Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Силовики начали задерживать беларусов за комментарии о пакистанцах и публиковать «покаянные» видео
  2. Путин заявил о готовности заморозить конфликт по линии фронта и отказаться от претензий на некоторые украинские территории — с какой целью
  3. Помните парня, бежавшего за водометом в 2020-м? Его искали силовики, но нашли журналисты «Зеркала» — поговорили с ним
  4. Если вы гадаете, бежать за дешевым долларом или подождать еще, чтобы его курс упал больше, то для вас есть прогноз эксперта
  5. У 44 гады памёр палітвязень з Быхава
  6. Чиновники решили взяться за еще одну категорию работников, но после волны возмущения людей от некоторых новшеств отказались
  7. «Ты сто человек таких увидишь за день». Беларусы, которых вербовал КГБ, рассказали, как узнать «агента» и не сказать случайно лишнего
  8. Дело пропавшей спикерки КС засекретили? «Зеркало» получило ответ из Национальной прокуратуры Польши
  9. «Я решил положить конец этим мегерам». Рассказываем, как убежденный антифеминист однажды убил 13 студенток и сотрудницу университета
  10. Сначала — супердоступ силовикам, а теперь — запуск посредника при заказах из зарубежных интернет-магазинов. У чиновников — новая идея
  11. Лукашенко рассчитывал, что жесткий контроль цен станет «уникальной операцией». В закрытом документе ему объяснили, чем это аукнулось
  12. Забывчивым беларусам пригрозили «административкой» — кто и за что на этот раз
  13. Почему идея Лукашенко позвать пакистанцев взорвала соцсети, а власть так быстро перешла к угрозам и «покаянным» видео? Спросили социолога
  14. «Мы не придурошная Европа». Пропаганда бросилась защищать взорвавшую соцсети идею Лукашенко переселить в Беларусь 150 тысяч пакистанцев
  15. Кочанова вспомнила нашумевший закон, которым населению отомстили за 2020 год, и озвучила, кто следующий в очереди на «урегулирование»
  16. БелЖД предложила Литве, Латвии и Польше возобновить прямое пассажирское сообщение
  17. Лукашенко съездил в Шклов и нашел то, что будут «лепить по всей Беларуси»
Читать по-русски


У студзені гэтага года ў Нарвегіі папрасіў прытулку расіянін Андрэй Мядзведзеў — збеглы найміт ПВК Вагнера, які ваяваў ва Украіне, а да гэтага сядзеў за рабаванні і крадзяжы. Мужчына называе сябе камандзірам Яўгена Нужына, які трапіў ва ўкраінскі палон, а калі з яго вярнуўся, быў паказальна забіты кувалдай. У Нарвегіі экс-вагнеравец заявіў, што гатовы даць паказанні супраць заснавальніка ПВК Вагнера — Яўгена Прыгожына. Цяпер мужчына чакае рашэння наконт свайго статусу, перыядычна трапляючы ў навіны. «Люстэрка» з’ездзіла ў Осла і пагаварыла з Мядзведзевым пра тое, як ён стаў наймітам, чаму вырашыў збегчы і што думае пра сваіх былых камандзіраў.

Андрей Медведев. Фото: «Зеркало»
Былы найміт ПВК Вагнера Андрэй Мядзведзеў. Фота: «Люстэрка»

З Андрэем Мядзведзевым мы сустракаліся за некалькі дзён да навіны пра імаверную гібель кіраўніцтва ПВК Вагнера — Яўгена Прыгожына і Дзмітрыя Уткіна. Мы папрасілі былога найміта пракаментаваць тое, што здарылася, але ён адмовіўся.

Дзетдом, няспраўджаны буравік, «крыміналка»

На мінулым тыдні, 16 жніўня, былы вагнеравец Андрэй Мядзведзеў сустрэў 27-годдзе — увечары падняўся на гару Прэкестулен у Нарвегіі і запусціў там феерверк. Потым пайшоў у найбліжэйшы гатэль, дзе за вячэрай у рэстаране раптам спалохаўся: да яго стала скіроўваліся некалькі супрацоўнікаў установы.

— Падумаў, ну ўсё, ідуць выганяць. А яны мне хорам песню віншавальную праспявалі, падарылі дэсерт з маленькай запаленай свечкай. Упершыню ў жыцці такое было, вельмі нечакана і прыемна, — наш дыялог Мядзведзеў пачынае з гэтай гісторыі.

