Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Дарожнымі знакамі абазначацца не будуць». У ДАІ з'явіліся новыя сістэмы фіксацыі — парушальнікі атрымаюць «лісты шчасця»
  2. Вскоре подорожают некоторые жилищно-коммунальные услуги
  3. Для владельцев транспорта ввели очередное изменение — подробности
  4. Ситуация с курсом доллара в обменниках начала меняться
  5. Аздаравіў за мяжой сотні тысяч дзяцей, але сам памёр ад лейкеміі. Гісторыя чалавека, які ратаваў беларусаў ад наступстваў Чарнобыля
  6. Прадстаўнікі Ціханоўскай і Лукашэнкі перасекліся ў Ватыкане. Спыталі, пра што яны гаварылі
  7. «Надо рожать: трое, четверо, а лучше — пятеро». Лукашенко рассказал, что надо делать, чтобы в Беларусь не приглашали трудовых мигрантов
  8. Гандлёвыя сеткі б'юць трывогу праз недахоп папулярнага прадукту, а чыноўнікі чакаюць магчымага дэфіцыту
  9. Беларусы ацанілі спробу ўладаў прымусіць іх перастаць абмяркоўваць прыезд пакістанцаў. Атрымалася сумна і трапна
  10. Трамп: Может быть Путин «не хочет останавливать войну, он просто тянет меня за собой, и с ним нужно поступить по-другому»
  11. Россия планирует изменить тактику для нового наступления в Украине летом и осенью 2025 года — ISW
  12. «Велізарная супярэчнасць». Чаму Літва, Латвія і Польшча не маюць рацыі, адмаўляючыся запускаць у Беларусь пасажырскія цягнікі. Меркаванне
  13. Раман Пратасевіч, які не мог знайсці працу, усё ж знайшоў крыніцу заробку
  14. Власти хотят ввести новшества по пассажирским перевозкам
  15. Беларус попытался обменять в банке настоящие купюры, которые привез из-за границы отец, но везде отказали. Почему?
Читать по-русски


Як гэта — быць датычнай да чагосьці, што выкарыстоўваюць мільёны людзей кожны дзень? Альбо самастойна будаваць кар’еру за мяжой, жыць у адной з самых дарагіх краінаў Еўропы і працаваць у велізарнай кампаніі? Усё гэта — жыццё 37-гадовай Кацярыны Лысёнак. Беларуска шэсць гадоў таму ўладкавалася ў Google, дзе цяпер займае некалькі пасадаў: партнёр па ўнутраных талентах, стратэгічная менеджарка праграмы HR і карпаратыўны коўч. Пагутарылі з ёю пра эміграцыю, кар’ерны шлях, Беларусь і асабістыя мары.

Кацярына Лысёнак. Фота з архіва суразмоўніцы
Кацярына Лысёнак. Фота з архіва суразмоўніцы

«Стала фіналісткай стыпендыі сярод некалькіх тысяч»

Кацярына Лысёнак родам з Паставаў. Яе маці працавала бібліятэкаркай у школе (там жа вучылася сама гераіня), бацька быў электрыкам. Калі Кацярына вучылася ў 10 класе, здарылася падзея, якая моцна паўплывала на ўсё яе далейшае жыццё.

— Тады мне пашанцавала паўдзельнічаць у праграме FLEX, у выніку якой я паехала ў ЗША на цэлы навучальны год, — расказвае жанчына. — Калі правільна памятаю, быў проста вар’яцкі конкурс сярод некалькіх тысячаў удзельнікаў з усёй краіны. Тое, што я прайшла ўсе этапы і стала фіналісткай, на 100% заслуга маёй настаўніцы англійскай мовы. Паездка ў ЗША перавярнула свет з ног на галаву. Па-першае, я да таго не толькі ніколі не лётала самалётам, але і ўвогуле няшмат падарожнічала, толькі раз была ў Мінску і некалькі разоў у Магілёве, дзе наведвала сваю сям’ю. У Амерыцы я жыла ў некалькіх сем’ях невялікага гарадка Грынфілд, штат Індыяна, дзе хадзіла ў мясцовую школу. Па-другое, быў вялікі культурны шок. Мяне ўразіла абсталяванне школы: там быў планетарый, басейн, велізарныя спартыўныя пляцоўкі, біялабараторыя, танцавальная студыя і тэатральная сцэна для рэпетыцый. А таксама мая любоў — мастацкая і керамічная студыя, дзе я магла ляпіць з гліны.

