У топ-100 паспяховых бізнесоўцаў Беларусі, складзеным сёлета сайтам «Беларусы і рынак», змена лідара. Віктара Кіслага, які жыве на Кіпры, з першага радка ссунуў грамадзянін Беларусі, які некалькі гадоў таму асеў у Расіі — Аляксандр Луцэнка.
Уладальнік Групы кампаній «Содружество» з’яўляўся ў некалькіх папярэдніх версіях топ-100, а яго лідарства ў цяперашнім моманце — адлюстраванне новай структуры беларускага бізнесу.
Хто лідар
Выпускнік Мінскага вышэйшага ваенна-палітычнага агульнавайсковага вучылішча Аляксандр Луцэнка і яго жонка Наталля заснавалі свой бізнес па гандлі кармамі ў 1994 годзе ў Беларусі. Да канца 1990-х кампанія «Содружество» ў сваёй галіне зрабілася найбуйнейшай у рэгіёне.
Але бізнесовец не спыніўся на гэтым і інвеставаў прыбытак у вытворчасць, стварыўшы базу ў Калінінградскай вобласці. Група кампаній «Содружество» адной з першых у былым СССР разгледзела патэнцыял соі, засяродзіўшы галоўную ўвагу на яе перапрацоўцы і атрыманні кармавых прадуктаў. З пачатку 2000-х Аляксандр Луцэнка скупляў актывы ў Еўропе і Лацінскай Амерыцы, маштабаваўшы свой бізнес да міжнароднага ўзроўню.
У канцы 2010-х ён вярнуўся на рынак Беларусі, пабудаваўшы буйны перапрацоўчы комплекс у Смаргоні і інвеставаўшы некалькі мільёнаў даляраў ва ўласны парк вагонаў на мясцовай чыгунцы. У канцы 2023 года з’явілася інфармацыя, што «Содружество» разглядае магчымасць пераносу ў Беларусь часткі магутнасці з Калінінградскай вобласці.
Бізнес Аляксандра Луцэнкі ні ў Расіі, ні ў Беларусі амаль не закранулі міжнародныя санкцыі. Ён запусціў завод у Курскай вобласці і працягвае рэалізоўваць шэраг іншых праектаў у Расіі, уключаючы будаўніцтва збожжавага тэрмінала ва Усць-Лузе.
Хто яшчэ
З тых бізнесоўцаў, якія найбольш прыкметна прыраслі ў рэйтынгу, вылучым братоў Уладзіміра і Максіма Стаецкіх. Іх кампанія E100 International Trade — найбуйнейшы бізнес беларусаў у Польшчы, які з году ў год расце.
Таксама істотна палепшылі свае пазіцыі ў рэйтынгу дыстрыб’ютар БелАЗаў Віктар Кулуеў, фармацэўт Іван Лагавы і суўладальніца Mark Formelle Святлана Сіпарава. Апошняя, як і Аляксандр Луцэнка, прадстаўляе сямейны бізнес — у яе паказчыках улічаная доля мужа Андрэя Серыкава.
Яркія навічкі — гэта, перш за ўсё, уладальнікі найбуйнейшага дыстрыб’ютара аўтазапчастак на постсавецкай прасторы Armtek, браты Вадзім і Алег Грынкевічы, заснавальнікі аднаго з найбуйнейшых сусветных распрацоўшчыкаў софту для iGaming Іван Монцік і Дзмітрый Яйкоў, а таксама беларускія «ірландцы» Канстанцін Чарныш і Дзмітрый Высоцкі, якія ўвайшлі ў топ-100 дзякуючы ўгодзе з Publicis, і акумулятаршчыкі Віктар Лемяшэўскі і Аляксандр Папок, якія вярнуліся ў рэйтынг.
З тых, хто страціў у капітале, але застаўся ў топ-100, «Беларусы і рынак» адзначыла занятага шлюбаразводным працэсам Сяргея Гвардзейцава і акцыянераў шведскай Embracer Group Мацвея Цімашэнку, Пятра Скаромнага і Алега Грушэвіча, якія страцілі значныя сумы праз абвал каштоўных папер.
Якія трэнды
З’яўленне на першым месцы топ-100 бізнесоўца з беларускім пашпартам, які, аднак, жыве ў Расіі, адлюстроўвае некалькі тэндэнцый у развіцці беларускага бізнесу ў апошнія два-тры гады.
Першая з іх — гэта тое, расслаенне ў цяперашнім моманце гэтай сацыяльнай групы: на тую, якая праз заходнія санкцыі або ўласныя інтарэсы ўсё больш завязваецца на рынак Беларусі і Расіі, і на тую, якая адрэзалася або адразаецца ад яго.
Другая тэндэнцыя — рост у топ-100 колькасці бізнесоўцаў, якія інтэграваныя ў расійскі рынак. Фактычна гэта ўсе яго ўдзельнікі з асабістымі лакацыямі ў Беларусі і Расіі.
Павелічэнне гэтай долі — гэта, па-першае, вынік росту эканомікі Расіі і заняцце нішаў, якія вызваліліся праз адыход заходніх бізнесаў. У пераважнай большасці беларускіх бізнесаў (па выніках асабліва 2022 года) адбыўся істотны рост як па выручцы, так і па прыбытку. У 80% з іх гэтыя паказчыкі ў даляравым эквіваленце павялічыліся больш чым у 2 разы.
Па-другое, адбіваюцца санкцыі, якія для многіх бізнесаў, прынамсі, афіцыйна, закрылі доступ на рынкі «недружалюбных краін». І ў якасці альтэрнатывы яны пераносяць аперацыі ў Расію і іншыя альтэрнатыўныя рэгіёны.
Асобная ад «расійскага пытання» тэндэнцыя — гэта нязначная колькасць новых маладых бізнесоўцаў у рэйтынгу. Фактычна ў яго версіі за 2023 год іх толькі чатыры — уладальнікі холдынгу SoftSwiss і заснавальнікі ірландскага стартапа Profitero.
Якія змены
Хаця ў топ-100 з’явілася некалькі новых імёнаў са свету IT, прадстаўніцтва гэтай галіны ў параўнанні з папярэдняй версіяй рэйтынгу захавалася практычна на ранейшым узроўні.
Менш стала дэвелапераў і рытэйлераў — цяперашняя сітуацыя ў гэтых сферах не самая спрыяльная для беларускага бізнесу.
Не ўвайшлі ў рэйтынг праз спадчынныя пытанні новыя ўладальнікі такіх буйных бізнесаў як «Юкола-Нафта» і Yukon Optics Advanced Worlwide.
У параўнанні з папярэдняй версіяй топ-100 паспяховых бізнесоўцаў 2023 года абнавіўся прыкладна на 35%.
Поўную версію топ-100 паспяховых бізнесоўцнаў Беларусі за 2023 год можна паглядзець тут.