100 гадоў таму, 30 снежня 1922 года, на карце з’явілася адна з самых магутных дзяржаваў свету: Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Успамінаем, як ствараўся СССР, якім чынам паўплываў на беларусаў у мінулым і працягвае ўплываць у сучаснасці.
Чаму Саюз стаў савецкім
Дзень 30 снежня ніколі не быў у СССР выходным, практычна ніколі не адзначаўся (выключэнне — святкаванне 60-годдзя Саюза ў 1982-м), ды і стаўленне да яго было шмат у чым фармальным. У гэтым была свая логіка, бо савецкая дзяржава фактычна была створаная яшчэ ў 1917-м, а дамова толькі юрыдычна замацавала статус-кво. Але ўсё ж стварэнне СССР менавіта ў тым выглядзе, які быў ухвалены зверху, абумовіла развіццё яго народаў аж да нашых дзён.
Спярша разбяромся, як быў створаны Саюз і чаму атрымаў такую назву.
У 1917 годзе на тэрыторыі Расійскай імперыі адбылася Лютаўская рэвалюцыя. Пасля таго як у сакавіку імператар Мікалай II адрокся ад трона, улада перайшла ў рукі Часовага ўрада. Адначасова быў сфармаваны Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў — у выніку да ліпеня ў краіне існавала двоеўладдзе. Прадстаўнікі бальшавікоў (адзінай буйной сацыялістычнай партыі, якая не ўваходзіла ў склад урада) высунулі лозунг перадачы ўсёй улады Саветам, які паступова рабіўся ўсё больш папулярным.
Да ўлады бальшавікі прыйшлі ў кастрычніку 1917 года падчас узброенага паўстання. Якраз у гэты час у Петраградзе (сучасны Санкт-Пецярбург) адкрыўся II Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Яго дэлегаты вырашылі перадаць усю ўладу ў краіне Саветам. Апошніх было тры тыпы: рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Большасць на апошніх з’ездах мелі левыя эсэры (эсэры — чальцы партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў). Пад іх уплывам прадстаўнікі сялян прызналі ўсе дэкрэты бальшавікоў, якія тыя прынялі пасля прыходу да ўлады («Пра зямлю», «Пра мір» і г. д.) і пагадзіліся з неабходнасцю аб’яднаць гэтыя тры структуры. У выніку ў студзені 1918-га два III Усерасійскія з’езды (сялянскіх дэпутатаў, а таксама рабочых і салдацкіх дэпутатаў) правялі сумеснае паседжанне. Дарэчы, на ім матрос Жалезнякоў заявіў з трыбуны, што для дабрабыту рускага народа можна забіць і мільён чалавек. З таго часу праходзілі адзіныя з’езды Саветаў, якія сталі альтэрнатывай Устаноўчаму сходу.
Пра апошні варта сказаць асобна. Гэты прадстаўнічы орган мусіў вырашыць далейшы лёс Расіі. Але на першых свабодных выбарах у гісторыі гэтай краіны, якія прайшлі ў лістападзе 1917-га, большасць атрымалі прадстаўнікі партыі эсэраў — 374 мандатаў з 766 (бальшавікі — усяго 180). Менавіта яны мусілі вырашаць лёс Расіі. Але бальшавікі засталіся ва ўладзе: яны разагналі Устаноўчы сход і расстралялі дэманстрацыю ў яго падтрымку.
Таму сістэма Саветаў была для іх, безумоўна, выгаднейшай. Па-першае, яна была дыскрымінацыйнай. Паводле Канстытуцыі 1918-га адзін дэпутат прадстаўляў 25 тысяч гарадскіх жыхароў і 125 тысяч вясковых — у вёсцы бальшавікі не мелі падтрымкі. Па-другое, выбарчых правоў паводле той жа Канстытуцыі пазбавілі значную частку насельніцтва (напрыклад, прадпрымальнікаў). Па-трэцяе, нават з такой лаяльнай структуры для надзейнасці ў тым самым 1918-м выключылі ўсіх апазіцыйных дэпутатаў.