Здзівіла і велізарная, «абсалютна дзікая» спартыўная культура, працягвае жанчына. Людзі, якія займаліся спортам, былі самымі любімымі, паважанымі і папулярнымі не толькі сярод вучняў, але і сярод настаўнікаў. Таксама тады яшчэ беларускую школьніцу ўразіла адсутнасуць грамадскага транспарту і масавая культура кіравання: за стырном сядзелі ўсе, пачынаючы з 15-гадовых падлеткаў. Асабліва дзіўна ўсё гэта выглядала ў параўнанні з беларускім мястэчкам, дзе жанчыны тады нават не кіравалі машынамі. І апошняя дэталь, што запомнілася дагэтуль: ні ў адной сям'і, дзе жыла Кацярына, не пілі гарбаты, нават не мелі чайнікаў дома.

Калі беларуска вярнулася дамоў, яе аднакласнікі ўаканчвалі школу. Таму давялося за пару месяцаў здаць усе экзамены, каб не застацца на другі год. Праз гэта моцна пацярпелі адзнакі. З ЦТ атрымалася таксама не так, як хацелася: вынікі былі «не вельмі», прызнаецца суразмоўніца.

— Я праходзіла толькі на платныя месцы (у вышэйшыя навучальныя ўстановы. — Заўв. рэд.), што было не па кішэні сям'і. Таму шукала іншыя варыянты. Літоўскі міжнародны ўніверсітэт LCC у Клайпедзе прапаноўваў выдатныя стыпендыяльныя магчымасці, і я вырашыла паспрабаваць, — успамінае Кацярына. — Конкурс быў вялікі, але мне пашанцавала трапіць у лік нешматлікіх шчасліўчыкаў. Я тады вельмі ўзрадавалася, бо прапанавалі шчодрую стыпендыю, якая пакрывала выдаткі на жыццё, навучанне і інтэрнат. І ўвогуле гэта была цудоўная магчымасць. Падпісала дакументы, паведаміла бацькам, спакавалася і села на прамы аўтобус з Паставаў у Вільнюс. Дагэтуль памятаю, як на вільнюскім аўтавакзале сустрэла дзяўчыну, што таксама ехала ў Клайпеду з вялікімі торбамі. Аказалася, што яна таксама паступала ва ўніверсітэт, але прыехала з Узбекістана. Гэта было ў 2004 годзе, уявіце сабе! І праз 20 гадоў мы ўсё яшчэ сябруем. Цяпер яна доктар навук і выкладае, здаецца, у Нью-Ёрку. Агулам тыя чатыры гады навучання, мабыць, былі найлепшымі ў маім жыцці.

Кацярына падчас паездкі ў ЗША. Фота з архіва суразмоўніцы
Кацярына падчас паездкі ў ЗША. Фота з архіва суразмоўніцы

На апошнім курсе ва ўніверсітэце падчас кар’ернай выставы Кацярына пазнаёмілася з супрацоўнікам кампаніі Euromonitor International, які прапанаваў ёй прайсці сумоўе. Дзяўчына пагадзілася — і прайшла. А той супрацоўнік у выніку стаў яе менеджарам.

— Гэта было самае ўдалае рашэнне ў маім жыцці! — дзеліцца суразмоўніца. — Каманда Euromonitor паставіла мне вельмі высокія стандарты ў плане калег, атмасферы ў калектыве і агульнай працоўнай этыкі. Дарэчы, там жа я пазнаёмілася з будучым мужам: мы сядзелі спіна да спіны ў офісе.

Праз паўтара года пасля таго як Кацярына скончыла ўніверсітэт, у Літве адбыліся пэўныя змены ў іміграцыйным заканадаўстве — каб атрымаць працоўную візу, дзяўчына мусіла паказаць тры поўныя гады досведу працы ў ЕС. Але стажу не хапала, лагічным рашэннем для беларускі стала вяртанне дамоў. Прыкладна год яна жыла ў Мінску і працавала ў Promwad, але надоўга там не затрымалася.

