Былога вядоўцу АНТ Івана Падрэза прызналі «экстрэмістам», а пасля канфіскавалі ягоную кватэру і выкінулі на вуліцу яго 78-гадовую маці. Пра гэта ён расказаў у Instagram.
«Не хацеў казаць, пакуль ішоў суд, але цяпер прыйшоў час. У Беларусі, дзе ў мяне была кватэра, я цяпер „экстрэміст“. Кватэра, якой я афіцыйна валодаў, цяпер канфіскаваная. Маю 78-гадовую маму выкінулі з яе. Яна прабыла тры тыдні ў бальніцах, а потым у сяброўкі, — напісаў ён. — Гэта пекла. Гэта па-за ўсялякай мараллю. Выкінуць 78-гадовую жанчыну з дому. Як вы ўсё гэта церпіце?»
Іван Падрэз — былы вядоўца тэлеканала АНТ, удзельнік гульні «Што? Дзе? Калі?», цяпер — блогер.
З беларускім тэлебачаннем ён развітаўся ў 2018 годзе, пасля выбараў 2020 года быў вымушаны пакінуць Беларусь, пераехаў з сям’ёй ва Украіну, а пасля пачатку вайны — у Польшчу.
Балатаваўся ў Каардынацыйную раду сёлета.