Аляксандр Лукашэнка выказаў жаданне наведаць з афіцыйным візітам Саудаўскую Аравію. Пра гэта гаворыцца ў віншаванні з Нацыянальным днём краіны, якое беларускі палітык скіраваў саудаўскаму каралю Сальману бен Абдэлю Азізу аль-Сауду і прэм’ер-міністру краіны Мухамеду бен Сальману бен Абдэлю Азізу аль-Сауду.
Лукашэнка адзначыў, што Саудаўская Аравія «ўмацоўвае свае пазіцыі ў якасці ўплывовай краіны ў сусветнай і рэгіянальнай палітыцы, адыгрывае важную ролю ў найбуйнейшых інтэграцыйных аб’яднаннях, упэўнена стварае эканоміку будучыні».
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што за мінулы год «узаемадзеянне Беларусі і Саудаўскай Аравіі выведзенае на якасна новы ўзровень».
«Буду рады наведаць вашую краіну ў зручны час для абмеркавання найбольш актуальных справаў і ўзгаднення плана далейшых сумесных дзеянняў у палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах», — адзначыў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што «абмен досведам і каардынацыя пазіцый па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня дазволяць абедзвюм краінам актыўней фармаваць агульнае бачанне справядлівага шматпалярнага светапарадку».