароне Кіева. Украіна, сакавік 2023 года. Фота: з асабістага архіва героя публікацыі
Дантыст у тэрабароне Кіева. Украіна, сакавік 2022 года. Фота з асабістага архіва героя публікацыі

«Тут усе мараць пра вызваленне Беларусі»

Праз дзень кіраўніцтва тэрабароны запісала імя і прозвішча Альбертаса і нумар яго аўтамата. Хлопец тады запісаўся медыкам у рэзерв Абалонскай адміністрацыі. Так ён стаў валанцёрам медслужбы тэрабароны Падольскага раёна і атрымаў адпаведную даведку.

— Першы час стаяў на блакпастах, нават бачыў Юлію Цімашэнка. Машына з чорнымі вокнамі, пытаем: хто? Адкрываецца акно, і адтуль нам махае Цімашэнка і ўсміхаецца, — успамінае ён.

На блакпастах Альбертас стаяў у джынсах і паліто — у чым і прыйшоў па зброю. У пачатку сакавіка хлопец пачаў хадзіць на курсы па тактычнай медыцыне, а неўзабаве яго самога зрабілі трэнерам:

— Мы ўжо самі ездзілі па пунктах тэрабароны, вучылі байцоў. Тэрабарону трэніравалі проста ў акопах. Калі трохі фронт ад Кіева адсунуўся, ужо на нашую базу прыязджалі розныя падраздзяленні: і «Азоў», і іншыя. Пачалі нарэшце прыходзіць медыкаменты, бо спачатку іх вельмі не хапала.

У канцы красавіка ў Альбертаса пачаліся праблемы на блакпастах: тэрмін знаходжання ў краіне скончыўся, а з дакументаў была толькі даведка з тэрабароны. Трэба было размяркоўвацца ў афіцыйнае падраздзяленне, афармляць ваенны білет. Хлопец сачыў за сваімі суайчыннікамі, але стабільны літоўскі атрад так і не арганізаваўся. За тады яшчэ батальёнам Каліноўскага Альбертас, як ён сам прызнаецца, назіраў з першых дзён яго ўтварэння:

— Я б пайшоў да каліноўцаў і раней, але бачыў Кіта, Брэста, Літвіна ў інтэрв'ю. Думаў, там усе такія «Рэмба», прафесіяналы, — мяне не возьмуць, куды я там… А тут прачытаў у літоўскай газеце інтэв'ю з мужчынам, што 20 гадоў працаваў выбухатэхнікам у Літве, а калі пачалася тут вайна, пайшоў у ПКК. Да гэтага я не ведаў, што ў полк бяруць з літоўскім грамадзянствам. Дык вось у чэрвені пабачыў у іх паведамленне, што ў медслужбу набіраюць людзей. Я і напісаў. Мне адказалі, запрасілі на размову. Паразмаўлялі, мне далі выпрабаваўчы тэрмін два тыдні. Але ўжо на наступны дзень мяне паклікалі, прапанавалі пасаду начмеда (начальніка медыцынскай часткі. — Заўв. рэд.).

Атмасфера была добрая, усе вельмі матываваныя, я сапраўды быў рады, што аказаўся ў палку. Нават Брэста сустрэў неяк у калідоры, але ён літаральна праз некалі дзён загінуў, на жаль.

Дантыст падчас навучання навабранцаў. Фота: з асабістага архіва
Дантыст падчас навучання навабранцаў. Фота з асабістага архіва героя публікацыі

Чаму менавіта ПКК? У нас, па-першае, вельмі доўгая мяжа паміж Літвой і Беларуссю. У маіх жа інтарэсах мець адэкватнага суседа, а не дыктатара Лукашэнку. Я назіраў за пратэстамі 2020-га. Нават былі думкі прыехаць, але не сабраўся: кавідныя абмежаванні і іншае… Цяпер шкадую насамрэч.

Полк Каліноўскага адрозніваецца ад украінскіх частак. Тут вельмі адчуваецца, што вайна ва Украіне — другаснае. Тут усе мараць пра вызваленне Беларусі, адчуваецца, што кожнаму баліць сэрца за Беларусь. Мне гэта знаёма, бо я сам эмігрант. Шмат гадоў пражыў у Англіі, у Літву вяртаўся раз-два на год. Мне знаёмае гэтае пачуццё, калі вакол усё чужое. У палку адчуваецца рэвалюцыйны дух, асацыяцыі ідуць з паўстанцамі, партызанамі. Такі рэвалюцыйны настрой, прага пераменаў. Нават калі людзі не кажуць пра гэта, яно адчуваецца.

Бацькам пра сваю службу Альбертас паведамляў паступова: у першыя дні казаў, што сядзеў у бамбасховішчах, потым — што дапамагае рабіць барыкады, валанцёрыць у медпункце.

— Аднойчы даслаў фотку, а бацька пытае: «А чаму ты ў броніку?» Я кажу, што гэта сябар даў памераць, хаця сам стаяў у ім ужо пэўны час на блакпасце са зброяй, — гаворыць малады чалавек. — Ну так пакрысе і расказаў ім. Бацькі, вядома, хваляваліся спачатку, а потым прывыклі, зразумелі, што мне гэта ідзе на карысць, адчулі, што я ўнутрана змяніўся. Я і сам адчуваю: прайшло недзе 15 месяцаў гэтай вайны, а я нібы на 15 гадоў пасталеў.

