Цэнтральная выбарчая камісія 29 кастрычніка пачала рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку людзей, якія плануюць стаць кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі. Першай і пакуль адзінай зарэгістравалі ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Анлайн-трансляцыя паседжання прайшла на сайце ЦВК.
Былі вынесеныя тры пытанні пра рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. У першую чаргу гаварылі пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, заяву на рэгістрацыю падаў па даверанасці старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Юрый Сянько, ён жа кіраўнік групы.
Парушэнняў у дакументах у ЦВК не знайшлі, групу зарэгістравалі аднагалосна, ёй прысвоілі нумар адзін. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка патлумачыў прысутнаму Сянько парадак наступных дзеянняў.
Другім пунктам абмеркавалі рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Драздова, які падаў заяву 26 кастрычніка, як і Лукашэнка. Ён на паседжанні адсутнічаў. Як заявілі ў ЦВК, Драздоў не падаў спісу сябраў групы, таму ў рэгістрацыі яму адмовілі.
Трэцяй стала ініцыятыўная група старшыні руху «За Свабоду» і эксперта па рэгіянальным развіцці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юрася Губарэвіча — ён падаў дакументы праз электронную пошту 28 кастрычніка. На паседжанні паведамілі, што, згодна з законам, такім спосабам падаваць заяву нельга. Яго групу не зарэгістравалі ў сувязі з парушэннем парадку падачы дакументаў. Як і ў папярэдніх выпадках — аднагалосна.
Губарэвіч на паседжанні не прысутнічаў.
Нагадаем, прэзідэнцкія выбары прызначаныя ў Беларусі на 26 студзеня 2025 года. 26 кастрычніка ЦВК прыняў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Праз два дні паведамлялася, што дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы даслаў апазіцыйны палітык Юрась Губарэвіч.
Акрамя таго, стала вядома, што, магчыма, былая дэпутатка і кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2020 года Ганна Канапацкая таксама хоча сабраць ініцыятыўную групу.
Намер вылучыць сваю кандыдатуру агучыў кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч, але пра падачу яго дакументаў у ЦВК тады не паведамлялася.
Дату выбараў зацвердзілі 23 кастрычніка. Дакументы пра рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты неабходна падаць не пазней за 1 лістапада.
Для вылучэння кандыдатам трэба сабраць не менш за 100 000 подпісаў. Улады традыцыйна выкарыстоўваюць для гэтага адміністрацыйны рэсурс.
Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты пачнецца 7 лістапада.