Барыс Гельфанд — шахматыст, фіналіст матча за званне чэмпіёна свету ў 2012 годзе, пераможца Кубка свету і шэрагу найбуйнейшых міжнародных турніраў. У 1998 годзе ўраджэнец Мінска пераехаў у Ізраіль. Ён заспеў за мяжой нядаўні напад баевікоў ХАМАС на яго краіну, але ўжо вярнуўся дадому, як і многія іншыя суайчыннікі. У інтэрв'ю «Люстэрку» Гельфанд расказаў пра сітуацыю ў Рышон-ле-Цыёне, дзе ён жыве, абаронны пакой, згуртаванасць ізраільцян, гнеў і стаўленне да арабаў.
«У аэрапортах былі адны ізраільцяне»
— Я гуляў турнір у Албаніі. Спаборніцтвы падыходзілі да канца — 7 кастрычніка акурат мусіў быць апошні тур. Мяне разбудзіў сын, — расказвае Гельфанд. — Прычым ён даў мне выспацца. Патэлефанаваў, калі я мусіў прачнуцца. Расказаў пра ўсё, што ведаў на той момант: як правялі ноч, як наш горад у Ізраілі бамбілі, колькі разоў родныя бегалі ў сховішча… Вядома, я адразу пачаў шукаць інфармацыю, якой на раніцу 7 кастрычніка было мала. Урыўкавыя звесткі. Дагэтуль мы ўсяго не ведаем… Па меры вызвалення кібуцаў адкрываюцца ўсё новыя жахі. Гэта нагадвае злачынствы Халакосту. Для габрэяў гэта пытанне выжывання.
— Што было далей?
— Пачаў думаць, як вярнуцца дадому. Многія кампаніі адмянялі рэйсы. У выніку з дзвюма перасадкамі праз Грэцыю і Кіпр удалося дабрацца ў Ізраіль толькі 10 кастрычніка. Такое адчуванне, што ў аэрапортах былі адны мае суайчыннікі. Некаторыя атрымалі позвы ў войска, іншыя перапынілі адпачынак за мяжой і хацелі хутчэй убачыць свае сем'і.
— Якая абстаноўка ў Рышон-ле-Цыёне сёння?
— Амаль увесь час я з сям’ёй дома. Апошнія колькі дзён было па некалькі сірэн. Мы ў пастаяннай гатоўнасці, што цягам 45 секунд трэба зайсці ў бамбасховішча. Выходзім на вуліцу хіба што ў краму. А так многія ўстановы адкрытыя — прынамсі да абеду. Заняткі ў школах, праўда, пакуль адмянілі — на наступным тыдні ўрокі будуць анлайн.
— Чаму 45 секунд?
— Мы знаходзімся прыкладна за 40 кіламетраў ад месца найбліжэйшага запуску ракет з сектара Газа. Гэты час, які, як разлічылі, дазваляе паспець схавацца.
— Што ўяўляе сабой вашае бамбасховішча?
— Ва ўсіх кватэрах у дамах, пабудаваных з пачатку 1990-х, мусіць быць абаронны пакой. Наш дом пабудавалі ў 1997-м. У пакоі шафы для адзення, крэслы, швейная машынка, на якой працуе дачка, запас вады. Плошча — 8−10 квадратных метраў. Раней мы не бавілі там шмат часу — ракеты нячаста даляталі. Думаю, цяпер памяшканне варта абсталяваць лепей.
У пакоі таксама ёсць вельмі шчыльнае акно, якое зачыняецца спецыяльнамі жалезнамі дзвярыма. Акрамя таго, ёсць дзверы ў сам пакой — яны ў два разы таўсцейшыя за звычайныя. Іронія лёсу: перад вяртаннем у Ізраіль быў у музеі злачынстваў, якія здзяйсняліся ў Албаніі ў камуністычныя часы. І турэмная камера, прадстаўленая ў музеі, зачынялася дакладна такімі ж жалезнымі дзвярыма, як у нас у кватэры.
«Усе палітычныя лідары аб’ядналіся«
— Напад ХАМАС быў раптоўным?
— Так, ніхто не чакаў. Відаць, кіраўніцтва краіны паверыла, што небяспека Ізраілю не пагражае. Магчыма, з пункту гледжання логікі так і было, але не ўсе дзеянні, як мы бачым, падпарадкоўваюцца здароваму сэнсу… Усе ў шоку ад трагедыі. Забойствы дзяцей, людзей, якія перажылі Халакост… Практычна ўсіх закранула. У мяне сваячка цудам выбралася жывой з музычнага фестывалю… Такіх кашмараў яшчэ не было ў гісторыі краіны.
— Ізраільцяне абвінавачваюць у тым, што здарылася, войска, палітыкаў?
— Вайскоўцаў — не. А вось у палітычным плане сітуацыя апошнія паўгода была сапраўды вельмі кепская. Вялікае напружанне паміж урадам і тымі, хто яго не падтрымлівае, штотыднёвыя дэманстрацыі. Было сорамна чуць, якія словы яны выкрыквалі адно аднаму. З таго, што чытаю, вельмі падобная сітуацыя сёння ў Польшчы — грамадства фактычна расколатае.
