У Беларусі збіраюцца падняць стаўкі транспартнага падатку ў 10 разоў на некаторыя камфартабельныя аўто. Гэта прадугледжвае праект змяненняў у Падатковы кодэкс. Канчатковага спісу такіх машын пакуль няма, але чакаецца, што туды трапяць Maybach і яшчэ некаторыя маркі. Пра гэта ў чацвер, 9 лістапада, паведамілі прадстаўнікі МПЗ, піша расійскае інфармацыйнае агенцтва Sputnik Беларусь.
Акрамя Maybach, магчыма, там будуць новыя Ferrari і Maserati, некаторыя мадэлі Mercedes, BMW, Audi.
«Важная ўмова, што з моманту выпуску транспартнага сродку прайшло не больш за тры гады», — падкрэсліў начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі.
Раней паведамлялася, што павышаны транспартны падатак можа закрануць каля 2,4 тыс. аўтамабіляў.
Нагадаем, з 2024 года могуць змяніцца стаўкі транспартнага падатку. У прыватнасці, праект Падатковага кодэкса прадугледжвае іх дзесяціразовае павышэнне для люксавых аўтамабіляў. «Па транспартных сродках, з года выпуску якіх прайшло не больш за тры гады, уключаным у пералік транспартных сродкаў павышанай камфортнасці, вызначаны Саветам Міністраў, транспартны падатак, уключаючы авансавыя плацяжы, вылічаецца па стаўках, павялічаных у дзесяць разоў», — гаворыцца ў законапраекце.
Таксама чыноўнікі збіраюцца падняць стандартныя стаўкі транспартнага падатку. Яго сума залежыць ад дазволенай максімальнай масы, ёмістасці або прапісаная за адну адзінку транспартнага сродку. Да прыкладу, за аўтамабіль з дазволенай максімальнай масай да 1,5 тоны цяпер трэба плаціць 61 рубель на год, а хочуць падняць да 66 рублёў. Па павышанай у дзесяціразовым памеры стаўцы выйдзе 660 рублёў, калі ўвядуць змены.
Чытайце таксама