— Мы з мужам падтрымлівалі адносіны на адлегласці. І вырашылі, што хочам будаваць сваю будучыню разам, таму была моцная асабістая матывацыя вярнуцца ў Вільнюс, — успамінае яна. — Я ўдзельнічала ў стыпендыяльнай праграме OESS, стала фіналісткай сярод некалькіх тысяч, кіраўніцтва на працы падтрымала мяне. І я паступіла ва ўніверсітэт ISM у Вільнюсе, дзе атрымала першую магістарскую ступень па міжнародным маркетынгу і менеджменце. Гэта было вельмі актуальна, улічваючы, што я працавала ў кампаніі па даследаванні рынку.

Нягледзячы на доўгае жыццё за мяжой, Кацярына падкрэслівае: ні тады, ні потым яна не прымала рашэння менавіта з’ехаць з Беларусі і больш не вяртацца. Размова ішла хутчэй пра новае жыццё ўжо ў Вільнюсе, дзе былі калегі і сябры.

— Я часта ездзіла ў камандзіроўкі ў Беларусь. Было цяжка гэтак жа, як цяжка многім маладым выпускнікам: знайсці працу, арандаваць жыллё і кіраваць вельмі абмежаванымі фінансамі, быць цалкам незалежнай, вучыцца, хто ты ёсць у дарослым свеце. Літоўская мова была самым складаным момантам, асабліва падчас усіх юрыдычных і медыцынскіх зносін, — дзеліцца яна.

Цырымонія атрыманія дыпломаў у ISM, Вільнюс, 2014 год. Фота з архіва суразмоўніцы
Цырымонія атрыманія дыпломаў у ISM, Вільнюс. Фота з архіва суразмоўніцы

«Падзея, якая перавярнула жыццё»

У 2012 годзе мужу Кацярыны прапанавалі працу ў Google Ireland.

— Як толькі яму напісалі, ён проста паляцеў у Дублін з адной сумкай — нам было каля 25, таму пераезды былі простымі, — расказвае жанчына. — Я засталася давучвацца ў магістратуры, а потым падалася на вакансію ў той жа кампаніі. Мне прапанавалі працаваць з партнёрамі па манетызацыі на рынках краін Балтыі і СНД, я пагадзілася — і ў 2013 годзе таксама пераехала ў Ірландыю. Тады я мала разумела ў лічбавай рэкламе, манетызацыі, праграмнай рэкламе, таксама ніколі не марыла працаваць у Google. Думаю, тады не зразумела сапраўднага сэнсу гэтай падзеі, якая сапраўды перавярнула жыццё. Азіраючыся назад, разумею, як шмат памянялася: я змяніла індустрыю, функцыю, набыла навыкі і знаёмствы, якія дапамаглі выйсці на новы ўзровень. Дарэчы, месца для жыцця спецыяльна мы не абіралі і не абмяркоўвалі: прапанова працы ад Google стала вырашальным фактарам.

Пасля некалькіх гадоў у карпарацыі пара вырашыла, што хоча крыху прыгодаў, і пераехала на некалькі гадоў у Новую Зеландыю. Муж Кацярыны атрымаў там працу, яны спакавалі ўсе рэчы ў сем скрыняў і паехалі. Праўда, праз два гады зразумелі, што не бачаць там сваёй будучыні і што час вяртацца ў Еўропу, каб быць бліжэй да родных. Тады Кацярына адгукалася на вакансіі розных кампаній. Быў сярод іх і Google, дзе пара працавала раней.

— І калі там мне прапанавалі працу і поўны рэлакацыйны пакет, цяжка было адмовіцца, — пасміхаецца Кацярына. — Працэс найму вельмі празрысты, Google выкарыстоўвае структураваныя інтэрв'ю (то-бок аднолькавыя метады ацэнкі кандыдатаў на адну і тую ж пасаду). Абодва разы я прайшла такі працэс. На самім сумоўі часта пытаюць, якая самая карысная праца ў цябе была дагэтуль і чаму, якія веды з мінулых месцаў зрабілі тваё жыццё прасцейшым, большасць тваіх дасягненняў — гэта вынік індывідуальных намаганняў або каманднай працы, просяць апісаць найлепшую каманду, з якой ты працавала, і гэтак далей. Пол і пашпарт не маюць значэння для маёй здольнасці выконваць сваю працу, таму ўсяго звязанага з імі на сумоўі няма.

