Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Цяперашні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Зімбабвэ беларуская прапаганда прадстаўляе як знешнепалітычны прарыў — тое, што адбываецца ў Афрыцы, максімальна падрабязна асвятляецца дзяржСМІ. У гэтым няма нічога дзіўнага: пасля 2020 года геаграфія паездак беларускага палітыка сціснулася да беспрэцэдэнтна малых маштабаў, а таму нават візіт у Зімбабвэ даводзіцца рабіць падзеяй. Цікава іншае: у найноўшай гісторыі паўднёваафрыканскай краіны знаходзіцца нямала паралеляў з апошнімі дзесяцігоддзямі гісторыі Беларусі. А шлях да ўлады цяперашняга прэзідэнта Зімбабвэ, які абдорвае Лукашэнку прыязнасцю, цалкам можа прымусіць апошняга задумацца пра свае перспектывы. Расказваем пра гэтыя паралелі і пра тое, чаму Эмерсан Мнангагва — вельмі цікавая постаць для беларусаў.

З Радэзіі ў Зімбабвэ

Пасляваенная гісторыя тэрыторыі, якая пазней атрымала назву Зімбабвэ, не вельмі тыповая для Афрыкі. У пераважнай большасці былых еўрапейскіх калоній на кантыненце пасля атрымання незалежнасці ў 1960−1970-х гадах да ўлады прыйшлі прадстаўнікі карэнных афрыканскіх этнасаў. У былой брытанскай калоніі Паўднёвая Радэзія ўсё склалася іначай.

Хаця з 4,5 мільёна жыхароў калоніі толькі 275 тысяч адносіліся да прадстаўнікоў еўрапеоіднай расы, яны ўтрымалі ўладу ў працэсе дэкаланізацыі, адмовіліся перадаць яе на патрабаванне Вялікабрытаніі афрыканскай большасці і ў лістападзе 1965 года ў аднабаковым парадку абвясцілі незалежнасць дзяржавы, якая атрымала назву Радэзія. Суверэнітэт гэтай краіны, дзе ва ўладзе знаходзіўся рэжым белай меншасці, які нагадваў рэжым апартэіду ў суседняй ПАР, не быў прызнаны сусветнай супольнасцю. Нават самыя прыязныя да Радэзіі ПАР і Партугалія ўстрымаліся ад афіцыйнага прызнання радэзійскага суверэнітэту, не жадаючы псаваць адносіны з Вялікабрытаніяй.

Яшчэ ў той час, калі Радэзія захоўвала вернасць брытанскай кароне, прадстаўнікамі яе карэнных народаў была заснаваная партыя Паўднёварадэзійскі афрыканскі кангрэс. У пачатку 1960-х да яго далучыўся школьны настаўнік Роберт Мугабэ, які хутка выйшаў на першы план дзякуючы розуму і прамоўніцкаму дару.

Бронеавтомобиль Eland родезийской армии в 1979 году. На заднем плане — трофейный танк Т-55 польского производства. Фото: © John Wynne Hopkins / Wikimedia Commons, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org
Бронеаўтамабіль Eland радэзійскай арміі ў 1979 годзе. На заднім плане — трафейны танк Т-55 польскай вытворчасці. Фота: © John Wynne Hopkins / Wikimedia Commons, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

Амаль уся гісторыя незалежнай Радэзіі складалася з бесперапыннай барацьбы супраць розных (і часта варожых адна адной) груповак афрыканцаў, якіх падтрымлівалі суседнія дзяржавы і звязаныя з СССР, Кубай і Кітаем. Уладам Радэзіі ў сваю чаргу дапамагала ПАР. А ў частках радэзійскай арміі служыла шмат добраахвотнікаў з Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі, Ізраіля і іншых краін.

Грамадзянская вайна з рознай ступенню інтэнсіўнасці доўжылася да 1979 года, калі пры пасярэдніцтве брытанцаў было падпісанае мірнае пагадненне паміж «белымі» ўладамі Радэзіі і афрыканскай апазіцыяй. Улада ў краіне часова вярнулася ў рукі брытанскай каланіяльнай адміністрацыі, якая занялася падрыхтоўкай дэмакратычных парламенцкіх выбараў.

