Аляксандр Фруман ужо 24 гады жыве ў Ізраілі, але часам прыязджае ў Беларусь, у якой нарадзіўся. Звычайна такія візіты суправаджаюцца паездкамі па краіне, адпачынкам і сустрэчамі з роднымі. Але 2020 год унёс карэктывы: 10 жніўня Аляксандра затрымалі пасля таго, як ён сфатаграфаваў аўтобус супрацоўнікаў міліцыі. За гэтым рушылі 16 гадзін у РУУС і некалькі дзён у ІЧУ Жодзіна. Яшчэ ў аўтобусе сілавікоў мужчына вырашыў запамінаць іх усіх, а выйшаўшы на волю, пачаў збіраць інфармацыю пра кожнага. У выніку атрымалася паўнавартаснае расследаванне «Спіс Фрумана». Расказваем, як гэта атрымалася.
«А ты, па ходзе, шпіён, мы цябе не адпусцім»
З Беларусі ў 1998 годзе Аляксандр з’ехаў з шэрагу прычын: лічыў, што ў Ізраілі на яго не будуць скоса глядзець, напружвалі праблемы ў беларускай эканоміцы і палітычныя працэсы. У 1996-м, калі ў нашай краіне праходзіў рэферэндум, ён вывучаў канстытуцыйнае права ў Мінскім гандлёвым каледжы. Кажа, ужо тады разумеў: нічога добрага не будзе. З’ехаўшы, усё менш цікавіўся навінамі з Беларусі, перыядычна сачыў за пратэстамі і часам прыязджаў да родных. Але пасля 2020 года ўсё змянілася.
— У ліпені, калі мае жонка і сын былі ў Мінску, з’явілася чаканне, што нешта будзе. Мяне вельмі моцна ўразіў мітынг у парку Дружбы народаў. Па-першае, гэта месцы майго дзяцінства, а па-другое, там была велізарная колькасць людзей. Моладзь, людзі майго ўзросту, узросту маіх бацькоў — вось беларускі народ, вось яго выбар. І калі я ехаў у Беларусь 7 жніўня, разумеў, што будзе цікава, — кажа Аляксандр.
Удзельнічаць у пратэстах ізраільцянін не планаваў, але хацеў паглядзець, як усё будзе развівацца. Нават зняў кватэру ў такім месцы, каб назіраць за імі: з яго акна справа была бачная плошча Перамогі, а злева — Кастрычніцкая. Увечары 9 жніўня суразмоўца вячэраў з сям’ёй на Зыбіцкай, а дадому яны вярталіся вакольнай дарогай праз ачапленне цэнтра сілавікамі.
— Я па дарозе ўсё здымаў: было класна і цікава. Тое самае збіраўся рабіць на наступны дзень, засесці дома і глядзець. Але «захапалі», — успамінае Аляксандр Фруман. — Мяне затрымалі 10 жніўня проста насупраць дома. Мы гулялі з жонкай, убачылі, што на праспекце стаіць жоўты аўтобус, а каля яго ляжыць куча шчытоў з надпісам «Міліцыя». Мне здалося, што атрымаецца цікавы здымак, і я зрабіў фота. Тут жа з аўтобуса вылецелі пяць-шэсць амапаўцаў, скруцілі мяне і пачалі збіваць проста на вачах у жонкі, а потым завялі ўсярэдзіну. Я быў упэўнены, што яны паглядзяць тэлефон, пашпарт, скажуць: «А навошта нам гэты ізраільцянін, мы яго ўжо прыстрашылі для прафілактыкі». І адпусцяць. Максімум — яшчэ раз дадуць па карку. Так амаль і выйшла: яны сказалі сыходзіць, толькі выдаліць фатаграфію. Узялі тэлефон, выдалілі фота, але потым убачылі фатаграфіі за 9 жніўня: «А ты, па ходзе, шпіён, мы цябе не адпусцім».

