Грамадзянка Беларусі не змагла вярнуцца ў Грузію з Турцыі, куды ненадоўга выязджала для так званага візарану — абнулення тэрміну бесперапыннага знаходжання ў гэтай каўказскай краіне. Грузінскія памежнікі адмовілі ёй ва ўездзе, паведаміў «Позірку» праваабаронца, намеснік старшыні некамерцыйнай арганізацыі «Беларуская дыяспара Аджарыі» Раман Кісляк.
Паводле яго, жанчына (яе імя не называецца з меркаванняў бяспекі) жыла ў Грузіі з лета 2023 года, брала ўдзел у дзейнасці беларускай дыяспары.
«[Падчас вяртання з Турцыі] памежнікі сказалі: „Вы не можаце знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі, вяртайцеся ў Беларусь“. Але дзяўчына баіцца на радзіме пераследу. І гэтая рызыка сапраўды сур’ёзная», — адзначыў Кісляк.
Беларуска зрабіла яшчэ адну спробу вярнуцца ў Грузію, папрасіўшы на мяжы прытулку, аднак, кажа праваабаронца, ёй зноў адмовілі.
«Памежнікі заявілі, што яна не мае права прасіць прытулку. Чацвёра супрацоўнікаў вывелі яе на тэрыторыю Турцыі», — дадаў ён.
Паводле інфармацыі Кісляка, беларусцы паведамілі: яе не могуць упусціць у Грузію, бо яна «саджае кветкі». Суразмоўца «Позірку» пацвердзіў, што жанчына «сапраўды ў Батумі ўпрыгожвае свой двор малюнкамі і кветкамі», але выказаў здзіўленне такім тлумачэннем.
Пры гэтым дакументальна ва ўездзе ёй адмовілі з фармулёўкай «іншыя прычыны».
Паводле звестак Кісляка, з восені мінулага года гэта першы выпадак, калі грамадзян Беларусі не пускаюць у Грузію.
«Лічу, тут груба парушаная Канвенцыя пра статус бежанца. Мы арганізуем заўтра пікет з патрабаваннем да дэпартамента міграцыі МУС і ўрада Грузіі вярнуцца ў прававое поле. Мусіць быць забяспечаная магчымасць уваходжання ў працэдуру ўсім, хто просіць прытулку», — падкрэсліў праваабаронца.
У пікеце акрамя яго будзе ўдзельнічаць спартоўка, чэмпіёнка свету па тайскім боксе і палітэмігрантка Марына Зялёная. Раней і ён, і яна звярнуліся да ўладаў Грузіі з хадайніцтвам наконт прытулку.
Кісляк заклікае далучыцца да акцыі актывістаў беларускай дыяспары. Акрамя гэтага, ён збіраецца апратэставаць такія дзеянні памежнікаў у дэпартаменце міграцыі, а таксама звярнуцца да грузінскіх праваабаронцаў.
На думку Кісляка, адмова пусціць беларуску ў Грузію можа быць звязаная з прыняццем у гэтай краіне закона «Пра празрыстасць замежнага ўплыву» і масавымі пратэстамі, якія доўжацца ўжо паўтара месяца.
У красавіку 2023 года грузінскія памежнікі не пусцілі ў краіну актывіста «Беларускай дыяспары Аджарыі» Яўгена Гацака. Ён быў вымушаны з сям’ёй з’ехаць у Польшчу.
У СМІ паведамлялася і пра іншыя падобныя выпадкі, хоць іх колькасць у цэлым невялікая.
Грузія стала адной з краін, куды выязджаюць беларусы, што ратуюцца ад рэпрэсій. Там можна знаходзіцца 364 дня на год, віза не патрэбная. Паводле звестак Нацыянальнай адміністрацыі турызму, у студзені — сакавіку 2024 года Грузію наведалі 17 236 грамадзян Беларусі — на 6,3% менш, чым у першым квартале 2023-га (18 400).
У пачатку 2024 года паведамлялася, што за мінулы год колькасць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, зменшылася на 1999, або на 15% (на 1 студзеня 2023-га ў Грузіі жыў 13 361 беларускі грамадзянін).
У першым квартале 2024 года дзевяць грамадзян Беларусі папрасілі ў Грузіі прытулку.