У выдавецтве «Энцыклапедыкс» выйшаў з друку першы том «Іліяды» Гамера, які ўключае 12 з 24 песень старажытнай гераічнай паэмы. Пераклад са старагрэцкай мовы здзейсніў філолаг і паліглот Лявон Баршчэўскі, піша bellit.info.

«Іліяда» — гэта міфалагічна-гераічны эпас, які быў створаны прыкладна ў сярэдзіне 8 ст. да н.э. і прыпісваецца паўлегендарнаму грэцкаму песняру Гамеру. Сюжэт паэмы будуецца на эпізодзе Траянскай вайны, якая, паводле сведчання большасці сучасных гісторыкаў, магла мець месца на мяжы 13 і 12 ст. да н.э.
Кнігу можна набыць на сайце kniger.by (з перасылкай у іншыя краіны). У Мінску кніга даступная ў «Акадэмкнізе» (пр. Незалежнасці, 72), а таксама ў ТЦ «Купалаўскі» пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41−42 (час працы: панядзелак-пятніца з 11 да 18.30, субота з 11 да 17, нядзеля з 11 да 16). Кошт кнігі 45 рублёў.
Першы пераклад «Іліяды» Гамера здзейсніў мовазнаўца, культурны і палітычны дзяяч Браніслаў Тарашкевіч у 1920−30-х гадах. Урыўкі «Іліяды» з’яўляліся ў перыёдыцы. На жаль, пераклад цалкам не захаваўся. Быў апублікаваны толькі пераклад двух песень з 24.