Першыя ўзоры пашпарта Новай Беларусі атрымаюць тыя, хто ўжо легалізаваўся ў краіне пражывання. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па замежных справах Валерый Кавалеўскі на сустрэчы са спецпасланнікамі дэмакратычных краін.
Паводле дыпламата, дакумент у першую чаргу атрымаюць тыя, хто ўжо прайшоў першасную праверку нацыянальнымі міграцыйнымі службамі краін пражывання.
«Такі падыход дазволіць успрымаць праект нацыянальнага пашпарта Беларусі больш пазітыўна і надзейна нашымі еўрапейскімі партнёрамі», — піша АПК.
Кавалеўскі падкрэсліў, што ў найбліжэйшай перспектыве плануецца стварыць орган выдачы пашпартоў з камандай прафесіяналаў.
«Орган забяспечыць выкананне найвышэйшых міжнародных стандартаў пры тэхнічнай падтрымцы спецыялізаваных арганізацый: ад збору заявак і вырабу фізічных асобнікаў да бяспечнага захоўвання даных», — адзначыла прэс-служба АПК.
На думку Кавалеўскага, прызнанне пашпарта — «удар па руках Лукашэнкі ў адказ на яго выкарыстанне базавай функцыі дзяржавы для рэпрэсій супраць беларусаў на тэрыторыі цывілізаваных краін».
— Адначасова гэта будзе гуртаваць беларусаў, дапамагаць захаванню ідэнтычнасці і суб’ектнасці беларускага народа, дзе б мы ні знаходзіліся, — падкрэсліў дыпламат.
Нагадаем, у пачатку верасня дарадца лідаркі дэмсіл Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка казаў, што пашпарт Новай Беларусі могуць пачаць выдаваць у пачатку 2024 года. Пазней Валерый Кавалеўскі паведаміў «Люстэрку», што тэрмін пачатку выдачы дакумента «трохі ссоўваецца».
— Я спадзяюся, што першы квартал наступнага года — гэта той тэрмін, у які мы даможамся і выпуску першых узораў дакумента, і яго першых прызнанняў замежнымі дзяржавамі, — заявіў ён.