Потым стала зразумела, чаму хлопца здзіўляюць такія простыя і цёплыя моманты, якія ёсць у жыцці практычна кожнага чалавека: у 13 гадоў з вёскі ў Томскай вобласці яго забралі ў дзіцячы дом — маму, якая працавала ў калгасе даяркай, задушыў п’яны трактарыст, а бацька «дзесьці п’янстваваў».

Пасля базавай школы Андрэя адправілі ў вучылішча на спецыяльнасць, «звязаную з буравымі ўстаноўкамі». Гэта не падабалася падлетку, таму ён збег у Томск, яго шукала паліцыя.

Калі Андрэю было 17, ён «разам з пацанамі паехаў на разборкі» — уступацца за сябра, якому не аддаваў грошы знаёмы. Жаўжніку, што пачаў грубіяніць, «далі па хары» і забралі нейкія рэчы. Вынік — крымінальная справа за рабаванне і падпіска аб нявыездзе да суда.

«Не лічу, што Расія адціснула Луганск і Данецк»

— У 2014 годзе мне споўнілася 18 гадоў, я хацеў уладкавацца на працу і збіраў пакет дакументаў. Паехаў у ваенкамат па ваенны білет, а яны мне — пойдзеш у войска. Тады акурат заваруха ва Украіне пачалася, відаць, патрэбныя былі людзі. І хоць я казаў ім, што чакаю суда, пад падпіскай, яны, маўляў, усё вырашым, усё нармальна будзе, — успамінае былы найміт.

Расіянін кажа, што з ім заключылі кантракт і адправілі ў вучэбку ў брыгаду ПДВ ва Ульянаўску. Адтуль па загадзе перадыслакавалі «на абарону межаў у сувязі з ваенным становішчам на сумежнай тэрыторыі».

— Куды едзем, я тады не ведаў. Але калі ўбачыў на дарозе шыльды — Ізварына, Краснадон, Маладагвардзейск (гарады ў Луганскай вобласці Украіны. — Заўв. рэд.), то ўсё зразумеў, — кажа ён.

Андрей Медведев во время службы в армии в 2015-м году. Фото предоставлено героем материала
Андрэй Мядзведзеў падчас службы ў войску ў 2015 годзе. Фота ад героя матэрыялу

Падчас баёў у Луганскай вобласці Андрэй Мядзведзеў атрымаў раненне і кантузію, трапіў у шпіталь у Растоў, адкуль яго зноў вярнулі на пазіцыі ва Украіну. У снежні 2015-га кантрактнік вярнуўся на радзіму. За ўдзел у ваенных дзеяннях яго ўзнагародзілі медалём.

— Сёння пішуць пра Расію, маўляў, «адціснула» Данецк і Луганск ва Украіны. Але я так не лічу. Я бачыў шмат розных момантаў, — сцвярджае Мядзведзеў. — Бывала, мы прыходзілі да людзей — прыносілі прадукты, а яны давай на нас лаяцца, мы тыпу акупанты. Але шмат тады было брыгад апалчэнцаў і цывільных, якія адстойвалі сваю незалежнасць.

„У арміі і ў калоніі мяне лічылі сабатажнікам“

Па вяртанні з Украіны Андрэй п’янстваваў — адзначаў заканчэнне кантракту. Але рабіў ён гэта так шумна, што прыехала паліцыя. І тут выявілася, што малады чалавек знаходзіцца ў федэральным вышуку па старой крымінальнай справе за рабаванне. Тады яго на паўгода адправілі ў СІЗА. А ў 2016 годзе далі тэрмін — два гады ўмоўна. Але ў выніку мужчына ўсё ж апынуўся ў калоніі.

— Спрабавалі зламаць, але ім гэта не ўдалося. Усюды мяне лічылі сабатажнікам — і ў арміі, і на зоне, — успамінае былы найміт. — Вечна саджалі ў ШІЗА, падсаджвалі да аўтарытэтаў, а я ў адказ пісаў кучу скаргаў, бунт ладзіў, судзіўся.

