Жыхара Скідзеля Міхаіла Мякеку, якога затрымалі ў снежні пасля вяртання з Польшчы, будуць судзіць па чатырох крымінальных артыкулах. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў раскладзе судовых паседжанняў, піша «Медыязона».
Мужчыну абвінавачваюць у распальванні варожасці (частка 1 і частка 3 артыкула 130 КК), грубым парушэнні грамадскага парадку (частка 1 артыкула 342 КК), гвалце ў дачыненні да службовай асобы (частка 2 артыкула 366 КК), паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі (частка 2 артыкула 367 КК). Справу пачне разглядаць 24 ліпеня суддзя Сянько ў Гродзенскім абласным судзе.
Праваабаронцы пісалі, што мужчына жыў у Польшчы паўтара года і ў снежні вярнуўся ў Беларусь. Паводле версіі сілавікоў, у Польшчы ён зарэгістраваўся ў плане «Перамога». Таксама ён пісаў паведамленні з пагрозамі сілавікам.
У чэрвені КДБ дадаў Міхаіла Мякеку ў «тэрарыстычны» спіс.