Праца Кацярыны выглядае па-рознаму. Фота з архіва суразмоўніцы
Праца Кацярыны выглядае па-рознаму. Фота з архіва суразмоўніцы

Кацярына вярнулася ў Google ў 2017 годзе і пачала працаваць як партнёрка агенцтва Big 6 у Вялікабрытаніі і Ірландыі. З асабістым развіццём мяняліся і пасады: беларуска была кіраўніцай аддзела кадраў, партнёркай па ўнутраных талентах, стратэгічнай менеджаркай праграмы HR, кансультанткай па развіцці каманды і карпаратыўным коўчам Google.

— Атмасфера ў камандах заўсёды была неверагодная. Мне пашанцавала працаваць з разумнымі, амбіцыйнымі і мэтаскіраванымі людзьмі, якія заўсёды гатовыя падтрымаць. Думаю, гэта заслуга агульнай культуры кампаніі, — кажа яна. — Магу пацвердзіць, што Google сапраўды шукае супрацоўнікаў з запалам і памкненнямі, і менавіта тут я пазнаёмілася з неверагоднымі калегамі з усяго свету, у тым ліку з Беларусі. Мы разам працуем, адпачываем, займаемся дабрачыннасцю і проста весела бавім час.

У кампаніі вялікая ўвага надаецца культуры кіравання і адукацыі супрацоўнікаў, працягвае Кацярына. Напрыклад, Google прапануе мноства магчымасцяў для навучання: аплачвае курсы і семінары, падтрымлівае атрыманне навуковых ступеняў (ужо ў Ірландыі Кацярына атрымала магістарскую ступень па коўчынгу, а цяпер працуе над дысертацыяй), праводзіць трэнінгі па фінансавай пісьменнасці, заахвочвае жаданне вучыцца кіраваць камандай і не толькі.

— Агулам у нас не проста офіс, а цэлы свет магчымасцяў! — працягвае яна. — Тут прадумана ўсё да дробязяў, каб усё адчувалі сябе камфортна і натхнёна. У нашых офісах ёсць усё: ад зон адпачынку і гульнявых пакояў да кавярняў і рэстаранаў з разнастайным меню. Дзякуючы апошняму я, напрыклад, змагла наладзіць сваё харчаванне. Акрамя таго, у нас ёсць шырокі спектр дадатковых бонусаў: медыцынскае страхаванне, спартыўныя залы, заняткі ёгай, гнуткі графік, магчымасць працаваць дыстанцыйна і іншае.

«Усё яшчэ маю сіндром самазванца»

Разважаючы пра сваю кар’еру, Кацярына адзначае: калі ацэньваць яе паспяховасць паводле стандартным крытэраў, кшталту высокай пасады і вялікіх зарбкаў, то яна «ўсяго толькі праграмны менеджар» у глабальнай карпарацыі. Але калі паглядзець з іншага ракурсу, сітуацыія аказваецца зусім іншай.

— Я гляджу на сваё ўласнае азначэнне поспеху і на свой шлях, на розныя цяжкасці і перашкоды, якія мне давялося пераадолець, каб апынуцца на гэтым месцы, і бачу поспех, — упэўненая яна. — Я з маленькага беларускага горада, з сям'і з невысокім дастаткам. Прайшла праз эміграцыю, атрыманне візаў, самастойна забяспечвала сябе падчас навучання ў бакалаўрыяце і магістратуры, вельмі рана пачала падтрымліваць сваю сям’ю. Больш за тое, паспрабавала розныя кар’ерныя шляхі: была ў продажах, у маркетынгавых даследаваннях, працавала ў партнёрствах, падарожнічала па свеце, перайшла з продажаў у HR. Таму хаця я не паднялася вертыкальна ў карпаратыўным асяроддзі, я сапраўды атрымлівала асалоду ад гарызантальнага даследавання. Для мяне гэта, безумоўна, поспех. Што да самога месца працы, думаю, я прывыкла да маштабу. З гэтым звязаная самая вялікая прафесійная дэфармацыя — заўсёды думаць пра маштаб і пра тое, як маштабаваць працэсы.