У той момант Аляксандр зразумеў, што затрымаецца ў кампаніі сілавікоў на нейкі час. Але заставаўся досыць спакойным: не мог падумаць, што да яго будуць ужываць гвалт, тым больш што ён грамадзянін іншай краіны. А паколькі сілавікі парушалі яго правы, суразмоўца вырашыў усё запамінаць і потым расказваць СМІ:
— Я знаёміўся з затрыманымі хлопцамі, дамаўляўся, што мы потым знойдзем адзін аднаго па хэштэгу ў Instagram. І ўсе гэтыя дні я запамінаў. Сілавікі паміж сабой размаўлялі, называлі адзін аднаго па імёнах, па мянушках, перыядычна здымалі свае балаклавы. А я запамінаў імёны, як Ар’я Старк у «Гульні тронаў», прамаўляў іх самому сабе. У камеры ў Жодзіне мы папрасілі ў наглядчыка аловачак. Тады яны яшчэ былі «за нас», за зняволеных. І на аркушыку мы з палякам (са мной сядзеў яшчэ грамадзянін Польшчы Каспер) запісвалі ўсё, што з намі адбывалася. Каб гэта адклалася ў галаве.
У Савецкім РУУС я зразумеў, што адбываецца злачынства супраць чалавечнасці. Я праціўнік параўнання ўсяго гэтага з Халакостам, таму што зусім не раўназначныя рэчы, але калі я быў ва ўнутраным двары РУУС… я выбягаю з аўтазака, мяне пачынаюць збіваць. За што? Чаму? Разглядаюся — у кагосьці з раны кроў цячэ, у кагосьці паламаныя рукі, хтосьці з прабітай галавой, хтосьці наогул ляжыць на зямлі і не рухаецца. І вось раптам нахлынула: «Што я бачу, дзе я прысутнічаю?» У аўтазаку да Жодзіна наогул жэсць адбывалася. Я абсалютна не ўяўляў, што такое можа быць у еўрапейскай дзяржаве. Мог падумаць, што такое магчымае ў Іране, у Сірыі. Але не ў Беларусі. Так, дыктатура, але не такое ж.
«Атрымаў адмову Генпракуратуры і вырашыў усё рабіць сам»
На волю мужчына выйшаў 13 жніўня і на наступны дзень пачаў звязвацца са СМІ, у тым ліку з ізраільскімі. Адно і тое ж ён расказваў шмат разоў, і ўсе ўспаміны вельмі добра адклаліся ў галаве. Гэты момант Фруман называе пачатковым пунктам свайго расследавання. Потым суразмоўца пачаў размаўляць з людзьмі, з якімі пазнаёміўся ў РУУС і ў Жодзіне, стварыў чаты. І стаў сачыць за тэлеграм-каналамі, якія публікавалі дадзеныя сілавікоў.
— Я адразу апазнаў намесніка начальніка Савецкага РУУС Цімура Кеселя, таму што ў яго запамінальны твар. І потым паволі знаходзіў у тэлеграм-каналах іншых людзей з гэтага РУУС. Але тады яшчэ не было думкі, што я буду праводзіць расследаванне ўласнага затрымання, збіраў усё гэта, каб падаць заяву ў Генпракуратуру. Што і зрабіў 25 жніўня. Пазней я размаўляў са следчым, дасылаў свае сведчанні і інфармацыю, якую знаходзіў. Некалькі маіх лістоў нават далучылі да матэрыялаў справы. І я падумаў: «Ваў, можа, праз тое, што я замежнік, яны нешта зробяць?» Але потым зразумеў, што ўсё глупства. І калі атрымаў адмову ў студзені 2021-га, вырашыў усё рабіць самастойна.
Прыкладна ў той самы час BYPOL апублікаваў спіс усіх супрацоўнікаў мінскага АМАПа. Там ізраільцянін пачаў шукаць тых, хто называў сваё прозвішча ў яго прысутнасці — і знайшоў дваіх. Паглядзеў, у якіх узводах служаць гэтыя людзі. Гэтыя двое амапаўцаў сталі першымі «падазраванымі» ў расследаванні Фрумана.