У выніку бальшавікі цалкам кантралявалі Саветы і афармлялі з іх дапамогай усе рашэнні. Афіцыйна ўзнікла адзіная сістэма — працэс стварэння Саветаў на месцах аформіўся да сакавіка 1918 года. З іх прадстаўнікоў фармаваўся Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт саветаў (УЦВК), які ўзначаліў Якаў Свярдлоў. Фармальна гэта быў найвышэйшы орган улады, які збіраўся не радзей за два разы на год. УЦВК фармаваў падсправаздачны ўрад — Савет народных камісараў на чале з Уладзімірам Леніным. Праўда, у іх руках знаходзілася рэальная ўлада.
Аналагічныя інстытуты існавалі і ў савецкіх рэспубліках. Напрыклад, у Беларусі на чале сістэмы фармальна стаяў Рэспубліканскі з’езд Саветаў, які абіраў ЦВК і г. д.
Юрыдычна момант стварэння краіны выглядаў так. На месцах прайшлі чатыры рэспубліканскія з’езды Саветаў: РСФСР (то-бок Расіі), Беларусі, Украіны, а таксама Закаўказскай Савецкай Федэратыўнай сацыялістычнай рэспублікі (туды ўваходзілі Грузія, Арменія і Азербайджан). Яны прынялі рашэнне стварыць адзіную краіну, выбралі сваіх дэлегатаў і адправілі іх у Маскву. 29 снежня 1922 года ў Вялікім тэатры прайшоў I Усесаюзны з’езд Саветаў. Дэлегаты падпісалі Дамову аб утварэнні СССР. Праз суткі яе зацвердзілі, таму 30 снежня стаў днём утварэння Савецкага Саюза.
Як бачым, гэтая краіна была створаная партыяй, якая першапачаткова карысталася падтрымкай меншай часткі насельніцтва краіны. А большасць нават тэарэтычна не магла ўдзельнічаць у гэтых працэсах, не маючы сваіх законных прадстаўнікоў з правам голасу.
Праекты Леніна і Сталіна

Саветам у новай краіне адводзілася вырашальная роля. Нядзіўна, што рэспублікі пагалоўна сталі «савецкімі», а самі Саветы існавалі ўсю гісторыю СССР. Але ніякай ролі яны не гралі, рашэнні прымалі кіраўнікі партыі.
Між тым папярэднія пяць гадоў да стварэння Саюза бальшавікі кіравалі пры зусім іншай мадэлі. Фармальна існавала некалькі рэспублік, якія лічыліся незалежнымі. Акрамя РСФСР гэта былі Украінская ССР, Беларуская ССР і г. д. На практыцы ніякай самастойнасці яны не мелі. Ужо ў чэрвені 1919 года тры рэспублікі аб’ядналі ўзброеныя сілы, эканоміку, фінансы, транспарт і пошту. На міжнароднай арэне краіны таксама прадстаўляла РСФСР. Мясцовыя камуністычныя партыі цалкам падпарадкоўваліся Маскве.
Атрымліваўся парадокс: фармальна рэспублікі былі незалежнымі, але кіраваліся як адна. Гэта было не зразумела замежнікам (удзелу ў мірных канферэнцыях і перамовах ніхто не адмяняў) і прыносіла шмат бюракратычных нязручнасцяў. Праблему было неабходна неяк вырашыць.
Канцэпцый стварэння СССР было дзве. Першая называлася «планам аўтанамізацыі». Яе ў жніўні 1922 года распрацаваў Іосіф Сталін — тады наркам (міністр) па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Яго ідэя была простая: ствараецца ўнітарная дзяржава, Беларусь, Украіна і Закаўказская Федэрацыя становяцца аўтаноміямі ў складзе Расіі. А вось цэнтральнаазіяцкія рэспублікі (Бухарская і Харэзмская народныя савецкія рэспублікі) і Далёкаўсходнюю рэспубліку са сталіцай ва Уладзівастоку прапаноўвалася не ўключаць у склад Саюза. Хоць, дадамо ад сябе, у будучыні гэта напэўна б скончылася іх паглынаннем. З Далёкаўсходняй рэспублікай так і адбылося — яе ўключылі ў склад РСФСР у тым жа 1922-м, нават не чакаючы стварэння Савецкага Саюза.
Зразумела, гэты план рэспублікам не спадабаўся. Кіраўніцтва Украіны і Грузіі абурылася, беларусы традыцыйна прамаўчалі.