Кацярына падчас выкладання ў ISM, Вільнюс, 2021 год. Фота з архіва суразмоўніцы
Кацярына падчас выкладання ў ISM, Вільнюс, 2021 год. Фота з архіва суразмоўніцы

Не абышлося на гэтым шляху і без сіндрому самазванца. Суразмоўніца прызнаецца: яна мела яго многія гады і мае дагэтуль.

— Як я з гэтым спраўлялася? Гэта падарожжа, якое ўключала працу з тэрапеўтам, чытанне літаратуры, навучанне іншых, — лічыць яна. — Сіндром самазванца — гэта ж не хвароба, якую можна вылечыць. Гэта псіхалагічная з’ява, перакананне, пры якім чалавек не можа прызнаць уласны поспех. Вядома, гэта шмат у чым залежыць ад дзяцінства, ад таго, як мы выхоўваліся, ад нашай школьнай адукацыі, сямейнай дынамікі, нашага ўласнага азначэння поспеху і таго, што такое экспертыза. Апошнія сем гадоў я працую коўчам і заглыбляюся ў тэорыю, псіхалогію, сапраўды разумеючы механіку гэтага феномену і ў той жа час развіваючы сваю ўласную самасвядомасць. Гэта дапамагло мне радыкальна змяніць жыццё, дзе я ўсё яшчэ адчуваю сіндром самазванца, але не дазваляю яму абмяжоўваць мяне, мой выбар і мае паводзіны занадта моцна.

«Вельмі прыязная і камфортная краіна для жыцця»

За час жыцця ў Ірландыі Кацярына пачала адчуваць задавальненне гэтай краінай. Пасля ад’езду з Беларусі яна змяніла не адно месца, і кожны пераезд быў складаным, нягледзячы на папярэдні досвед.

— Эміграцыя — гэта заўсёды выклік. Цыкл адаптацыі звычайна гэта займае каля двух гадоў, і самыя цяжкія месяцы — з 9-га да 18-га. Але важна памятаць, што з часам усё наладжваецца. У Ірландыі я прайшла праз усе гэтыя этапы, і цяпер магу сказаць, што мы адчуваем сябе камфортна і шчасліва, — кажа беларуска. — Вядома, мой досвед не ахоплівае ўсіх аспектаў, але магу з упэўненасцю сказаць, што гэта вельмі камфортная краіна для жыцця. Па-першае, людзі — яны вельмі прыязныя і адкрытыя. За амаль 10 гадоў тут я ні разу не сутыкнулася з негатывам у свой адрас. Мне здаецца, гэта звязана з гісторыяй краіны, дзе амаль кожная сям’я мае досвед эміграцыі. Стаўленне не змянілася і пасля лютага 2022-га, але тут варта дадаць, што нашыя рэгіянальныя падзеі і навіны — для мясцовых толькі аднадзённыя загалоўкі ў газетах.

Апісваючы ірландцаў, суразмоўніца адзначае: вядома, мы адрозніваемся, але падкрэслівае, што асцярожна ставіцца да абагульненняў цэлых нацый на аснове толькі асабістага досведу.

— Думаю, самая вялікая розніца паміж намі — гэта гісторыя, якая ўплывае на многія аспекты жыцця. Ірландыя — глыбока рэлігійная і каталіцкая краіна з моцнымі сямейнымі каштоўнасцямі, каталіцкай школьнай сістэмай, з гісторыяй грамадскіх хваляванняў у 1970-х гадах. Тут вельмі развітая культура прыватнага і малога бізнесу, а таксама існуе моцнае лобі арандадаўцаў. І нельга забываць, што Ірландыя — гэта востраў, які толькі нядаўна адкрыўся для кантынентальнай Еўропы, — апісвае яна.

Таксама можна вылучыць адрозненні ў медыцынскім падыходзе, дадае Кацярына. Так, у Ірландыі пераважае прыватная медыцына з акцэнтам на экстранную дапамогу. Розніцу можна заўважыць і ў камунікацыі: з досведу жанчыны, ірландцы, як правіла, больш уніклівыя і дыпламатычныя, заўсёды імкнуцца быць ветлівымі і карэктнымі.

