Суд Бярозаўскага раёна апублікаваў пастанову па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да жыхара Бярозы, работніка аднаго з прадпрыемстваў. Як вынікае з дакумента, мужчыну абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» праз «Пагоню» ў машыне і адправілі пад арышт у ІЧУ.
Гараджаніна затрымалі яшчэ ўдзень 2 студзеня каля адной з крамаў. Унутры яго машыны, на люстэрку задняга віду, вісеў вымпел з гербам «Пагоня». Заўважыў гэта нехта з мінакоў ці самі міліцыянты, у пратаколе не ўдакладнялася.
Паводле версіі міліцыі, мужчына павесіў вымпел «для дэманстрацыі грамадзянам з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў», а значыць, правёў пікетаванне. А паколькі бярозавец не браў у райвыканкама дазволу на тое, каб павесіць сцяжок унутры сваёй машыны, гэтае пікетаванне прызналі незаконным.
Мужчына не прызнаў сябе вінаватым. Ён не адмаўляў самога факту вымпела ў машыне, але падкрэсліваў, што збіраўся «выказваць інтарэсы», а павесіў герб як «элемент гістарычнай памяці».
Аднак суддзя вырашыў, што гэта няпраўда:
«[Абвінавачаны] раней перасылаў экстрэмісцкія матэрыялы, ведаў пра грамадска-палітычныя падзеі, якія адбыліся ў краіне пачынаючы з 2020 года, у тым ліку пра выкарыстанне выявы герба „Пагоня“», — гаворыцца ў дакуменце.
Жыхара Бярозы прызналі вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Яму прызначылі 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
Дарэчы, суд адбыўся толькі праз месяц пасля затрымання — 5 лютага. Увесь месяц мужчына быў пазбаўлены аўтамабіля, у якім знайшлі той самы вымпел, бо адразу пасля затрымання на машыну наклалі арышт і адправілі яе на штрафстаянку. Толькі пасля вынясення рашэння па справе суд пастанавіў зняць арышт з аўтамабіля.
Чытайце таксама