Ленін тады хварэў і знаходзіўся ў падмаскоўных Горках. Даведаўшыся пра план Сталіна, ён абурыўся і 26 верасня 1922 года накіраваў ліст сваім паплечнікам. У ім ён прапанаваў ідэю ўтварэння СССР на аснове роўнасці ўсіх рэспублік: «Мы прызнаём сябе раўнапраўнымі з Украінскай ССР і інш. і разам і нароўні з імі ўваходзім у новы саюз, новую федэрацыю», — пісаў ён. Гэты план лёг у аснову новага праекта, які і быў зацверджаны 6 кастрычніка 1922 года.
У дзень I Саюзнага з’езда Саветаў Ленін, які не прысутнічаў на паседжпнні з прычыны хваробы, прадыктаваў адну з сваіх апошніх работ — «Да пытання аб нацыянальнасцях або аб „аўтанамізацыі“». У ёй ён назваў праект Сталіна «у корані няслушнай задумай», якая можа прынесці толькі шкоду, перакручваючы ў духу вялікадзяржаўнага шавінізму ідэі аб’яднання савецкіх рэспублік.
Чым тлумачыцца такое разыходжанне паміж двума правадырамі? Адназначнага адказу няма. Ускоснай прычынай магла быць барацьба за ўладу: Сталін адціскаў ужо хворага Леніна з авансцэны, з чым той не збіраўся мірыцца. Але важнейшай падаецца іншая прычына: Ленін быў большым прагматыкам, чым яго супернік, і не хацеў адкрытых канфліктаў унутры партыі, выкліканых магчымасцю ліквідацыі нават фармальнай незалежнасці.
Акрамя таго, правадыр працягваў марыць пра сусветную рэвалюцыю. Ды і не толькі ён адзін. У Дэкларацыі аб утварэнні СССР гаварылася: «Доступ у Саюз адкрыты ўсім сацыялістычным савецкім рэспублікам, як цяперашнім, так і тым, якія маюць паўстаць у будучыні. Новая саюзная дзяржава паслужыць надзейнай апорай супраць сусветнага капіталізму і новым рашучым крокам на шляху аб’яднання працоўных усіх краін у Сусветную Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку».
«Но мы еще дойдем до Ганга, // Но мы еще умрем в боях, // Чтоб от Японии до Англии // Сияла Родина моя», — пісаў у 1940-м паэт Павел Коган.
Міны ад Сталіна, якія здэтанавалі ў будучыні

Фармальна праект Леніна перамог. У кожнай з савецкіх рэспублік быў свой парламент (Вярхоўны Савет, створаны ў канцы 1930-х замест з’ездаў Саветаў) і ўрад, існавала мясцовая кампартыя. Гэта стала выратаваннем у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, калі саюзныя рэспублікі змаглі абвясціць незалежнасць. Асабліва ім дапамог адзін з артыкулаў дамовы аб стварэнні СССР: «За кожнай з саюзных рэспублік захоўваецца права свабоднага выхаду з Саюза». Калі б рэспублікі былі аўтаноміямі ў складзе Расіі, такога палажэння не было б, а выхад з Саюза быў бы нашмат больш праблематычным.
Але ў рэальнасці развіццё СССР пайшло па сталінскім варыянце. Саюз уяўляў сабой унітарную дзяржаву, усе асноўныя пытанні якой вырашаліся выключна ў Маскве (аж да таго, колькі кінатэатраў будаваць у тым ці іншым правінцыйным горадзе). У краіне праводзілася русіфікатарская палітыка, што нанесла велізарны ўдар па нацыянальных культурах.
Акрамя таго, дамова аб стварэнні Савецкага Саюза, прынятая ў 1922-м, заклала міны, якія здэтанавалі праз дзесяцігоддзі. Асобныя нацыі сталі жыхарамі саюзных рэспублік, іншыя — аўтаномных рэспублік, якія знаходзяцца ў складзе саюзных. Акрамя таго, існавалі аўтаномныя вобласці ў складзе краёў, а таксама нацыянальныя акругі.