Праз год, у ліпені 2017-га, суд дадаў Мядзведзеву яшчэ тры гады — за пяць крадзяжоў і згон аўтамабіля „без мэты крадзяжу“. А ў 2020 годзе, знаходзячыся ў зняволенні, хлопец „патрабаваў справядлівасці“. У выніку атрымаў трэці тэрмін за абразу і ілжывы данос на прадстаўніка ўлады — 9 месяцаў калоніі строгага рэжыму. Дату вызвалення Андрэй Мядзведзеў памятае добра — 4 ліпеня 2022 года. Кажа, выйшаў, а ў яго „ні хаты ні лапаты, ісці няма куды“:

— Як сіраце мне мусілі даць кватэру, але так і не далі. Лаяўся з пракуратурай і адміністрацыяй горада — не дапамагло. Жыў у сяброў, знаёмых і думаў, як быць далей. Я ведаў, што ва Украіне ідзе СВА, і быў упэўнены: 100% мяне туды заграбуць.

„Абяцалі плаціць 250 тысяч расійскіх рублёў за месяц — больш, чым у вайскоўцаў“

Знаёмы параіў Мядзведзеву пайсці на службу ў ПВК Вагнера, маўляў, калі ўжо ваяваць, то там — „хаця б грошы будуць, а можа, і льготы якія“. Хлопец патэлефанаваў у кампанію, паведаміў пра сваё жаданне служыць і падаў кароткія звесткі пра сябе для праверкі. Літаральна праз 10 хвілін Андрэю пачалі пісаць і тэлефанаваць.

— Закідалі мяне пытаннямі: „Дзе ты цяпер? Калі зможаш прыехаць? Грошы ёсць на білет?“ — успамінае Мядзведзеў.

Праз пару дзён будучы найміт дабраўся да хутара Молькіна ў Краснадарскім краі, дзе базавалася ПВК Вагнера. Навічку далі падпісаць кантракт, у якім ні слова не было пра тое, што ён мусіць адправіцца на вайну ва Украіну. Ды і назва ПВК Вагнера нідзе не фігуравала.

— Афіцыйна я заключаў дамову на чатыры месяцы з ТАА „Еўра поліс“. Паводле дакумента павінен быў займацца аховай нафтагазавых радовішчаў, — кажа Мядзведзеў. — Але я ведаў, што буду рабіць — мяне бралі камандзірам штурмавога аддзялення, абяцалі плаціць 250 тысяч расійскіх рублёў у месяц (8371 беларускі рубель, тут і далей паводле курса Нацбанка на 24 жніўня. — Заўв. рэд.). Гэта вельмі добры заробак, напрыклад, звычайныя вайскоўцы маюць прыкладна 120 тысяч расійскіх рублёў (4018 беларускіх рублёў. — Заўв. рэд.). Пры гэтым у іх вечныя затрымкі з выплатамі.

Навабранцу выдалі форму і амуніцыю, потым пачалася падрыхтоўка на палігоне. Але ў Мядзведзева быў досвед, таму там ён паказаўся ўсяго некалькі разоў — „чыста паглядзець, як рыхтуюць людзей“. Суразмоўца адзначыў, што на базе камунікаваў з дасведчанымі наймітамі Вагнера. Пасля гэтага ён прыйшоў да высновы, што пра планы нападу на Украіну ў ПВК ведалі і рыхтаваліся:

— Можа, адкрыта пра гэта ніхто не казаў, але многія здагадваліся па пэўных прыкметах. Напрыклад, „Вагнер“ пачаў нарошчваць сілу: вяртаў кантрактнікаў з Лівіі, Сірыі, падцягваў тэхніку ў Растоўскую вобласць.

„Ехаць не было страшна, я ж бачыў, як забіваюць людзей“

Прыкладна праз 10 дзён пасля заключэння кантракта байцоў загрузілі ў аўтобус і прывезлі ў горад Алчэўск у Луганскай вобласці. Мядзведзеву далі пазыўны Джога і прызначылі камандзірам 1-га аддзялення 4-га ўзвода 7-га штурмавога атрада. У яго падначаленні быў і Яўген Нужын, якога паказальна забілі кувалдай пасля вяртання з палону.

Разам з іншымі наймітамі Мядзведзева адвезлі на пункты часовай дыслакацыі ў размешчаны побач Перавальск.

— Ехаць мне не было страшна, я ж і раней бачыў, як забіваюць людзей. Мэта была адна — вызваляць мірнае насельніцтва, бо прапагандай падавалася так, нібыта ва Украіне вакол усе під***сы, крыўдзяць народ. Толькі потым я быў шакаваны тым, што там адбывалася, — расказвае суразмоўца.