— Па-другое, — працягвае суразмоўніца пералічваць плюсы краіны, — тут вельмі камфортна жыць і працаваць. У нашай вялікай тэхналагічнай кампаніі ўсё прадумана да дробязяў: медыцынскі цэнтр, банк, спортзала — усё ў адным месцы. Дзякуючы гэтаму я хутка знайшла сяброў, з якімі падтрымліваю блізкія адносіны ўжо дзесяць гадоў. Таксама мая англійская мова стала вялікім плюсам, палегчыла адаптацыю і дазволіла хутка разабрацца з адміністрацыйнымі пытаннямі.

Кацярына падчас вандроўкі па Ірландыі, 2013 год. Фота з архіва суразмоўніцы
Кацярына падчас вандроўкі па Ірландыі, 2013 год. Фота з архіва суразмоўніцы

Кошт жыцця ў Дубліне, адзначае беларуска, сапраўды высокі, асабліва калі параўноўваць з іншымі еўрапейскімі гарадамі. Найбольш востра стаіць пытанне арэнды жылля, якая можа «з'есці» значную частку заробку.

— Калі казаць пра камфортны ўзровень жыцця, то тут усё вельмі індывідуальна. Для аднаго чалавека, калі няма асаблівых патрабаванняў, можа быць дастаткова 50 000 еўра ў год да выплаты падаткаў (падаходны падатак у Ірландыі складаецца з дзвюх частак: 20%, калі ваш даход меншы за пэўную суму, што залежыць ад статусу, і 40% з сумы, якая перавышае папярэднюю. — Заўв. рэд.) Але калі ў вас ёсць сям’я, асабліва з маленькімі дзецьмі, выдаткі значна ўзрастаюць. У такім выпадку камфортным можна лічыць заробак каля 90 000 — 100 000 еўра ў год, зыходзячы з разлікаў неабходных выдаткаў. Але тут я арыентуюся на статыстыку, канкрэтныя выдаткі кожнай сям'і ці чалавека могуць істотна адрознівацца ў залежнасці ад ладу жыцця, звычак і патрэбаў.

«Тое, што я фізічна не знаходжуся ў Беларусі, ніколі не было перашкодай для супрацоўніцтва з беларускімі праектамі»

Хаця Кацярына Лысёнак шмат часу жыве не ў Беларусі, яна ўпэўненая: ад’езд не азначае неабходнасці разрываць сувязі з домам, гэта не білет у адзін бок. Напрыклад, можна вучыцца за мяжой і вярнуцца ў Беларусь, каб выкарыстаць гэтыя веды на карысць радзімы, альбо набрацца досведу у іншых краінах, як гэта робяць многія еўрапейцы, і потым вярнуцца дадому з новымі ідэямі і практыкамі.

Цяпер акрамя працы Кацярына выкладае ва ўніверсітэце ISM у Вільнюсе, піша дысертацыю пра развіццё лідарства сярод жанчын ва Усходняй Еўропе, каб атрымаць навуковую ступень PhD, мае прыватную коўчынгавую практыку.

— Я суперактыўны чалавек з кучай ідэй. Такой была і ў школе, і ва ўніверсітэце, і ў дарослым жыцці, — кажа Кацярына. — Знаходжу магчымасці ўдзельнічаць у мясцовых супольнасцях, займацца валанцёрствам. Хоць я абмежаваная ў часе і не бяру шмат кліентаў, стараюся праводзіць коўчынгавыя сесіі кожную суботу, а ў пятніцу рыхтуюся да лекцый, — апісвае беларуска свой графік. — Выкладанне — гэта вялікая і важная частка майго жыцця. Я таксама навуковая кіраўніца магістрантаў ва ўніверсітэце, падтрымліваю шэраг беларускіх адукацыйных праектаў. Напрыклад, найбліжэйшым часам лячу ў Варшаву на форум будучых лідараў. Таксама супрацоўнічаю з адукацыйнымі платформамі, ствараю кантэнт для Dev.by і падтрымліваю ментарскую праграму Women in Tech для беларускіх жанчын, якія хочуць развівацца ў ІТ.

