Украінскія вайскоўцы паведамілі, што на часова акупаваную тэрыторыю Херсонскай вобласці для папаўнення стратаў і ўмацавання падраздзяленняў на лініі сутыкнення прыбыло да 2000 чалавек з ліку расійскіх мабілізаваных. У Мінабароны РФ заявілі, што высокадакладным ударам знішчылі ангар з ваеннай тэхнікай замежнай вытворчасці. Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны лічаць, што наступ з тэрыторыі Беларусі ў найбліжэйшыя месяцы малаверагодны. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў супрацьлеглых бакоў і высноваў экспертаў на 240-ы дзень вайны.
Генштаб УСУ: адбітыя атакі расійскіх войскаў і распараджэнне акупацыйных уладаў аб эвакуацыі з Херсона
«Праціўнік спрабуе ўтрымаць часова акупаваныя тэрыторыі, сканцэнтраваўшы намаганні на падаўленні дзеянняў УСУ на асобных напрамках. Пры гэтым не пакідае спробаў правядзення наступальных дзеянняў на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках», — паведамілі ў Генштабе УСУ.
Украінская авіяцыя за суткі нанесла 5 удараў, пашкоджаныя 3 апорныя пункты і раёны канцэнтрацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама 2 пазіцыі зенітных ракетных комплексаў праціўніка. СПА збіла 15 БПЛА. Ракетныя войскі і артылерыя пашкодзілі 4 пункты кіравання, 7 раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, склад боепрыпасаў, сродак СПА, мост і пантонную пераправу праціўніка.
На Валынскім, Палескім і Северскім напрамках абстаноўка без істотных змен. На іншых напрамках вораг абстраляў:
- на Слабажанскім напрамку — з танкаў, мінамётаў і ствольнай артылерыі ў раёнах населеных пунктаў Старыца, Краснае і Хатняе;
- на Купянскім і Ліманскім напрамках — са ствольнай і рэактыўнай артылерыі ў раёнах населеных пунктаў Бераставое, Зарэчнае, Новае, Першатраўневае, Стальмахоўка, Церны і Ямполаўка;
- на Бахмуцкім напрамку — з танкаў і артылерыі ў раёнах населеных пунктаў Андрэеўка, Бахмут, Бахмуцкае, Белагораўка, Зеленаполле, Спорнае, Іванград і Якаўлеўка;
- на Аўдзееўскім напрамку — з танкаў, мінамётаў, ствольнай і рэактыўнай артылерыі ў раёнах населеных пунктаў Вадзяное, Мар'інка, Новаміхайлаўка, Першамайскае і Сямёнаўка.
- на Навапаўлаўскім і Запарожскім напрамках — у раёнах Урэменкі, Вуглядара, Даражнянкі, Няскучнага, Наваданілаўкі і Стэпнай.
- на Паўднёвабужскім напрамку агнявому паражэнню падвергліся раёны да 20 населеных пунктаў уздоўж лініі сутыкнення.
УСУ адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці, Вопытнае, Бахмут, Перамога і Мар'інка Данецкай вобласці.
Паводле дадзеных Генштаба ВСУ, за мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 3 ракетныя і 24 авіяўдары. Яны выкарыстоўвалі крылатыя і зенітныя кіраваныя ракеты, а таксама 20 БПЛА Shahed-136.
«Паводле наяўнай інфармацыі, на часова акупаваную тэрыторыю Херсонскай вобласці для папаўнення стратаў і ўмацавання падраздзяленняў на лініі сутыкнення прыбыло да 2000 чалавек з ліку расійскіх мабілізаваных. Пры гэтым акупацыйныя ўлады выдалі распараджэнне аб падрыхтоўцы эвакуацыі для так званых банкаўскіх установаў, падрыхтаваныя спісы эвакуацыі завезеных расійскіх медработнікаў і настаўнікаў. Аб’екты гуманітарнай сферы ў Херсоне спыняюць працу», — падсумавалі ў Генштабе УСУ.

Мінабароны РФ: знішчаны ангар з ваеннай тэхнікай замежнай вытворчасці і сарваныя спробы наступаў УСУ
«На Чырвона-Ліманскім напрамку расійскімі войскамі сарваная чарговая спроба УСУ сіламі да дзвюх мотапяхотных ротаў фарсіраваць раку Жарабец. Масіраваным агнём расійскай артылерыі падраздзяленні УСУ былі спыненыя і адкінутыя. На Мікалаеўска-Крыварожскім напрамку таксама былі сарваныя дзве спробы наступу падраздзяленняў УСУ сіламі ротных тактычных груп. Акрамя таго, папярэджаныя спробы пранікнення ў цёмны час сутак у тылавыя раёны да дваццаці дыверсійна-разведвальных груп УСУ», — паведамілі ў Мінабароны РФ.
