Суд Бярозаўскага раёна асудзіў Сяргея Буваку на тры гады абмежавання волі са скіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Мужчыну судзілі па ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў у тэлеграм-чаце паведамленне пра Лукашэнку, якое суд палічыў абразлівым. Да суда ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.
Як паведаміла раённая газета, выязное судовае паседжанне прайшло на базе Бярозаўскага камбіната кааператыўнай прамысловасці, дзе і працуе бярозавец.
Сяргею Буваку 58 гадоў. Ён мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, працуе механікам у Бярозаўскім ККП.