Але ведаеце што? Калі пачалася вайна, то ўсе палітычныя лідары аб’ядналіся і ўзялі ў рукі зброю. Буйныя бізнесоўцы, іх дзеці, былыя і цяперашнія чыноўнікі таксама запісаліся ў добраахвотнікі. У некаторых ужо загінулі дзеці. І цяпер ранейшыя праблемы здаюцца настолькі дробязнымі… На жаль, з’яднала ўсіх толькі трагедыя.
Вяртаючыся да вашага пытання. Мая жонка — журналістка. Яна брала інтэрв'ю паўгода таму ў прататыпа серыяла «Фаўда» — ізраільскага разведчыка. Ён сказаў, што, магчыма, палітычныя рознагалоссі ў краіне паўплываюць на планы тэрарыстаў. Маўляў, атака не знішчыць Ізраіль, але, на яго думку, дасць ворагу ілюзію, што гэта можна зрабіць. На жаль, прадказанне спраўдзілася.
— Растлумачце, чаму вы не павезлі сям’ю за мяжу, а наадварот, імкнуліся самі хутчэй вярнуцца?
— У мяне, дарэчы, гэта пытаюць і некаторыя знаёмыя. Не ведаю, з’язджаюць у асноўным турысты. А мы мусім быць дома, абараняцца і дапамагаць адно аднаму. Хтосьці страціў блізкіх, хтосьці — дом, камусьці патрэбная маральная падтрымка. У Рышон-ле-Цыёне чарга на здачу крыві ў першыя дні была на пяць гадзін. Патрэбы арміі таксама маментальна закрываліся. Вялізныя чэргі папоўніць шэрагі валанцёраў — туды не прабіцца. Проста ізраільцяне — згуртаваны народ. Усе гэтыя нядаўнія рознагалоссі ўжо забытыя. Наогул не ўпершыню заўважаю: у крызісных сітуацыях у нас людзі робяцца мякчэйшымі, спагадлівейшымі. Знікае нахабства. І, паўтаруся, палітыкі, іх дзеці, у нас не бягуць за мяжу, а робяць усё для перамогі.
Для тых, хто не ў курсе, раскажу гісторыю, пра якую шмат пісалі. На музычным фестывалі, які праходзіў побач з сектарам Газа, загінула дзяўчына з Бразіліі. Мама і сястра, якія таксама жылі ў Ізраілі, перажывалі, што на пахаванне ніхто не прыйдзе. У выніку, каб іх падтрымаць, прыехала 10 тысяч незнаёмых людзей.
«У сектары Газа няма ніякіх законаў«
— Як рэагуюць вашыя дзеці на сітуацыю?
— Зразумела, што перажываюць, як і ўсе, але імкнуцца трымацца. Дачцэ 18 гадоў, сыну — 12. Ужо дарослыя. Дачка ў лютым наступнага года пойдзе ў войска. Сама вельмі хоча. Будзе служыць не стандартныя для жанчын два гады, а тры.
— Вам было калі-небудзь так страшна, як у гэтыя дні?
— Страх — няправільнае слова. Ізраіль робіць што можа. Хутчэй, шмат болю і гневу. Абсалютна незразумела, як будзе развівацца сітуацыя. Адзначу, што ўпершыню за апошнія гады нас падтрымлівае амаль увесь цывілізаваны свет.
— У вас ёсць сябры-арабы?
— У шахматным свеце — вядома.
— Не баіцеся, што ў Ізраілі пачнуць спаганяць злосць на арабах?
— Многае будзе залежаць ад пазіцыі іх лідараў. Ізраільскіх арабаў — каля двух мільёнаў. Ёсць і мусульмане, і хрысціяне. Яны прадстаўленыя сваімі партыямі ў парламенце. З імі ў цэлым былі няпростыя адносіны, але людзі жывуць, працуюць. Іх узровень жыцця ў Ізраілі лепшы, чым амаль ва ўсіх арабскіх краінах свету. Напрыклад, шмат дактароў, фармацэўтаў.
— А арабы ў сектары Газа?
— Там кіруе ХАМАС. Людзі, якія жывуць у сектары Газа, — закладнікі. Тэрарысты выкарыстоўваюць іх у якасці жывога шчыта, няма ніякіх законаў. Гэта вельмі складанае пытанне, але, мне здаецца, там усе нясуць адказнасць за тое, што адбываецца. Думаю, пасля 7 кастрычніка нават у самых вялікіх аптымістаў зніклі апошнія ілюзіі, што шматгадовы канфлікт скончыцца мірна.
— Ці рэальна сёння справіцца з нянавісцю і не страціць веру ў чалавечнасць у прынцыпе?
— Тут, напэўна, больш пытанне да псіхолагаў. Скажу толькі, што, як паказвае сітуацыя, з кожным можна гаварыць толькі на той мове, якую ён разумее. Нельга не раззлавацца, калі бачыш усе руіны, трупы… Што ж, мы гатовыя да працяглага супрацьстаяння. А хутка спаліць нервы, растраціць сілы — гэта дакладна не дапаможа.
Чытайце таксама


