Беларус Дзяніс Бярнацкі стаў пераможцам падатковай латарэі ў Гданьску. Яму дастаўся гібрыдны аўтамабіль Toyota Yaris 2024 года выпуску. Вестку пра прыз беларус атрымаў у дзень нараджэння дачкі, піша MOST.
Некаторыя гарады Польшчы праводзяць латарэі PIT. У розыгрышах маюць права ўдзельнічаць платнікі падаходнага падатку (PIT), зарэгістраваныя ў канкрэтным горадзе. Так гарадскія ўлады стымулююць грамадзян Польшчы і замежнікаў плаціць там падаткі.
Дзяніс з жонкай Юліяй і дзецьмі пераехалі ў Гданьск два гады таму з Мінска. Дзяніс дыстанцыйна працуе праграмістам у амерыканскай кампаніі, Юлія — таксама спецыялістка IT-сферы.
У сябе ў сторыс у Instagram Дзяніс напісаў, што даведаўся пра латарэю з рэкламы — такія віселі ўсюды. Мужчына зацікавіўся, прачытаў рэгламент і пераканаўся, што замежнікі таксама могуць удзельнічаць у розыгрышы. Мужчына зарэгістраваў і сябе, і жонку (яны падалі сумесную падатковую дэкларацыю за 2023 год).
На новай машыне — у новы дом
Пра перамогу беларус даведаўся ў дзень нараджэння дачкі — ёй споўнілася два гады. Дзяніс прызнаецца, што калі патэлефанавала «тая пані», не адразу зразумеў, пра што гаворка: польскую ён яшчэ засвоіў недасканала. А зразумеўшы, што тая кажа пра латарэю PIT, вырашыў зайсці на сайт і на ўсялякі выпадак праверыць. Так ён пераканаўся, што сапраўды выйграў Toyota.
Акрамя таго, гарадскія ўлады кампенсавалі пакет аўтастрахавання, а таксама выдаткі на рэгістрацыю аўтамабіля і выплату падатку на перамогу. Аўтамабіль каштуе амаль 106 тыс. злотых (каля 26 тысяч даляраў).
Дзяніс расказаў, што першым месцам, куды ён выправіцца на новым аўтамабілі, будзе Баяна — прыгарад Гдыні, дзе сям’я купіла дом і цяпер будзе яго ўладкоўваць.
Зайздроснікаў адзінкі
Пасля абвяшчэння пераможцы ў сеціве пачалі з’яўляцца не толькі віншаванні, але і няўхвальныя каментары: некаторыя незадаволеныя, што прыз ад горада атрымаў замежнік. Аднак Дзяніс лічыць, што гэта адзінкавыя зайздроснікі, якія ёсць у любым грамадстве, і ў агульнай масе іх доля вельмі невялікая.
Усяго ў латарэі PIT у Гданьску сёлета ўзяло ўдзел 25 тысяч чалавек. Акрамя галоўнага прыза горад разыграў таксама 15 турыстычных ровараў Indiana X-Road 3.0.