Але крытэры вылучэння ад пачатку маглі выклікаць пытанні. Напрыклад, Абхазія і Паўднёвая Асеція ўвайшлі ў склад Грузіі — хоць факт існавання такіх самастойных нацый, як асеціны і абхазы нікім і ніколі не адмаўляўся. Нагорны Карабах, дзе пераважалі армяне, увайшоў у склад Азербайджана. Татарстан быў у некалькі разоў большы за Эстонію па тэрыторыі і насельніцтве, але стаў аўтаномнай рэспублікай, а не саюзнай, і г. д.
У гэтым кантэксце мы не гаворым пра тое, каму мусіць належаць той ці іншы рэгіён, і паважаем межы, якія краіны атрымалі пасля развалу Саюза. Толькі канстатуем: кіраўнікі СССР часцяком прымалі рашэнні, кіруючыся выключна сваёй логікай, не абмяркоўваючы пытанне ні са спецыялістамі, ні на месцах. Савецкі Саюз трымаўся на гвалце, таму на дыскусіі на такія тэмы было накладзенае табу. Але як толькі адбылася гарбачоўская лібералізацыя і стала магчыма выказваць свае погляды, не баючыся трапіць за краты, мясцовыя жыхары пачалі змагацца за свае правы. Успыхнулі нацыянальныя канфлікты, якіх было рэальна пазбегнуць (хаця б часткова).
СССР — жыццё пасля смерці

Савецкі Саюз спыніў існаванне ў 1991 годзе, не дажыўшы пяці дзён да фармальнага 69-годдзя.
Але яго ідэя пацярпела поўны крах. Пры першай магчымасці «саюз непарушны» пайшоў расколінамі і рассыпаўся. Гэтыя падзеі шмат у чым былі перадвызначаныя. Да эканамічных цяжкасцяў і праблемаў у нацыянальным пытанні дадалася адсутнасць адзінства. Краіны Цэнтральнай Азіі, што прапусцілі перыяд капіталістычнага развіцця, а таксама краіны Балтыі, гвалтоўна выцягнутыя з заходняга свету, не мелі нічога агульнага. У Літве, Латвіі і Эстоніі савецкі час адназначна трактуецца як «перыяд акупацыі». Магчыма, у будучыні так будзе і ў іншых былых рэспубліках.
Але, з іншага боку, спадчыну Савецкага Саюза беларусы расхлёбваюць да гэтага часу. Паміж дзвюма сусветнымі войнамі тыя ж літоўцы, латышы і эстонцы стварылі свае нацыянальныя дзяржавы, замацавалі паноўнае становішча нацыянальных моваў, захавалі і ўкаранілі ў масавую свядомасць інстытут прыватнай уласнасці. А яшчэ пазбеглі піку масавых рэпрэсій (сутыкнуліся з імі пазней) і калектывізацыі (дзякуючы чаму мясцовае насельніцтва захавала рынкавае мысленне). Таму пасля развалу сацыялістычнага лагера ім не давялося аднаўляць незалежнасць. Праз наступствы існавання СССР Беларусь была вымушаная будаваць нацыянальную дзяржаву ледзь не з нуля і перажываць этапы развіцця, якія суседзі прайшлі яшчэ да Другой сусветнай.
А яшчэ ў пачатку 1970-х улады заявілі пра з’яўленне савецкага народа — «новай гістарычнай, сацыяльнай і інтэрнацыянальнай супольнасці людзей, якія маюць адзіную тэрыторыю, эканоміку, сацыялістычную па змесце культуру, саюзную агульнанародную дзяржаву і агульную мэту — пабудову камунізму». Нібыта такая агульнасць узнікла ў СССР у выніку «сацыялістычных пераўтварэнняў і збліжэння працоўных класаў і слаёў, усіх нацый і народнасцяў».
Такое сцверджанне ад пачатку супярэчыла ўсім законам этналогіі, але, як ні дзіўна, мела пад сабой падставы. У выніку масавых рэпрэсій, цэнзуры, ціску на іншадумцаў, ідэалогіі, якую транслявалі з дзіцячага садка, на прасторах СССР сапраўды з’явіліся савецкія людзі, якія думаюць зыходзячы з наратываў Крамля. Распад Саюза іх не змяніў. Агрэсія Расіі ў дачыненні да Украіны, імкненне аднавіць СССР (праўда, без камуністычнай ідэалогіі) паказвае, што апошняя старонка ў гісторыі існавання гэтай краіны, на жаль, яшчэ не перагорнутая.