Першапачаткова таварышамі па службе Мядзведзева былі людзі, якія раней прайшлі спецпадраздзяленні УС Расіі, мелі спецыяльнасць, добрую вайсковую падрыхтоўку і навыкі. Потым да іх пачалі завозіць былых зняволеных, многія з якіх нават не былі ў арміі.

— Дарэчы, калі я прыехаў, там было даволі шмат беларусаў, — тлумачыць былы найміт. — Не скажу, што гэта аж 500 чалавек, якія хадзілі строем. Там жа няма такога, што асобна падраздзяленне беларускае, казахскае або ўзбекскае, — усе ўперамешку.

Мядзведзеў сцвярджае, што паміж вагнераўцамі былі „брацкія адносіны“, яны выконвалі „няпісаныя законы“, праўда, зрэдку бывалі сутычкі, але яны вырашаліся адразу. Паводле яго, найміты ставіліся да цывільных „справядліва і ніколі не чапалі“»

— Я сам бачыў, як нашы эвакуявалі бабуль, бронекамізэлькі і каскі ім свае аддавалі, каб яны цэлымі з’язджалі, — паведаміў суразмоўца.

Між тым два былыя зняволеныя, якія былі наймітамі ў ПВК Вагнера, расказалі расійскім праваабаронцам падрабязнасці расстрэлу больш чым 20 украінскіх дзяцей і падлеткаў, падрыву ямы з 60 параненымі палоннымі і так званымі «пяцісотымі» — тымі, хто адмовіўся выконваць загады забіваць украінцаў. Таксама абодва вагнераўцы адзначылі, што асабіста Прыгожын аддаваў злачынныя загады пра расстрэлы і забойствы.

«Нарката і алкашка былі пад забаронай, калі зловяць за бухлом — адрэжуць мезенец»

Падраздзяленне Андрэя Мядзведзева знаходзілася на подступах да Бахмута. Байцам прыходзіў загад на штурм, паведамлялі, як трэба размеркавацца на пазіцыях, пасля яны адпраўляліся ў хованкі — акопы ў лесапалосах.

— У камандзіраў на мабільніках была праграма з картай, дзе адзначаліся вымярэнні, па якіх мы арыентаваліся: ухіл, вышыня, — будзённа апісвае экс-вагнеравец. — Бывала, ідзём, упіраемся ў праціўніка і прасунуцца далей не можам, бо з таго боку бесперапынку працуе кулямёт. Калі быў такі ўтык, то адкочваліся назад, замацоўваліся на пазіцыі і запытвалі па каардынатах артпадтрымку, якая адпрацоўвала паказаны ўчастак. Потым уставалі і прасоўваліся далей.

Мядзведзеў кажа, што часам акопы наймітаў і УСУ былі ўсяго на адлегласці 30 метраў адзін ад аднаго. У такія моманты яны нават перакрыкваліся адно з адным: абзываліся і прапаноўвалі здацца.

— Гэта была мясарубка. У першы ж дзень у нас перакасіла вельмі шмат народу. З тых, хто выжыў, фармавалі новыя аддзяленні і зноў адпраўлялі ў бой. Калі шчыра, калі праходзіў месяц, я здзіўляўся, што яшчэ жывы, — разважае расіянін. — Людзей часам адпраўлялі ў бой як мяса — сярод белага дня трэба было ўставаць і ісці проста пад агонь УСУ. Менавіта так цалкам выкасіла байцоў найбліжэйшага аддзялення.

Сам Мядзведзеў кажа, што быў дзёрзкім і непаслухмяным, такім загадам не падпарадкоўваўся і людзей у бой не вёў, напрыклад, прыкідваўся, што не чуе па тэлефоне распараджэння начальства.

— За гэта мяне неўзлюбіў камандзір узвода, у яго быў пазыўны Прайс. Перыядычна ён роў, што прыстрэліць. Цалкам дапускаю, што ён мог гэта зрабіць, — мяркуе былы найміт.

Былы штурмавік расказаў, што часам, седзячы ў акопе, ён задумваўся пра тое, што тут робіць, навошта ён пайшоў у ПВК Вагнера. Аднак ніколі не шкадаваў пра ўжо зробленае — «бо інакш стане зразумела, што жыццё пражыў дарма».

— Думаю, усім там было цяжка псіхалагічна, — кажа Мядзведзеў. — Пагалоўна ўсе курылі цыгарэты, каб зняць стрэс, супакоіцца. Нарката і алкашка былі пад забаронай, калі зловяць за бухлом — адрэжуць мезенец, але ўсё роўна былі тыя, хто піў.

