Цяпер на лячэнні ў дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Мінска знаходзяцца сем падлеткаў з сярэдняй школы № 165, якія паступілі з прыкметамі кішачнай інфекцыі. Пра гэта расказаў загадчык інфекцыйнага аддзялення № 3 Вадзім Лагацько, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Са словаў спецыяліста, школьнікі пачалі паступаць у клініку з вечара 9 студзеня. Усяго па медыцынскую дапамогу звярнуліся восем падлеткаў, з іх семярых шпіталізавалі, а аднаго бацькі забралі дадому на амбулаторнае лячэнне, бо ў стацыянарнай медыцынскай дапамозе ён не меў патрэбы.
— Наймалодшаму з гэтых пацыентаў 10 гадоў, найстарэйшаму — 14, — адзначыў Лагацько. — У трох падлеткаў ужо пацвердзілася вірусная інфекцыя (у двух — ротавірусы, у аднаго — наравірусы). Астатнія — у працы.
Медык удакладніў, што школьнікі звярнуліся ў бальніцу з сімптомамі — павышаная тэмпература, ваніты, дыярэя. Вынікі лабараторных даследаванняў паказалі, што гэта вірусная кішачная інфекцыя. Яна перадаецца бытавым шляхам — ад чалавека да чалавека. Не праз ежу і не праз ваду.
— Таму школа тут не вінаватая, — канстатаваў спецыяліст.
Кажучы пра стан здароўя школьнікаў, медык адзначыў, што ён стабільны, сярэдняй ступені цяжкасці. Тэмпература ў дзяцей — 37,2−37,3°С, яны ядуць, п’юць. Калі ўсё будзе нармальна, на наступным тыдні іх выпішуць.