У Швецыі пракаментавалі пытанне пра выдачу праязных дакументаў замежніка беларусам, у якіх скончыўся тэрмін нацыянальнага пашпарта. Пра гэта гаворыцца ў прававым палажэнні, якое апублікавала шведскае ведамства па міграцыі.
У дакуменце ўтрымліваецца прававая пазіцыя ведамства і адзначаецца, наколькі для грамадзян Беларусі важная магчымасць атрымаць пашпарт у выпадках, калі ўзнікаюць складанасці з афармленнем нацыянальнага дакумента.
Яго аўтары нагадваюць, што пасля леташняга консульскага ўказа Лукашэнкі беларусы больш не могуць атрымаць пашпарт у дыппрадстаўніцтвах сваёй краіны — для гэтага трэба ехаць на радзіму. Аднак у гэтым выпадку яны могуць сутыкнуцца з рызыкай пераследу.
«У цяперашніх умовах беларусаў не варта заахвочваць ездзіць у сваю родную краіну для атрымання пашпартоў. На практыцы гэта азначае, што грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, не маюць магчымасці атрымаць дакумент, што дзейнічае як пашпарт», — гаворыцца ў палажэнні.
У міграцыйным ведамстве адзначаюць, што для атрымання віду на жыхарства ў Швецыі заяўніку неабходна мець пашпарт, аднак пэўныя катэгорыі замежнікаў могуць быць вызваленыя ад гэтага патрабавання. Калі ж чалавек не мае дакумента, што дзейнічае як пашпарт, і ў яго няма магчымасці яго атрымаць, шведская міграцыйная служба можа выдаць яму пашпарт замежніка.
Акрамя таго, у некаторых выпадках замежніку можа быць выдадзены ВНЖ нават пры адсутнасці пашпарта, калі немагчыма атрымаць гэты дакумент у разумныя тэрміны праз замежнае прадстаўніцтва сваёй краіны або на радзіме.
«У цяперашніх умовах можна меркаваць, што заяўнік з Беларусі, які знаходзіцца за мяжой, не зможа атрымаць пашпарт у разумныя тэрміны», — мяркуюць ва ўстанове.
Як піша тэлеграм-канал «Народныя амбасады», апублікаваны дакумент непасрэдна ўплывае на магчымасць беларусаў і беларусак падаваць дакументы на пашпарт замежніка ў Швецыі.
«Міграцыйнаму органу давядзецца выдаваць пашпарты замежнікаў або іншыя дакументы грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў Швецыі і не могуць атрымаць пашпарт праз абмежаванні», — робяць выснову аўтары.