З 14 жніўня ў памежнай з Украінай Белгародскай вобласці Расіі абвясцілі надзвычайную сітуацыю рэгіянальнага ўзроўню. Пра гэта паведаміў у Telegram губернатар рэгіёна Вячаслаў Гладкоў.
— Прымаем рашэнне з сённяшняга дня на ўсёй тэрыторыі Белгародскай вобласці з мэтай абароны насельніцтва, з мэтай аказання дадатковай дапамогі пацярпелым абвясціць НС рэгіянальнага ўзроўню, — заявіў Гладкоў.
Улады рэгіёна таксама збіраюцца звярнуцца ва ўрадавую камісію з просьбай абвясціць у Белгародскай вобласці надзвычайную сітуацыю федэральнага ўзроўню.
Раней надзвычайная сітуацыя федэральнага ўзроўню была абвешчаная ў Курскай вобласці, дзе з мінулага тыдня ідзе наступ украінскіх сіл.
Надзвычайная сітуацыя рэгіянальнага ўзроўню ўводзіцца, калі на тэрыторыі суб’екта загінулі або атрымалі шкоду здароўю 50−500 чалавек, а шкода склала ад 12 млн да 1,2 млрд расійскіх рублёў (ад 130 тысяч да 13 млн даляраў). Надзвычайную сітуацыю федэральнага характару абвяшчаюць, калі пацярпелых звыш 500 чалавек або памер шкоды перавышае 500 млн расійскіх рублёў (5,4 млн даляраў), удакладніла The Moscow Times.