Андрей Медведев. Фото: «Зеркало»
Былы найміт ПВК Вагнера Андрэй Мядзведзеў. Фота: «Люстэрка»

Камандзіры «прыдуркавыя і ідэйныя», а Прыгожын «хворы»

На службе Андрэй Мядзведзеў перасякаўся з іншымі камандзірамі, бачыў і аднаго з галоўных — Дзмітрыя Уткіна з пазыўным Вагнер.

— Прыдуркавыя яны, ідэйныя, з ліку тых, у каго нічога няма ў жыцці і страчваць ім няма чаго. Можа, думалі, што я такім жа патрыётам буду, — так ён апісвае начальства.

Некалькі разоў у навучальным цэнтры ў Луганскай вобласці, куды найміты прыязджалі на перападрыхтоўку, Мядзведзеў бачыў Яўгена Прыгожына. Кажа, што бос яму не спадабаўся:

— Хворы і занадта фанабэрысты чалавек. Я ў дзіцячым доме і на зоне з рознымі людзьмі перасякаўся і, гледзячы на тое, як размаўляў Прыгожын, адразу прыйшоў да такой высновы.

Мядзведзеў заўсміхаўся і развёў рукамі, успамінаючы, як уладальнік ПВК Вагнера, ужо пасля таго як яго баец апынуўся ў Еўропе, расказваў пра яго журналістам. Маўляў, уцякач — грамадзянін Нарвегіі, уваходзіў у склад «нарвежскага батальёна ПВК пад назвай „Нідхёг“», і яго збіраліся прыцягнуць да адказнасці за жорсткае абыходжанне з палоннымі.

— Я ж кажу — ён бальніца, гумарыст, нясе ўсякую лухту. Я заўсёды быў грамадзянінам Расіі, і ўсё астатняе, што было пра мяне сказана, — няпраўда, — тлумачыць мужчына.

«Пастаянна чуў: „Чаго вы сюды прыйшлі, хто вас клікаў?“»

Мядзведзеў сцвярджае: чым бліжэй было да заканчэння кантракту, тым больш ён ацэньваў тое, што адбываецца вакол. І разумеў, што ўсё не так, як падавала расійская прапаганда:

— Першапачаткова была мэта — вызваляць цывільных. Але мы прыходзілі да ўкраінцаў і ўвесь час чулі: «Чаго вы сюды прыйшлі, хто вас клікаў?» Тады пачаў разумець: нешта не тое, напэўна, мы ідзём няправільным шляхам.

Паводле экс-штурмавіка, украінцы, якіх яны «вызвалялі», казалі, што ім усё роўна, у якой краіне жыць, Расіі ці Украіне, галоўнае — каб былі мір і спакой, заставаліся цэлымі іх дамы, агароды, было што паесці.

— У залежнасці ад таго, якія войскі прыходзілі да ўкраінцаў у населены пункт, яны маглі крычаць «Слава Украіне!» або «Слава Расіі!». Галоўнае, каб іх не чапалі, — кажа былы найміт.

Андрэй так і не адказаў, навошта Расіі нападаць на Украіну, што наогул адбываецца апошнія паўтара года і за што пакутуюць людзі. Ён перакананы, што ва ўсім «вінаватая ўлада», якой чагосьці не хапае:

— Гэта яны нам так башку забілі сваім нацыяналізмам. Я, дзетдомаўскі, без адукацыі і дэканатаў, седзячы ў акопе, дайшоў мазгамі, што нешта не тое адбываецца.

«Вагнераўцы тэлефанавалі і пагражалі: ты труп»

У лістападзе 2022 года, калі кантракт у Мядзведзева заканчваўся, яму паведамілі, што падоўжаць яго бестэрмінова. Але хлопец адказаў, што заставацца на службе не збіраецца. Былі і іншыя байцы, якія хацелі з’ехаць, але іх проста не адпускалі. У якасці пакарання такіх на некалькі дзён маглі пасадзіць без ежы і вады ў жалезны кантэйнер, які стаяў у полі пад сонцам.

— Гэта як распаленая духоўка. Нікуды чалавека не выводзяць, у туалет ходзяць па кутах, ад гэтага ўнутры смурод невыносны. Я таксама там сядзеў, але за іншую правіннасць — нагрубіў камандзіру, — успамінае экс-вагнеравец.

