Дрон-камікадзэ тыпу «Шахед», які зайшоў у Беларусь у раёне 08.40 16 ліпеня курсам на Нароўлю, цяпер ужо, як мяркуецца, даляцеў да Магілёва, піша праект маніторынгу вайсковай актыўнасці «Беларускі Гаюн».
Яму наперахват у 09.15 з аэрадрома Баранавічы быў узняты знішчальнік Су-30 ВПС Беларусі, а з аэрадрома Мачулішчы ў 09.10 — верталёт Мі-24 ВПС Беларусі.
Паводле звестак «Беларускага Гаюна», маршрут «Шахеда» наступны: заход у Беларусь у раёне трасы Р37 (вёска Аляксандраўка), далейшы рух на горад Нароўля, далей БПЛА зайшоў у Магілёўскую вобласць і рухаўся на Бабруйск, Быхаў, Беразіно і далей на Магілёў. На цяперашні момант, паводле звестак праекта, БПЛА ўжо праляцеў над Беларуссю больш за 300 км.
У прэс-службе Паветраных сіл Украіны паведамілі, што з вечара 15 ліпеня і цягам дня 16 ліпеня сіламі ўкраінскай супрацьпаветранай абароны «знішчаныя два ўдарныя БПЛА тыпу „Шахед“, яшчэ два „Шахеды“ лакацыйна згубленыя ў паветранай прасторы Беларусі».
«Адзначым, што гэта ўжо чацвёрты дрон-камікадзэ, які ўвайшоў у паветраную прастору Беларусі пачынаючы з 11 ліпеня, і другі толькі за сённяшні дзень», — піша «Беларускі Гаюн».