— А потым здарылася аперацыя «Жара» ў жніўні 2021 года, калі кіберпартызаны атрымалі доступ да дадзеных усіх жыхароў Беларусі. Я напісаў ім, але мне доўга не адказвалі. Але паколькі я даваў шмат інтэрв'ю і гаварыў пра сябе, мне пісалі многія беларусы і прапаноўвалі дапамогу. І адзін з такіх людзей наўпрост звязаў мяне з кіберпартызанамі. Мы вырашылі, што можам прынесці карысць адно аднаму: я дапамагаў рабіць субтытры да іх відэа на розных мовах (асабліва да рэзанансных, з тэлефоннымі злівамі сілавікоў), а яны мне давалі інфармацыю, — апісвае наступны этап свайго расследавання суразмоўца.
Кіберпартызаны аддалі мужчыну фатаграфіі супрацоўнікаў АМАПа з патрэбных яму ўзводаў і дадзеныя супрацоўнікаў Савецкага РУУС. Аляксандру хацелася быць дакладным у сваім расследаванні, таму ўсіх датычных да збіцця ён апазнаваў спачатку сам, а потым прасіў зрабіць тое самае ўсіх, з кім сядзеў і з кім быў затрыманы.
— З кожным (а гэта больш за 10 чалавек) я размаўляў, паказваў фатаграфіі. Калі кагосьці называлі мінімум два чалавекі — значыць, «знайшоўся». Дапамагала і жонка — мяне ж арыштавалі пры ёй. Усё гэта заняло прыкладна месяц. У выніку ў красавіку 2022-га было сабрана 99% таго, што ёсць на сайце. Потым я доўга думаў, што з гэтымі дадзенымі рабіць. Але ўсё ж вырашыў, што трэба публікаваць, — расказвае ён. — Падставай зрабіць сайт стала тое, што я знайшоў яшчэ адну супрацоўніцу Савецкага РУУС. Я памятаў яе вельмі добра, але ніяк не мог ідэнтыфікаваць. Тады папрасіў кіберпартызан даслаць звесткі ўсіх жанчын Савецкага РУУС, яны скінулі фатаграфіі ў жніўні, і я яе знайшоў. І ў той жа момант зразумеў, як менавіта аформлю сайт. Вырашыў рабіць таймлайн. У пачатку кастрычніка я пачаў яго пісаць, і праз месяц усё было гатова.
Цяпер у планах у Аляксандра Фрумана — прасоўванне свайго расследавання. На гэта ён выдаткоўвае і асабістыя сродкі, купляе рэкламу. Мужчына ўпэўнены: гэта яго «50 цэнтаў, укладзеныя ў барацьбу супраць дыктатуры». З 1 лістапада на сайт «Спіс Фрумана» ўжо зайшлі 6 тысяч чалавек, прычым у сярэднім чалавек праглядае 7 старонак і застаецца на сайце прыкладна 7 хвілін. А ў пашукавіках, адзначае Аляксандр, даволі актыўна ўводзяць запыт «Спіс Фрумана».
Мужчына ўпэўнены: галоснасць мае вялікае значэнне. Менавіта таму ён даваў шмат інтэрв'ю, шукаў інфанагоды, расказваў пра свой досвед:
— Я хацеў, каб практычна кожны беларус ведаў, што ёсць вось такі ізраільцянін, які трапіў пад хапун. І цяпер я часта падарожнічаю і, калі сустракаю беларусаў, пытаюся: «А вось ведаеце, ёсць такі ізраільцянін, якога затрымлівалі?» І кажу, што гэта я. Гэта дапамагло і ў расследаванні: людзі мяне ведалі і прапаноўвалі дапамогу. Напрыклад, мне напісаў дзейны супрацоўнік Савецкага РУУС, які раіў, як шукаць, вывеў на некалькіх людзей. Ёсць пара чалавек, якія працуюць у дзяржструктурах. Спачувалі мне, спрабавалі дапамагчы. Не асабліва атрымалася, але сама падтрымка незнаёмых людзей сведчыць, што ты займаешся слушнай справай. Што ты не проста пакрыўдзіўся і вар’яцееш аж да маніі, а робіш усё правільна.