Былі выпадкі, калі наймітаў, што адмовіліся ваяваць, паказальна забівалі на вачах іншых байцоў. Сведкам аднаго з такіх эпізодаў стаў Мядзведзеў.

— Прывезлі дваіх на палігон каля Алчэўска, абвясцілі, што яны адмоўнікі, і пусцілі па кулі ў галаву.

Пра пазасудовыя забойствы, або «абнуленні», у лютым гэтага года расказваў яшчэ адзін найміт ПВК Вагнера — Мікалай Трошкін, які трапіў на вайну ва Украіну з калоніі, дзе адбываў тэрмін.

Пагрозы і расстрэлы пацвярджаліся не толькі апавяданнямі відавочцаў: у лістападзе звязаны з наймітамі канал апублікаваў відэа, на якім байца ПВК Вагнера Яўгена Нужына, што вярнуўся з палону, забіваюць ударам кувалды па галаве.

Кіраўнік наймітаў Яўген Прыгожын прыязджаў у калоніі для вярбоўкі зняволеных і гаварыў адну і тую ж прамову. У ёй ён папярэджваў пра пакаранне смерцю за дэзерцірства і падкрэсліваў, што «нельга даваць заднюю», аднак абяцаў, што праз паўгода зняволеныя будуць адпушчаныя дадому і памілаваныя.

Паводле словаў Мядзведзева, каб не быць пакаранымі і не загінуць у баі, некаторыя найміты ішлі на хітрасць — прастрэльвалі сабе нагу. Тады баец станавіўся непрыдатны да службы, і яго адпраўлялі ў шпіталь. Адтуль ён ужо не вяртаўся. Суразмоўца калечыць сябе не стаў, але і згоды на падаўжэнне кантракту не даў. Тады яго пасадзілі ў яму — чакаць службу бяспекі. Аднак сябры дапамаглі яму збегчы і дабрацца да мяжы з Расіяй. Пры гэтым усе яго дакументы засталіся на базе ў Молькіне.

У выніку ўцякач прыйшоў у офіс ПВК Вагнера ў Санкт-Пецярбургу — аддаў ахоўніку свой жэтон з нумарам і папрасіў перадаць камандзірам, каб да яго «не лезлі».

— Пасля гэтага знаёмых пацаноў пачалі прэсаваць і пераследаваць — шукалі мяне. Мне тэлефанавалі і пагражалі, маўляў, ты труп. Хацелі на мяне праз мянтоўку павесіць нейкае забойства, — кажа ён.

Два месяцы Мядзведзеў хаваўся ў Расіі, бо спачатку не хацеў пакідаць краіну. Але потым раптам вырашыў падацца ў Нарвегію. Сцвярджае, што да пераходу мяжы не рыхтаваўся, хіба што купіў белы маскіровачны касцюм і абзавёўся чужымі дакументамі з фота падобнага чалавека — для пераходу блокпаста ля памежнага пасёлка Нікель.

— Мяне ўвесь час пытаюць пра розныя этапы ў жыцці: «А ты не баяўся?» Вы ўсе так да смерці ставіцеся: «Ах…» Вядома, у мяне ёсць асцярогі за сваё жыццё, хочацца яшчэ пажыць, дабіцца чагосьці ў жыцці. Але ў цэлым — пофіг, у мяне ўнутры такая пустата ад усяго, што адбываецца вакол. Таму я і п’ю часам — каб заглушыць гэты стан, — махае рукой найміт.

«Натоўп украінцаў крычаў мне ўсякія гадасці»

Ужо больш за сем месяцаў Андрэй Мядзведзеў у статусе просьбіта прытулку жыве ў Осла. Экс-вагнеравец атрымлівае дапамогу, вучыць нарвежскую мову, часам катаецца на сноўбордзе, ездзіць на рыбалку:

— У цэлым я цяпер нядрэнна, супакоіўся. Праўда, калі выходжу на вуліцу, то большасць людзей ад мяне шугается. Вельмі крыўдна было, калі на 9 траўня я пайшоў ускладаць кветкі да помніка воінам — вызваліцелям ад фашыстаў, а натоўп украінцаў пачаў мне крычаць усякія гадасці. Я ж прыйшоў у Нарвегію, каб дапамагчы разабрацца, даць паказанні супраць ПВК, а са мной так несправядліва.