Афрыканская Беларусь

Тут пачынаюцца дзіўныя паралелі з беларускай найноўшай гісторыяй, пра якія згадвалася ў пачатку тэксту. На першых і, магчыма, адзіных дэмакратычных выбарах у Зімбабвэ ў 1980 годзе перамагла партыя былога школьнага настаўніка Мугабэ, які стаў прэм’ер-міністрам (першай асобай дзяржавы ў парламенцкай рэспубліцы). Як і Лукашэнка, які прыйшоў да ўлады праз 14 гадоў, Мугабэ не пачаў з ходу закручваць гайкі.

На здзіўленне як праціўнікаў, так і аднадумцаў у краіне не пачаўся пераслед жыхароў еўрапейскага паходжання, і нават на высокіх пасадах у войску засталіся «белыя» афіцэры. Як і Лукашэнка, у пачатковы перыяд знаходжання ва ўладзе Мугабэ бываў у сталіцах заходніх дзяржаваў. Наогул, мала хто чакаў, што ён будзе кіраваць вельмі доўга: на першы погляд былы настаўнік і рэвалюцыянер ствараў уражанне чалавека, які разумее дэмакратычныя працэдуры і гатовы ім падпарадкоўвацца.

Роберт Мугабе и Николае Чаушеску в 1976 году. Фото: wikipedia.org
Роберт Мугабэ і лідар сацыялістычнай Румыніі Нікалае Чаўшэску ў 1976 годзе. Фота: wikipedia.org

Але ўжо вельмі хутка Мугабэ прыступіў да засяроджвання ўлады ў сваіх руках. Перамогшы ў канфлікце супраць варожых сіл, ён усталяваў у краіне аднапартыйную сістэму (вядома, кіраўнічай партыяй была тая, якую ўзначальваў сам Мугабэ). Барацьба супраць палітычных супернікаў была вельмі жорсткай. Для здушэння паўстання ў не згодным з палітыкай Мугабэ рэгіёне Матабеленд задзейнічалі армейскую частку — 5-ю парашутную брыгаду. Гэтае падраздзяленне, падрыхтаванае паўночнакарэйскімі інструктарамі, стала, па сутнасці, асабістай гвардыяй дыктатара і практыкавала забойствы людзей, западозраных у сувязях з паўстанцамі, масавыя катаванні і згвалтаванні.

Іншы герой гэтага артыкула, Эмерсан Мнангагва (вернемся да яго крыху пазней) на той час быў ужо міністрам дзяржаўнай бяспекі Зімбабвэ. Тых, хто паўстаў супраць улады Мугабэ, высокапастаўлены сілавік называў «прусакамі» (пазней падобная тэрміналогія будзе распаўсюджаная падчас жудаснага генацыду ў Руандзе), а 5-ю брыгаду — «дустам» (сродкам для барацьбы з насякомымі).

У 1982 годзе Мугабэ ўпершыню ўмяшаўся ў чужую вайну, адправіўшы зімбабвійскіх вайскоўцаў на падтрымку ўрадавых сіл у суседні Мазамбік. Да канца 1985 года невялікі спачатку кантынгент павялічыўся да 12 тысяч чалавек з авіяцыяй, артылерыяй і бранятэхнікай. У выніку вайна прыйшла і на тэрыторыю Зімбабвэ — мазамбікскія паўстанцы пачалі здзяйсняць налёты туды, спальваючы фермы, вёскі і мініруючы дарогі. Зімбабвэ давялося ўдзельнічаць у гонцы ўзбраенняў і разгортваць для абароны мяжы новую брыгаду ў складзе свайго войска.