«Спадзяюся сведчыць, калі будзе міжнародны трыбунал»
Правёўшы ўласнае расследаванне, Аляксандр Фруман вырашыў задзейнічаць усе механізмы, якія маглі б прыцягнуць да адказнасці сілавікоў. Ён пісаў заявы і падаваў сваю інфармацыю ва ўсе міжнародныя інстанцыі, куды змог, цяпер супрацоўнічае з дэмсіламі.
— Мяне апытвала прадстаўніца Камітэта па правах чалавека ААН, я перадаў ім усе дадзеныя, якія ў мяне былі (на той момант расследаванне ўжо было амаль завершанае). Я да гэтага часу ў кантакце з імі, — кажа суразмоўца. — Вельмі спадзяюся, што, калі будзе міжнародны трыбунал (а пасля пачатку вайны ўсё гэта папахвае чымсьці круцейшым, чым умоўны суд Цэнтральнага раёна Мінска), я змагу там сведчыць.
Мужчына спрабуе дзейнічаць і ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, супрацоўнічае з НАУ Паўла Латушкі. Але сэнсу ў гэтым бачыць не так шмат: следчыя Літвы, напрыклад, ніяк не змогуць выклікаць на допыт падазраваных, якія знаходзяцца ў Беларусі.
— Вось у дачыненні да мяне заведзеная крымінальная справа за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь і распаўсюджванне асабістых звестак сілавікоў. Я размаўляў са сваім следчым, ён клікаў мяне ў Віцебск даць паказанні. Я і кажу: «Прыязджайце ў Ізраіль, я вам нават білет аплачу, хоць пагледзіце свет». А ён адказвае, што яму нельга выязджаць. Я пісаў заяву тут, але мне адмовілі: навошта ізраільскі паліцэйскі будзе марнаваць свой час на безнадзейную справу?
Цяпер я планую зноў напісаць у Генпракуратуру, з усімі імёнамі — паглядзім, як яны будуць выкручвацца. Хай працуюць! Я так лічу: лепш яны выдаткуюць час на мяне, чым на простых беларусаў. Мне вельмі важна зрабіць добра Беларусі, таму што яна мяне выгадавала, выхавала, вывучыла, я ўдзячны гэтай краіне і люблю яе.
«Мне прынясе задавальненне пабачыць, як ім зачытаюць прысуд»
Першапачатковай матывацыяй збіраць інфармацыю было жаданне дамагчыся завядзення крымінальнай справы. Цяпер Аляксандр кажа пра правасуддзе, але дакладна не пра асабістую помсту або затоеную крыўду.
— Дагэтуль не разумею, як можна было не завесці крымінальную справу, улічваючы такія падзеі. Вось ёсць закон, дзе напісана: біць людзей нельга, катаваць нельга. І ёсць пакаранне, — разважае ён. — Але нават калі я, умоўна, апынуся ў падвале з тым, хто мяне збіваў, ну і што? Я ж не садыст, мне не прыносіць задавальнення гвалт. Але мне прынясе задавальненне пабачыць чалавека ў момант, калі яму зачытваюць прысуд. Я нават, можа быць, гатовы сказаць ім усім: «Ведаеце, я вам дарую, вы аблудныя авечкі, паверылі ідэалогіі. А вас аблапошылі». Але лічу, што правасуддзе мусіць перамагчы.
У распараджэнні суразмоўцы ёсць асабістыя дадзеныя ўсіх яго падазраваных і нават іх родных. І першы час у яго было моцнае жаданне патэлефанаваць ім. Але потым мужчына прагаварыў усё гэта з псіхолагам і зразумеў: сэнсу ў такіх дзеяннях няшмат.