У канцы ліпеня 2022-га ў Кіеў прыехала мая маці, яна амаль тры месяцы была валанцёрам у палку, у медпункце. У яе ж і досвед вялікі: працавала ў Англіі ў медыцыне. Тут лячыла нашых хлапцоў, мы на пару працавалі, яна мне тады вельмі дапамагла. Маці 56 гадоў, але выглядае яна маладзейшай, на 46.

Дантист на фронте. Украина. Фото: из личного архива героя публикации
Дантыст на фронце. Украіна. Фота з асабістага архіва героя публікацыі

«З пачаткам вайны ва Украіне я зразумеў, наколькі для мяне асабіста важная свабода»

Спачатку ў медыцынскай службе палка, прызнаецца наш суразмоўца, было даволі хаатычна, даводзілася выконваць адначасова шмат функцый. Так, Альбертас і прымаў хворых байцоў, і наведваў параненых у шпіталях, і праводзіў курсы медпадрыхтоўкі, і сартаваў медыцынскую гуманітарку, што прыходзіла з розных краін. У канцы лета — пачатку восені ездзіў на Запарожскі фронт пад Гуляйполе, яго група дзяжурыла літаральна за некалькі кіламетраў ад «перадка», падбіраючы і ратуючы параненых. Трапілі тады медыкі і пад мінамётны абстрэл, але абышлося.

— Цяпер у асноўным займаюся інструктарскай дзейнасцю — вучу рэкрутаў базавым рэчам, каб уратаваць жыццё ў выпадку ранення. Мне падабаецца мая праца, але ўсё ж мару працаваць у кейсваку (каманда, якая эвакуюе параненых, а потым перадае медыкам глыбей у тыл. — Заўв. рэд.) ля фронту. Цяпер трэба ўласным здароўем заняцца — бо на перадку трэба быць у ідэальнай форме, іначай доўга там не працягнеш. Таму, можа, у перспектыве займуся акурат такой справай, бо не люблю доўга сядзець на адным месцы.

Самы страшны эпізод, прызнаецца хлопец, нават не звязаны непасрэдна з баявымі сутыкненнямі. На пяты дзень вайны добраахвотнік напаткаў патруль і ўспомніў, што забыў дома ўсе свае дакументы:

— Тады ж увесь Кіеў проста ашалеў на тэме дыверсантаў. Іх, вядома, столькі і не было, колькі іх шукалі. Але тады абышлося: паказаў свой тэлефон, там большасць кантактаў была з тэрабароны. Таксама вельмі страшна, як вайна мяняе людзей. Быў у нас хлопец, аўтамеханік, мой сусед па пакоі. Потым ён перакваліфікаваўся на мінамётчыка, выправіўся на фронт і атрымаў моцную кантузію. Калі ён вярнуўся, я яго нават не пазнаў — абсалютна іншы чалавек. Быў вясёлы, вельмі гаваркі, пастаянна мне не даваў спаць, нешта расказваў… А тут увесь час ляжаў і практычна не размаўляў. А ён малады, майго ўзросту. З пазітыўных успамінаў — беларускі марш памяці Міхася Жызнеўскага 16 студзеня ў Кіеве, калі калона прайшла па цэнтры горада да Майдана. Я так пранікся! Гэта была для мяне быццам міні-версія таго пратэсту 2020 года ў Беларусі, цэлае мора вашых нацыянальных сцягоў, адчуў гэта на сабе, мяне вельмі натхніла і ўразіла, да слёз проста.

Альбертас думае па-літоўску, але ўжо можа крыху размаўляць на ўкраінскай мове і разумее беларускую. Кажа, што суразмоўцы адзначаюць у яго нават беларускі акцэнт.

Каліновец зазначае, што беларусы, на яго думку, моцна адрозніваюцца і ад літоўцаў, і ад украінцаў. Ён падкрэслівае паслухмянасць і імкненне датрымлівацца правілаў сярод знаёмых беларусаў:

— З аднога боку, гэта добра, з іншага — не вельмі. Нават калі я праводжу заняткі па тактычнай медыцыне, беларусы вельмі ўважліва слухаюць, не спрачаюцца, маўляў, нас вучылі па-іншаму. Яны адкрытыя да новага, неканфліктныя. З іншага боку, гэта адыграла злосны жарт, бо Лукашэнка так доўга пануе ў Беларусі.

Заставацца ва Украіне Альбертас плануе да перамогі. Кажа, што дакладна пойдзе з усімі ў выпадку, калі полк Каліноўскага рушыць вызваляць і Беларусь:

— Самая вялікая каштоўнасць для мяне — свабода. З пачаткам вайны ва Украіне я зразумеў, наколькі для мяне асабіста важная свабода: свабода выбару, дзеяння, перамяшчэння, выказвання і гэтак далей. Быць літоўцам, я лічу, — гэта мець свабоду і любоў ва ўсіх сэнсах. Для мяне любоў немагчымая без свабоды: несвабодны чалавек не можа паўнавартасна любіць. Ну і наадварот: свабода без любові таксама немагчымая.

А далей Альбертас хоча дапамагаць аднаўляцца байцам: не толькі фізічна, але і маральна.

— Таксама бачу сябе ў праектах Літва — Беларусь — Украіна, бо веру ў супольнасць краін паміж Балтыйскім і Чорным марамі: будзе і аднаўленне Украіны і Беларусі, і культурныя праекты, і г. д. Трэба будзе аднаўляць адносіны паміж нашымі краінамі, развіваць сувязі. Веру, неўзабаве так і будзе! — перакананы хлопец.