У 1987 годзе афрыканскі дыктатар змяніў Канстытуцыю, скасаваўшы пасаду прэм’ер-міністра і прызначыўшы сябе прэзідэнтам краіны. Адначасова ў краіне раскручваўся махавік рэпрэсій супраць грамадзян, якія выказвалі незадаволенасць пагаршэннем узроўню жыцця.

Характэрнай рысай зімбабвійскіх рэпрэсій было «ўцягванне» ў лік іх ахвяр усіх слаёў насельніцтва: ад сялян да найвышэйшых службовых асобаў. Напрыклад, першы прэзідэнт Зімбабвэ (прэзідэнцкі пост існаваў у краіне і да 1987 года — праўда, са значна меншымі паўнамоцтвамі) быў кінуты ў турму па выдуманым абвінавачанні ў гомасэксуальнасці.

Падтрымаўшы ў 2000 годзе з папулісцкімі мэтамі кампанію па канфіскацыі зямельных участкаў у фермераў еўрапейскага паходжання, ён у выніку дамогся таго, што ў Зімбабвэ, якая карміла да яго эксперыментаў палову Афрыкі, прыйшоў голад.

Мугабэ трапіў у заганнае кола, з якім нядрэнна знаёмыя і беларусы. Імкнучыся расправіцца з палітычнымі супернікамі, ён забіраў іх маёмасць і выціскаў з краіны. Праз гэта ў Зімбабвэ з’яўляліся новыя эканамічныя праблемы, у якіх дыктатар абвінавачваў палітычных праціўнікаў — і кола пракручвалася зноў. Заканамерным вынікам гэтых эканамічных эксперыментаў стала рэкордная гіперінфляцыя, якая складала тысячы працэнтаў у месяц і дасягнула ў лістападзе 2008 года фантастычнай велічыні ў 79,6 мільярда працэнтаў. На практыцы гэта выглядала так: калі 4 ліпеня 2008 года бляшанка піва ў зімбабвійскім бары каштавала 100 мільярдаў мясцовых даляраў, то ўжо праз гадзіну — 150 мільярдаў.

Банкнота достоинством в 100 триллионов зимбабвийских долларов. Фото: общественное достояние, commons.wikimedia.org
Банкнота вартасцю 100 трыльёнаў зімбабвійскіх даляраў. Фота: commons.wikimedia.org
Пять миллионов рублей. Расчётный билет Национального Банка Беларуси образца 1999 года. Фото: National Bank of Republic of Belarus. nbrb.by, общественное достояние, commons.wikimedia.org
Пяць мільёнаў рублёў. Разліковы білет Нацыянальнага банка Беларусі ўзору 1999 года. Фота: National Bank of Republic of Belarus. nbrb.by, commons.wikimedia.org

З дапамогай далейшых мадэрнізацый Канстытуцыі Мугабэ дазволіў сабе заставацца прэзідэнтам пажыццёва. Узурпацыя ўлады, жорсткія расправы з апазіцыяй і перадзел земляў фермераў еўрапейскага паходжання завялі рэжым палітыка ў ізаляцыю. У 2002 годзе Зімбабвэ адхілілі ад удзелу ў радзе Садружнасці нацый (посткаланіяльнага аб’яднання Вялікабрытаніі, яе былых уладанняў і некаторых іншых дзяржаваў), а Еўрасаюз забараніў Мугабэ і яго атачэнню ўезд на сваю тэрыторыю. Нават традыцыйна прыязныя Зімбабвэ суседнія афрыканскія краіны пачалі ставіцца да яго ўладаў крытычна. Былы прэзідэнт Замбіі Кенэт Каўнда, які дапамагаў паўстанцам суседняй краіны яшчэ ў часы Радэзіі, раіў Мугабэ «закапаць сякеру вайны і заняцца эканамічнымі праблемамі, а не ваяваць з прывідамі каланіялізму».

Погляд у альтэрнатыўную сучаснасць і магчымую будучыню Беларусі

Назапашаныя ўнутраныя і знешнія праблемы Зімбабвэ сталі поўным фіяска для рэжыму Мугабэ. Састарэлы палітык працягваў утрымліваць уладу, але не меў ніякага ўяўлення пра тое, як нармалізаваць сітуацыю ў краіне.