А вось у вольны час люблю гуляць са сваім сабакам, гатаваць, маляваць, заліпаць у редыт (Reddit, папулярная сацсетка і форум у адным. — Заўв. рэд.) і Нэтфлікс. Некалькі гадоў вучылася ў мастацкім каледжы ў Дубліне, таму, калі знаходжу час, раблю каляровыя эскізы. Таксама стараюся займацца спортам, хаця б пілатэсам, і рабіць 10 000 крокаў за дзень. Вельмі люблю павольныя сняданкі з мужам за кубачкам кавы — гэта тое, чаго я нецярпліва чакаю кожны дзень. І, вядома, нішто не параўнаецца з тым, каб прыгатаваць смачную вячэру і запрасіць сяброў на размовы і напоі. Раней я шмат падарожнічала, але, здаецца, стамілася ад аэрапортаў і турыстычнай мітусні. Цяпер уважлівей стаўлюся да таго, як часта і куды езжу.

Кацярына падчас працы над праэктам у Беларусі, 2017 год. Фота з архіва суразмоўніцы
Кацярына падчас працы над праэктам у Беларусі, 2017 год. Фота з архіва суразмоўніцы

Планаў у беларускі таксама шмат. Напрыклад, рэалізаваць уласны стартап. Але гэта можа заняць некалькі гадоў, дадае яна. Ёсць і мара: напісаць некалькі кніг, як навукова-папулярных, так і мастацкіх. А таксама палепшыць сваю беларускую мову — для гэтага ўжо два гады Кацярына штотыдзень займаецца з выкладчыцай.

— Я таксама мару пераехаць у іншае месца. Мае думкі блукаюць паміж Лонданам, Вільнюсам, Берлінам і Амстэрдамам, але, відаць, канчатковы выбар будзе залежаць ад працоўных магчымасцяў, — разважае яна. — Мару знайсці баланс паміж цікавымі рэчамі, якія я люблю. Бо мне падабаецца працаваць у бізнесе, аднак вельмі хачу прысвяціць частку жыцця навуцы, мець сваю прыватную коўчынгавую практыку і ўласныя праекты. Як я ўжо казала, мая праблема ў тым, што жыццё занадта кароткае, а ў свеце занадта шмат цікавых ідэй. Таму вучуся засяроджвацца на сапраўды важным.

Шмат актыўнасцяў і планаў суразмоўніцы звязаныя з Беларуссю, і яна падкрэслівае, што ніколі не думала разрываць гэтую сувязь. Але і не шкадавала пра сваё жыццё за мяжой.

— Калі ставіць пытанне «Ці хачу я вярнуцца?» — вядома, я б хацела ў будучыні мець магчымасць жыць і працаваць ў Беларусі. Я б з задавальненнем падарожнічала на кемперы, як рабіла ў Шатландыі і Новай Зеландыі. Мне б вельмі хацелася стаць часткай новых магчымасцяў, якія з’яўляюцца на рынках, што развіваюцца. Я не разумею гэтага мыслення «альбо — альбо»: альбо ты ў Беларусі, альбо за мяжой, і гэтыя два светы ніяк не перасякаюцца, — лічыць суразмоўніца. — Таму я заўсёды была ўцягнутая ў беларускія праекты, асабліва ў сферы адукацыі. І тое, што я фізічна не знаходжуся там, ніколі не было для мяне вялікай перашкодай. Апошні раз я была дома да пандэміі, каля чатырох гадоў таму. Гэта самы доўгі перыяд, які я не наведвала Беларусь. Вядома, я сумую па сям'і і хацела б бачыцца з імі часцей. Але ці шкадую я, што з’ехала? Не. Я шкадую толькі пра тое, што цяпер складаней з візамі і падарожжамі. Сумна, што, нават знаходзячыся ў Вільнюсе, я не магу проста так заехаць у Паставы па яблыкі ці чарніцы. Але гэта не значыць, што шкадую пра сам пераезд.

 

«Люстэрка» рэгулярна публікуе інтэрв'ю з заўважнымі беларусамі і беларускамі. Наша мэта — паказаць жывога чалавека са сваёй гісторыяй і пазіцыяй.

Калі вы лічыце важным захаванне прафесійнай і якаснай журналістыкі для беларусаў і пра Беларусь — станьце патронам нашага праекта. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

 



Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.