У Магілёве прадавачка цэлы месяц падманвала пенсіянера, які купляў там прадукты. Яна спісвала з яго карты лішнія плацяжы і такім чынам завалодала больш чым 1500 рублёў, паведамілі ў міліцыі.
73-гадовы магілёвец цягам месяца ўвесь час хадзіў у адну і тую ж краму па прадукты і расплачваўся заўсёды карткай. Аднойчы пенсіянер выявіў, што на рахунку не хапае больш чым 1500 рублёў, якіх ён дакладна не выдаткоўваў. Мужчына звярнуўся ў міліцыю.
Высветлілася, што да страты грошай датычная 23-гадовая прадавачка той самай крамы. Яна праводзіла за адну куплю некалькі плацяжоў па картцы пацярпелага, тлумачачы, што з першага разу транзакцыя нібыта адхіляецца. Яе маніпуляцыі трапілі на камеру відэаназірання.
На частку скрадзеных грошай дзяўчына сама сабе «купляла» тавары ў гэтай жа краме, а астатняе забірала гатоўкай з касы.
Распачатая крымінальная справа па факце махлярства.