Нягледзячы на тое, што Мядзведзеў цяпер знаходзіцца ў спакойнай краіне і пад аховай, ён лічыць, што яго жыццё не ў бяспецы — баіцца помсты.

— Але нават нягледзячы на гэта, я не хаваюся — хаджу дзе хачу. Нядаўна пайшоў у расійскую амбасаду, хоць нарвежская паліцыя мяне адгаворвала. Я хацеў аднавіць свае дакументы, а хтосьці расцаніў гэта так, нібыта я хачу вярнуцца ў Расію. Не, я не збіраюся гэтага рабіць.

«Беларусам няма чаго баяцца „вагнераў“ — яны не будуць чапаць простых людзей»

Мядзведзеў і цяпер цікавіцца тым, што адбываецца ў Расіі і Украіне, адсочвае перамяшчэнні ПВК Вагнера. Часам ён камунікуе з былымі калегамі, якія расказваюць яму ўнутраныя навіны.

— Пацаны, якія хадзілі маршам на Маскву, казалі, што гэта не было пастаноўкай, яны хацелі паказаць, што праз міністэрскіх під***саў-генералаў загінула шмат нашых. Таму што быў снарадны голад. Прывозілі, да прыкладу, 40 скрынак стрэлаў для РПГ, з іх палова ляціць, а астатнія — іржавая некандыцыя, — пераказвае словы таварышаў па службе Мядзведзеў.

Экс-найміт лічыць, што перамяшчэнне асабовага складу і тэхнікі вагнераўцаў у Беларусь — «ход канём». Ён мяркуе, што гэта было зроблена для «застрашвання Польшчы», якая «заводзіць ва Украіну свае войскі». Таксама ён не выключае варыянту развіцця падзей, пры якіх найміты зойдуць на польскую тэрыторыю:

— Калі ім скажуць «фас», то яны пойдуць. У ПВК ёсць адданыя хлопцы, якія ганарацца тым, што яны там служаць, такія будуць ісці да канца.

Хто фінансуе наймітаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, Мядзведзеў не ведае, аднак лічыць, што грошы ідуць з Расіі «чорнымі шляхамі».

— Але беларусам няма чаго баяцца «вагнераў», якія там стаяць, — яны не будуць чапаць простых людзей. Да таго ж зэкаў цяпер там няма — іх параспускалі па палявых лагерах у Расіі. Астатніх трымаюць у яжовых рукавіцах, — заяўляе ён.

«Няма чаго саромецца, калі ты ідзеш абараняць свой народ. Праўда, потым аказалася, што ўсё гэта не так»

Сёння, гледзячы ў Нарвегіі на тое, як могуць жыць людзі, Мядзведзеў кажа, што і сам хоча міру, спакою і дабрабыту. Падчас размовы ён некалькі разоў паўтараў, што не дакарае сябе за тое, што адбылося ў яго біяграфіі. Маўляў, сорамна чалавеку мусіць быць тады, калі ён свядома ідзе здзяйсняць злачынства — яго выпадак нібыта не пра гэта.

— Няма чаго саромецца, калі ты хочаш быць сумленным і ідзеш абараняць свой народ, гэтак жа, як робяць украінцы. Праўда, потым аказалася, што ўсё гэта не так і вінаватая прапаганда. Як з гэтым жыць? А як жывуць каты, якія выконваюць смяротныя прысуды? А людзі пасля вайны ў Афгане? А ўкраінцы, якія таксама забіваюць і некаторыя з іх здзекуюцца з ваеннапалонных? — разважае ён.

Андрэй прызнаецца, што ад цяжкіх думак яго часта ратуе алкаголь. Спіцца ён не баіцца, хлопец па-філасофску заяўляе, што жыццё — наогул небяспечная штука.

— Жыццё — гэта невылечная хвароба, якая перадаецца палавым шляхам і ў любым выпадку мае смяротны вынік… — вымаўляе ён клішаваную фразу, якая яму запомнілася. — Памятаю, у дзіцячым доме паглядзіш фільм пра вайну, а потым яна сніцца, прачынаешся ў страху. Праз некалькі гадоў бах — і на сапраўднай вайне аказаўся. І цяпер страшна — вайна сніцца, не хацелася б зноў там пабываць.

Часам Андрэй думае, што спакайней яму было б у Расіі.

— Усё роўна я люблю рускіх — для мяне гэта найлепшы народ. І калі кажуць, што рускія — тэрарысты, я абураюся і прашу не блытаць народ з уладай.

Чытайце таксама