Былы пазаштатны дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч у эфіры «Фейгин Live» выказаўся пра нядаўнія выбухі на аэрадроме ў Мачулішчах, падчас якіх, паводле кіраўніцтва BYPOL, атрымаў пашкоджанні расійскі ваенны самалёт. Палітык падзякаваў беларускім партызанам і заявіў, што іх дзеяннямі не кіруюць з Украіны.
Аляксей Арастовіч пагадзіўся з версіяй, што да выбухаў у Мачулішчах спрычыніліся беларускія партызаны:
— Яны ўзялі адказнасць на сябе, трэба думаць, што гэта яны, — сказаў ён.
Палітык заявіў, што «Беларусь не зводзіцца да Лукашэнкі», нягледзячы на тое што апошні дазваляе расійскай арміі наносіць удары па тэрыторыі Украіны:
— Ёсць беларусы, якія дапамагаюць «воінам святла» змагацца супраць цемры, пашкоджваючы вельмі дарагія, вельмі ключавыя і вельмі сістэмаўтваральныя элементы вялікіх разведвальна-ўдарных комплексаў, скіраваных супраць Украіны. Гэта вельмі сур’ёзная перамога — нездарма яе ўсе так адзначылі. Дзякуй беларускім партызанам, — сказаў Арастовіч.
Вядоўца праграмы Марк Фейгін нагадаў пра ўчорашнюю пазапланавую нараду Лукашэнкі з сілавікамі і выказаў меркаванне, што беларускія ўлады баяцца ўдараў па вайсковых аб’ектах з боку Украіны. На гэта Арастовіч падкрэсліў, што Украіна «прынцыпова» не атакуе нашую краіну, каб не псаваць з ёй адносіны, а таксама таму, што Беларусь мае вялікае значэнне для ўкраінскай бяспекі.
Палітык нагадаў, што з тэрыторыі Беларусі ўжо некалькі месяцаў не наносіліся ўдары па Украіне, і запісаў гэта ў заслугу Лукашэнкі, дапусціўшы, што той асцерагаецца яшчэ большага ўцягвання Беларусі ў вайну:
— Шмат рыторыкі, шмат візітаў у Маскву, шмат страшных заяваў, але ўдараў з тэрыторыі Беларусі няма. Гэта найважнейшы фактар, — заявіў экс-дарадца.
Менавіта таму Украіна не б’е па беларускай тэрыторыі, патлумачыў ён. Таксама, паводле ягоных словаў, Кіеў не звязаны з партызанамі ўнутры нашай краіны:
— Дзеяннямі беларускіх партызан мы не кіруем. Аднак дзеянні партызан не скіраваныя супраць Беларусі — яны ўдарылі па акупацыйных расійскіх войсках. Гэта зусім іншая гісторыя. Беларусь акупаваная расіянамі, гэта адназначна, — сказаў Арастовіч.
Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах мясцовыя жыхары чулі два выбухі. У BYPOL паведамілі, што былі пашкоджаныя расійскі ваенна-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка. У мясцовых чатах пасёлка Мачулішчы пісалі пра вялікую колькасць вайскоўцаў «з аўтаматчыкамі», праверкі машын, абыходы супрацоўнікамі АМАП мясцовых жыхароў.
Як заявіў кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў, выбухі — вынік дыверсіі беларускіх партызан: яны скінулі выбуховыя прылады на расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (ДРЛВ) А-50, які знаходзіўся на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах. Паводле Азарава, самалёт выведзены з ладу. У Мінабароны сітуацыю афіцыйна не каментавалі. У МНС сказалі, што інфармацыі пра выбухі не паступала. Улады дагэтуль ніяк не пракаментавалі надзвычайнае здарэнне.
Пры гэтым 27 лютага Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з вузкім колам сілавікоў. У свой кабінет ён запрасіў дзяржсакратара Савета бяспекі, міністраў унутраных справаў і абароны, старшыняў КДБ і Дзяржпамежкамітэта.