Ужо месяц у Мінску можна заўважыць тралейбусы і аўтобусы, на якіх кірунак руху і нумар маршруту на табло падсвятляюцца іншымі колерамі: жоўтым і зялёным. У «Мінсктрансе» раней тлумачылі, што змены — для зручнасці пасажыраў, каб «з лёгкасцю адрозніваць», які транспарт пад’язджае да прыпынку. Але ў гараджан ніхто не пытаў, ці сапраўды гэта зручна, і яны цяпер незадаволеныя. Даведаліся, што не задавальняе мінчукоў і ці збіраюцца на прадпрыемстве вяртаць ранейшае афармленне.
Імёны суразмоўцаў у матэрыяле змененыя.
Пасажыры: «Надпісаў не відаць, табло расплываецца»
Тралейбусы з «зялёным» і аўтобусы з «жоўтым» табло з’явіліся на сталічных вуліцах 13 лютага. У Instagram «Мінсктранса» тады паведамілі, што вырашылі памяняць колер маршрутнага паказальніка «ў адпаведнасці з колерам транспарту». Гэта патлумачылі жаданнем павысіць інфарматыўнасць «з мэтай ідэнтыфікацыі транспартнага сродку».
У рэдакцыю напісаў мінчук Аляксей. Мужчына паскардзіўся на новыя табло, кажа, што на іх надпісы складана распазнаць, хоць зрок у яго выдатны.
— Я і мае знаёмыя дзіка абураныя, бо стала насамрэч нязручна. Хоць намеры, здавалася б, добрыя былі: мы зробім жоўтае табло для аўтобусаў, зялёнае — для тралейбусаў, каб людзі маглі здалёк бачыць. Але нават я, чалавек са зрокам адзінка, значна горш успрымаю гэтыя колеры, асабліва ў цемры, пры дрэннай бачнасці. Гэты зялёны мітусіцца ў вачах, і нумар, і іншая інфармацыя робяцца бачнымі толькі калі транспарт зусім блізка пад’ехаў. Гэты колер — натуральны, прыродны і чытаецца дрэнна. Мая прэтэнзія ў тым, што меркавання грамадзян асабліва і не пыталі, — кажа суразмоўца.
Яшчэ адна жыхарка Мінска, Лілія, цяпер грамадскім транспартам карыстаецца нячаста, але змены заўважыла і лічыць іх нязручнымі.
— Мы з мужам бачылі тралейбусы, якія праязджалі міма, і на іх табло расплываецца. Яшчэ дзіўна выглядае: бірузовы тралейбус і бірузовае падсвятленне. Здавалася б, табло яркае, але лічбы і літары адна адну засланяюць, рэжуць вока, нічога не відаць. Мужу таксама нязручна. Мы ўбачылі, што напісана, толькі калі транспарт пад’ехаў бліжэй. Прычым у нас з мужам зрок дзесьці 1−0,9, але далёка не ўсе людзі так добра бачаць.
У каментары Tochka.by прэс-сакратар «Мінсктранса» Алена Грамыка удакладніла, што гэта дапаможа «з лёгкасцю адрозніць з далёкіх адлегласцяў», які менавіта від транспарту пад’язджае да прыпынку. Яна дадала, што ў старых мадэлях тралейбусаў, дзе не падтрымліваецца змена колеру надпісаў на табло, яны будуць ранейшага колеру. У тым ліку таму логіку зменаў не разумее Аляксей. Ён лічыць, што з ранейшым афармленнем праблем з вызначэннем віду транспарту ў людзей не было.
— На маю думку, той колер, які быў да ўвядзення ўсіх гэтых прыколаў, — самы класны. Па-першае, добра чытаецца здалёк, бо жоўта-чырвоны спектр — сігнальны і чалавеку на адлегласці бачны. Плюс гэты бурштынавы колер — досыць прыемны. Але цяпер на аўтобусах нейкі жоўты, а на тралейбусах — такі святлафорна-зялёны, — заключае мужчына.
«Мінсктранс»: «Будзем глядзець і разбірацца»
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала на гарачую лінію «Мінсктранса» як пасажырка. Супрацоўнік службы растлумачыў, што пакуль афармленне маршрутаў транспарту такім і застанецца. Ён не ўдакладніў, чаму на прадпрыемстве вырашылі памяняць колеры і на чым грунтавалася здагадка, што так будзе лепш, але пацвердзіў, што апытання пасажыраў на гэты конт не праводзілася.
— Добра, мы прымаем інфармацыю з нагоды табло. Будзем глядзець і разбірацца. Каб пытанне разгледзелі, трэба, каб нейкая колькасць людзей звярнулася — можна нават да нас на гарачую лінію. [Спецыялісты] будуць глядзець.
— Колькі чалавек мусіць звярнуцца, каб разгледзелі гэтае пытанне?
— Калі будуць яшчэ звароты. Пакуль па гэтым пытанні ніхто не тэлефанаваў. Колькі мусіць звярнуцца, нельга сказаць. [Разглядаюць], нават калі па тры звароты [паступае], — адказалі па тэлефоне.
Нагадаем, апошнім часам зялёны нечакана з’явіўся на форме хакейнага мінскага «Дынама». Да гэтага клубы чэмпіянату Беларусі па футболе абавязалі нанесці дзяржаўны сцяг краіны (таксама з зялёным) на форму.