У Мінабароны Расіі заявілі, што штурмавыя добраахвотніцкія атрады пры падтрымцы тульскіх дэсантнікаў працягваюць паспяховае наступленне на Данецкім напрамку. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што нанеслі ўдары па 10 раёнах канцэнтрацыі жывой сілы і тэхнікі арміі РФ. У Інстытуце па вывучэнні вайны папярэджваюць, што NATO ўжо цяпер трэба рыхтавацца да новай рэальнасці, у якой Беларусь будзе цалкам падпарадкаваная РФ.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 364-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі атакі каля 7 населеных пунктаў
За мінулыя суткі расійскія войскі правялі 59 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Знішчаныя і пашкоджаныя цывільныя жылыя дамы, ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках абстрэлам падвергліся раёны 25 населеных пунктаў; на Купянскім і Ліманскім — 12; на Бахмуцкім напрамку абстрэлам падвергліся раёны 21 населенага пункта; на Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках праціўнік з артылерыі абстраляў 14 населеных пунктаў; на Запарожскім — 15. На Херсонскім напрамку ад агню з РСЗА пацярпеў горад Херсон, ёсць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва. Таксама пад удар артылерыі трапілі раёны 18 населеных пунктаў.
— Праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках.
— За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Куземаўка і Дзіброва Луганскай вобласці і Фёдараўка, Ягаднае, Бярхоўка, Бахмут і Курдзюмаўка ў Данецкай вобласці.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла восем удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў і два ўдары па зенітна-ракетных комплексах.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі два раёны канцэнтрацыі жывой сілы праціўніка.
У Генштабе таксама заяўляюць, што на акупаваных тэрыторыях Херсонскай вобласці працягваецца гвалтоўная пашпартызацыя насельніцтва. Усім грамадзянам, якія не атрымаюць пашпарты РФ, пагражаюць высяленнем.
Мінабароны РФ: страты УСУ растуць
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў Данецкай вобласці нанеслі ўдары па пункце кіравання 72-й механізаванай брыгады УСУ і пункце часовай дыслакацыі падраздзялення замежных добраахвотнікаў.
— На Купянскім напрамку агнём артылерыі і актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў «Заходняй» групоўкі войскаў нанесенае паражэнне жывой сіле праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае Луганскай вобласці і Масютоўка Харкаўскай вобласці. Знішчаныя звыш 40 вайскоўцаў УСУ і два пікапы.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку падчас наступальных дзеянняў падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр», агню артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Стальмахоўка, Неўскае Луганскай вобласці і Ямполаўка Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя больш за 135 украінскіх вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, чатыры баявыя браніраваныя машыны, дзве самаходныя гаўбіцы «Гваздзік» і адна гаўбіца Д-20.
— На Данецкім напрамку працягваюцца паспяховыя наступальныя дзеянні штурмавых добраахвотніцкіх атрадаў пры падтрымцы падраздзяленняў тульскага злучэння Паветрана-дэсантных войскаў, штурмавой авіяцыі ВКС Расіі, а таксама агню артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм «Паўднёвай» групоўкі войскаў. Страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі да 250 вайскоўцаў забітымі і параненымі, пяць баявых браніраваных машын, шэсць аўтамабіляў і гаўбіца Д-20. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Кацярынаўка Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 68-й пяхотна-егерскай брыгады УСУ.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку артылерыяй групоўкі войскаў «Усход» нанесенае комплекснае агнявое паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар і Прачыстоўка Данецкай вобласці. У выніку знішчаныя да 65 вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, гаўбіца Д-20 і гаўбіца Д-30.
