Папраўкі наконт спрошчанай выдачы праязнога дакумента замежніка грамадзянам Беларусі ў Польшчы ўступяць у сілу 1 чэрвеня. Выдаваць дакумент беларусам будуць бясплатна, паведаміў намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Барташ Градзецкі, перадае Польскае агенцтва друку.
Спрошчаная працэдура будзе дзейнічаць для грамадзян Беларусі, якія маюць від на жыхарства ў Польшчы, чый пашпарт згублены або пратэрмінаваны, а паехаць на радзіму для яго абмену яны не могуць.
Цяпер афармленне праязнога дакумента замежніка каштуе 350 злотых (каля 75 еўра). Але названай катэгорыі беларусаў яго будуць выдаваць бясплатна. Паводле Градзецкага, міністр Марыюш Каміньскі прыняў такое рашэнне пасля абмеркавання пытання з беларускай дыяспарай Польшчы і Святланай Ціханоўскай.
— Міністр прыняў такое рашэнне з улікам спецыфічнай сітуацыі беларускай супольнасці і ў рамках падтрымкі, якую мы аказваем дэмакратычнай Беларусі, — падкрэсліў намеснік кіраўніка ведамства.
Градзецкі адзначыў, што новая працэдура выдачы праязнога дакумента замежніка прынясе істотныя змены і для дзяцей беларускіх грамадзян, якія нарадзіліся ўжо ў Польшчы і засталіся без пашпартоў, бо іх бацькі не могуць паехаць у Беларусь для афармлення.
— Гэтыя людзі вядуць нармальнае жыццё ў Польшчы, хочуць падарожнічаць, але могуць мець абгрунтаваныя асцярогі наконт таго, каб з’явіцца ў амбасаду або консульства сваёй краіны або вярнуцца ў Мінск для атрымання дакументаў, — растлумачыў чыноўнік.
Ён звярнуў увагу на тое, што ўлады Беларусі змянілі заканадаўства і цяпер маюць права завочна пазбаўляць грамадзянства праціўнікаў рэжыму пасля завочнага ж суда, і чалавек можа нават не даведацца пра свой новы статус.
— Гэта паказвае, што рэжым не спыніцца ні перад чым, ён можа адабраць нават такое фундаментальнае права, якім з’яўляецца права на грамадзянства, амаль у кожнага, — адзначыў Градзецкі.
Ён дадаў, што праязны дакумент замежніка дзейнічае год і дазволіць яго ўладальнікам ажыццяўляць любыя паездкі, хоць па працы, хоць на адпачынак.
— Рашэнне, якое мы прынялі, з юрыдычнага пункту гледжання самае хуткае з магчымых. Важна таксама, што мы паспелі рэалізаваць яго да сезона адпачынкаў, — сказаў намеснік міністра.
Як паведамляецца ў публікацыі, толькі з пачатку 2022 года заявы на легалізацыю знаходжання ў Польшчы падалі 80 тысяч беларусаў. Магчымасць афармлення праязнога дакумента для грамадзян Беларусі з гуманітарным відам на жыхарства ўвялі з пачатку гэтага года. Пра намер прыняць аналагічнае рашэнне раней заяўлялі ў Літве.