Прэзідэнцкія выбары 2008 года ў Зімбабвэ ў некаторых аспектах былі падобныя да тых, што здарыліся ў Беларусі ў 2020 годзе. Апазіцыйны лідар Морган Цвангіраі ў першым туры набраў 48% галасоў, а Мугабэ — 43%. Пасля гэтага Цвангіраі некалькі разоў затрымлівала паліцыя, аднойчы для яго вызвалення спатрэбіўся званок прэзідэнта суседняй ПАР. За некалькі тыдняў да другога тура выбараў палітык зняў сваю кандыдатуру, патлумачыўшы рашэнне запалохваннем і пераследам яго прыхільнікаў. У безальтэрнатыўнай другім туры Мугабэ перамог з афіцыйным вынікам 85,5% «за».

Гэты электаральны фокус абярнуўся для Зімбабвэ санкцыямі з боку ЕС і негатыўнай рэакцыяй афрыканскіх суседзяў. У гэтым месцы пазначыліся разыходжанні з беларускімі падзеямі 2020 года. 84-гадовы Мугабэ быццам не трымаўся за ўладу і ў верасні 2008 года пагадзіўся заключыць пагадненне з апазіцыяй, што пацягнула стварэнне кааліцыйнага ўрада і прызначэнне Цвангіраі прэм’ер-міністрам. У рэаліях нашай краіны гэта выглядала так, як калі б Лукашэнка пад ціскам беларусаў і сусветнай супольнасці ў 2020 годзе прызначыў прэм’ер-міністрам, напрыклад, Віктара Бабарыку, а некалькі міністэрскіх партфеляў раздаў бы іншым прадстаўнікам апазіцыі.

Флаг Зимбабве. Фото: Flickr / Terry Feuerborn
Сцяг Зімбабвэ. Фота: Flickr / Terry Feuerborn

Такая згодлівасць дыктатара, які захаваў за сабой прэзідэнцкую пасаду, стала зразумелая даволі хутка. Ужо ў сакавіку 2009 года аўтамабіль прэм’ер-міністра Цвангіраі трапіў у сур’ёзную аварыю, у якой загінула яго жонка. У 2013 годзе ён прайграў Мугабэ чарговыя прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі са шматлікімі парушэннямі. У тым жа годзе ў Зімбабвэ быў праведзены рэферэндум для ўхвалы новага варыянту Канстытуцыі, па выніках якога пасада прэм’ер-міністра ў краіне была ліквідаваная — і Цвангіраі наогул пазбавіўся ўлады. Тым не менш урад, які ён узначальваў, за пяць гадоў паспеў вывесці эканоміку краіны са штопара.

Такім чынам, у 2013 годзе амаль 90-гадовы дыктатар зноў займеў усю паўнату ўлады над Зімбабвэ. Старэчы ўзрост абвастрыў барацьбу ў лагеры прыхільнікаў Мугабэ, адной з фракцый якіх кіраваў яго даўні паплечнік, віцэ-прэзідэнт Эмерсан Мнангагва, што меў мянушку Кракадзіл. Мнангагва прайграў у паддывановай барацьбе першай лэдзі Зімбабвэ Грэйс Мугабэ і 6 лістапада 2017 года быў вымушаны збегчы ў ПАР.

Жонка дыктатара, якому ў той час ішоў 94-ы год, і запусціла ланцужок падзей, што прывялі да яго рэальнага адхілення ад улады. «Разабраўшыся» з Мнангагвам, яна вырашыла расставіць сваіх людзей на ключавых пасадах у арміі. Для гэтага трэба было прыбраць непажаданых — і вось тут здарылася асечка. Камандуючы сіламі абароны краіны генерал Канстанціна Чывенга 14 лістапада 2017 года запатрабаваў спыніць палітычныя чысткі ў войску. Падкантрольныя Грэйс Мугабэ СМІ абвінавацілі вайскоўца ў мяцяжы — і той адрэагаваў уводам у сталіцу Зімбабвэ Харарэ салдат з бранятэхнікай.