Удары расійскай арміі па тэрыторыі Украіны за суткі:
- аператыўна-тактычная і ваенная авіяцыі, ракетныя войскі і артылерыя пашкодзілі тры пункты кіравання УСУ, а таксама 69 артылерыйскіх падраздзяленняў на агнявых пазіцыях, жывую сілу і ваенную тэхніку ў 167 раёнах. Акрамя таго, пашкоджаныя падраздзяленні УСУ і замежных наймітаў у васьмі пунктах часовай дыслакацыі. У раёнах населеных пунктаў Украінка Херсонскай вобласці і горада Запарожжа знішчаныя два склады боепрыпасаў і ракетна-артылерыйскага ўзбраення УСУ. У раёне населенага пункта Новагрыгораўка Мікалаеўскай вобласці знішчанае сховішча паліва для ўкраінскай ваеннай тэхнікі;
- сродкі супрацьпаветранай абароны знішчылі шэсць украінскіх беспілотных лётных апаратаў, збілі ў паветры 33 снарады амерыканскай рэактыўнай сістэмы залпавага агню HIMARS і дзве супрацьрадыёлакацыйныя ракеты HARM.
Таксама ў расійскім ваенным ведамстве паведамілі пра высокадакладны ўдар ВКС Расіі ў раёне населенага пункта Новая Каменка Херсонскай вобласці, у выніку якога быў знішчаны ангар з ваеннай тэхнікай замежнай вытворчасці.
Брытанская разведка: «Расійска-беларуская групоўка войск наўрад ці адпавядае заяўленай колькасці»
14 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў склад новай расійска-беларускай групоўкі войскаў увойдуць 70 тысяч беларускіх вайскоўцаў і да 15 тысяч расіян. 15 кастрычніка беларускія ўлады апублікавалі відэа, якое дэманструе нібыта прыбыццё расійскіх войскаў у Беларусь.
Ваенная разведка Вялікабрытаніі лічыць, што Расія наўрад ці зможа сфармаваць баяздольныя адзінкі заяўленай колькасці: яе сілы сканцэнтраваныя ва Украіне. А беларускія Узброеныя сілы, хутчэй за ўсё, маюць мінімальныя магчымасці для правядзення складаных аперацый.
Заява, імаверна, з’яўляецца спробай прадэманстраваць расійска-беларускую салідарнасць і пераканаць Украіну адцягнуць сілы для аховы паўночнай мяжы.
Інстытут па вывучэнні вайны: малаверагодны наступ з тэрыторыі Беларусі і падрыхтоўка РФ да нападу на Кахоўскую ГЭС
«Наступ з Беларусі ў найбліжэйшыя месяцы малаверагодны з прычыны таго, што расійскія сілы не маюць магчымасці нават перакрыць украінскія шляхі забеспячэння з захаду з дапамогай наземнага наступу», — лічаць эксперты амерыканскага інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
Ключавыя высновы ISW:
- Расія, імаверна, працягвае рыхтавацца да нападу на Кахоўскую ГЭС і пасля хоча абвінаваціць у гэтым Украіну;
- расійскія сілы, імаверна, ствараюць умовы для вываду вайскоўцаў з заходняга берага Дняпра ў чаканні немінучага наступу Украіны;
- Іран аказвае ваенную падтрымку расійскім сілам ва Украіне, нягледзячы на новыя міжнародныя санкцыі, імаверна, у асноўным таму, што іранскія лідары лічаць, што ім патрэбная дапамога Масквы, каб разбурыць глабальны парадак, які ўзначальвае ЗША;
- расійскія сілы працягвалі праводзіць наземныя аперацыі ў Данецкай вобласці, але расійскія крыніцы абверглі іх уласныя заявы пра кантроль над Бахмутам. Расійскія войскі, імаверна, працягваюць фальсіфікаваць заявы пра наступ у раёне Бахмута, каб паказаць свае поспехі як мінімум у адным сектары на фоне далейшых стратаў на паўночным усходзе і поўдні Украіны.

Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць дадзеных афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні варожых бакоў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.