— Ну вось патэлефаную, і 90%, што нічога цікавага я з іх не выцягну, максімум мне нагрубяць, а я нагрублю ў адказ. І што далей? — задае рытарычнае пытанне Аляксандр. — Але вось жанчыне з РУУС я ўсё ж вырашыў набраць, думаў, што яна не будзе такой грубай. Хацеў проста павітацца, спытаць, навошта яна ўсё гэта робіць. Але я нарваўся на яе маму. І яна як выдала мне тыраду: што мала далі, што трэба наогул забіваць такіх. Гэта ўсё было 8 траўня, і я кажу: «Вось вас паслухаць — і незразумела, што заўтра адзначаць, за што беларусы ваявалі? Людзі паміралі, каб цяпер вы ўсё гэта казалі?» Мы даволі доўга гаварылі, а потым у мяне скончыліся грошы на скайпе.
«Спружына закручваецца, і калі-небудзь яна стрэліць»
Хоць сайт ужо гатовы, Аляксандр адзначае: белыя плямы ўсё яшчэ застаюцца і яго расследаванне не завершанае. Не хапае інфармацыі, якая дазволіла б выявіць усіх датычных. Для гэтага, напрыклад, ён хацеў бы атрымаць дадзеныя білінгавай сістэмы за гэтыя дні з пэўных лакацый.
— Так я б змог даведацца пра ўсіх людзей, якія знаходзіліся ў той час там са сваімі тэлефонамі. І паколькі я спецыяліст па апрацоўцы дадзеных, мне будзе няцяжка вылічыць, хто з амапаўцаў там быў, — заяўляе суразмоўца. — Яшчэ хацелася б атрымаць дадзеныя камер відэаназірання. Я ўпэўнены, што на праспекце яны ёсць, і там выразна відаць, за што мяне арыштавалі. Многія, нават не разбіраючыся ў маёй гісторыі, пішуць: «Няма чаго было хадзіць на мітынгі». Крыўдна, але я не быў ні на адным, нават 16 і 23 жніўня не схадзіў на тыя велізарныя мітынгі, калі сотні тысяч былі на вуліцы. Да гэтага часу шкадую.
Яшчэ Фруман хацеў бы атрымаць запісы з камер унутранага дворыка РУУС. У тым, што яны там ёсць, ён не сумняваецца: калі ў кастрычніку 2020 года хтосьці кінуў у двор бутэльку з запальнай сумессю, гэта паказалі з некалькіх ракурсаў. Тады ізраільцянін нават патэлефанаваў у РУУС і спытаў, як атрымаць доступ да відэа, калі камеры ўсё ж ёсць. Але адказу не пачуў. Аляксандр лічыць, што, атрымаўшы ўсе гэтыя дадзеныя, ён сабраў бы поўную карціну. Нават жартуе: у такім выпадку следчы, які будзе займацца ўсім гэтым пасля змены ўлады, павінен яму частку свайго заробку. Ну або хаця б паход у рэстаран.
У тым, што нагода для рэстарана ўсё ж знойдзецца і яго расследаванне спатрэбіцца, мужчына ўпэўнены:
— Я перажыў распад СССР, момант, калі дыктатура і беззаконне падае. Мне было 10 гадоў, але ўжо ў такім узросце я даволі хутка пачаў разумець сур’ёзныя рэчы. А цяпер я бачу, як Украіна вырываецца з гэтых кайданоў, як тое самае робіць Грузія. Я называю гэта палітычнай эвалюцыяй. І тое, што ў Беларусі становіцца горш і горш, — гэта знак, што ўсё рухаецца ў правільным кірунку. Спружына закручваецца, і калі-небудзь яна стрэліць. А напад Расіі на Украіну толькі набліжае гэты дзень. Я на 100% упэўнены, што гэта здарыцца. Праз год ці два — наўрад ці. Праз 10 гадоў — магчыма. Праз 20 гадоў — дакладна.