Ваенны пераварот у Зімбабвэ прайшоў досыць мякка. Паколькі Мугабэ адмовіўся ісці ў адстаўку добраахвотна, юрыдычна яго адхіленне ад улады было праведзенае ў форме імпічменту ў парламенце. Сам дыктатар атрымаў 10 мільёнаў даляраў ЗША «адступных» і імунітэт ад крымінальнага пераследу, а таксама захаваў за сабой «прэзідэнцкую» зарплату ў 150 тысяч даляраў да самай смерці, пасля якой палову гэтай сумы будзе атрымліваць яго жонка. У снежні 2017 года Мугабэ пакінуў радзіму і памёр у Сінгапуры ў 2019 годзе ва ўзросце 95 гадоў.

Новым прэзідэнтам краіны стаў Эмерсан «Кракадзіл» Мнангагва, які вярнуўся з эміграцыі. Сваю мянушку ён атрымаў яшчэ ў маладосці, калі ваяваў супраць уладаў Паўднёвай Радэзіі і тэрарызаваў еўрапейскае насельніцтва краіны ў складзе атрада «Банда кракадзілаў». За забойствы, учыненыя ў гэты перыяд, у 1965 годзе Мнангагва быў асуджаны на смяротнае пакаранне. Прысуд быў заменены на 10 гадоў пазбаўлення волі як няпоўнагадоваму. Пасля вызвалення будучы прэзідэнт быў дэпартаваны ў Замбію, дзе вывучыўся на юрыста і пазнаёміўся з Мугабэ. Пасябраваўшы з партыйным лідарам, ён стаў яго асабістым целаахоўнікам і заняў высокае становішча ў асяроддзі паўстанцаў, якія змагаліся супраць радэзійскіх уладаў.

Змена састарэлага Мугабэ на 75-гадовага чалавека, які прайшоў баявую падрыхтоўку ў Кітаі, у маладосці займаўся тэрорам мірных грамадзян, а ў 1980-я ўдзельнічаў у страшным генацыдзе народа ндэбеле ў Матабелелэндзе, не абяцала Зімбабвэ дэмакратызацыі і прыкметнага пашырэння правоў і свабодаў грамадзян. Даўні паплечнік Мугабэ дапамагаў яму ва ўціску апазіцыі. Калі верыць архівам WikiLeaks, то, паводле ацэнкі Дзярждэпа ЗША 2000 года, Мнангагву «баяліся і ненавідзелі па ўсёй краіне» — сцвярджалася, што ён «можа быць яшчэ больш схільным да правядзення рэпрэсій лідарам, чым сам Мугабэ».

Александр Лукашенко и президент Зимбабве Эмерсон Мнангагва в 2019 году в Минске. Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва ў 2019 годзе ў Мінску. Фота: president.gov.by

Тым не менш спачатку пэўная лібералізацыя ў Зімбабвэ ўсё ж адбылася. Мнангагва спрабаваў дыстанцыявацца ад «спадчыны» свайго ранейшага паплечніка і паабяцаў кампенсацыю фермерам еўрапейскага паходжання, якія страцілі сваю зямлю падчас эканамічных эксперыментаў папярэдніка. Таксама ён імкнуўся навесці масты з Захадам.

Зрэшты, ужо ў 2019 годзе зімбабвійскія ўлады жорстка здушылі пратэсты, якія ўспыхнулі ў краіне пасля павышэння цэн на паліва адразу на 130% (пасля гэтага аўтамабільнае паліва ў Зімбабвэ стала самым дарагім у свеце). Падчас здушэння пратэстаў 12 чалавек былі забітыя сілавікамі, а вельмі многія жорстка збітыя. Цуду не здарылася: паплечнік дыктатара, які атрымаў уладу ў выніку ваеннага перавароту, не стаў пасля гэтага гуманістам і прыхільнікам дэмакратыі.