— На Херсонскім напрамку падчас контрбатарэйнай барацьбы за суткі знішчаныя дзве гаўбіцы Д-30. Таксама ў раёнах населеных пунктаў Антонаўка і Чарнабаеўка Херсонскай вобласці пабітыя склады боепрыпасаў 123-й і 126-й брыгад тэрытарыяльнай абароны.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесеныя ўдары па 84 артылерыйскіх падраздзяленнях УСУ, жывой сіле і тэхніцы ў 113 раёнах. У раёне горада Сумы нанесены ўдар па цэху вытворчасці і рамонту буйнакаліберных мінамётаў і боепрыпасаў для УСУ. Збітыя дзевяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS, знішчаныя дзесяць беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Пуціну цалкам пад сілу ўзяць пад кантроль Беларусь
Дакумент пра ўзмацненне расійскага ўплыву ў Беларусі, які трапіў да журналістаў, сведчыць пра тое, што NATO мусіць сур’ёзна падрыхтавацца да рэальнасці, у якой Расія будзе кантраляваць Беларусь. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны.
Эксперты нагадваюць, што і раней папярэджвалі пра тое, што Пуцін, хутчэй за ўсё, даб’ецца значных поспехаў у аднаўленні кантролю над Беларуссю, незалежна ад выніку яго ўварвання ў Украіну. Калі Захад дазволіць прэзідэнту РФ захаваць свае цяперашнія заваяванні ва Украіне, асабліва ў Крыме і ўсходняй частцы Херсонскай вобласці, тады Крэмль зможа выкарыстоўваць як акупаваныя беларускія, так і ўкраінскія тэрыторыі, каб яшчэ больш пагражаць Украіне і ўсходняму флангу NATO, лічаць у ISW.
«У якасці альтэрнатывы Захад мог бы паставіць умовы будучыні, у якой тэрытарыяльна адзіная Украіна стане надзейным ваенным партнёрам у абароне усходняга флангу NATO ад Расіі і акупаванай Расіяй Беларусі», — кажуць яны.
Для гэтага ўжо цяпер неабходныя неадкладныя і рашучыя дзеянні ў падтрымцы Украіны, каб тая мела магчымасць выгнаць расійскія войскі са сваёй тэрыторыі, адзначаюць аналітыкі. Яны лічаць малаімаверным, што Захад зможа перамагчы або эфектыўна адрэагаваць на расійскую кампанію па паглынанні Беларусі без папярэдняй паразы расійскага ўварвання ва Украіну.
Інстытут таксама аналізуе ўчорашнія выступы прэзідэнтаў РФ і ЗША. У сваёй прамове Пуцін, адзначаюць эксперты, вельмі мала сказаў па сутнасці, паўтарыўшы некалькі даўніх наратываў што да апраўдання вайны і яе зацяжнога характару. Самым прыкметным у гэтай прамове стала заява пра тое, што РФ прыпыняе ўдзел у Дамове пра скарачэнне стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ). Пуцін заклікаў Мінабароны Расіі і Расатам забяспечыць гатоўнасць да выпрабаванняў ядзернай зброі. Магчыма, Пуцін зрабіў гэтую заяву для таго, каб зноў увесці ядзерную рыторыку ў інфармацыйную прастору і тым самым адцягнуць ад агульнай незмястоўнасці астатняй часткі свайго выступу, заўважаюць у ISW. Эксперты нагадваюць, што РФ і раней выкарыстоўвала гэты прыём, каб адцягнуць Захад і Украіну ад сваіх няўдачаў на полі бою.
Што да выступу Байдэна, то ён пацвердзіў, што ЗША і NATO будуць працягваць падтрымліваць Украіну.
У ISW таксама адзначаюць, што многія расійскія ваенныя блогеры раскрытыкавалі выступ Пуціна за яго няздольнасць выкарыстаць прамову для вылучэння новых мэтаў і мераў падтрымкі вайны.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі працягвалі праводзіць абмежаваныя наземныя атакі на паўночны захад ад Сватава і ў раёне Крамянной, дзе ўкраінскія сілы таксама правялі абмежаваную контратаку;
- расійскія войскі працягвалі атакаваць у раёне Аўдзееўкі і нарошчваць тактычныя поспехі ў раёне Бахмута;
- украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што расійскія войскі працягваюць будаваць умацаванні ў тылавых раёнах на поўдні Украіны;
- прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін яшчэ больш пашырыў нерэалістычныя абяцанні льготаў для расійскіх салдат у сваім звароце да Федэральнага сходу Расіі.